Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: расейскі мэмарандум Украіна не ўспрымае сур’ёзна


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Як Украіна, так і яе партнэры не ўспрымаюць сурʼёзна прапановы Расеі, выкладзеныя ў так званым мэмарандуме, які быў перададзены расейскай дэлегацыяй на перамовах у Стамбуле. Аб гэтым заявіў у сераду прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Ён падкрэсьліў, што патрабаваньні Расеі зьяўляюцца ўльтыматыўнымі і ня могуць быць задаволеныя.

Зяленскі зноў прапанаваў спыніць агонь без папярэдніх умоваў. Ён дадаў, што за спыненьнем агню магла б адбыцца сустрэча лідэраў дзьвюх краін, магчыма пры пасярэдніцтве ЗША. «Чаму спыненьне агню да сустрэчы лідэраў, таму што мы сустрэнемся і калі няма ніякага разуменьня, няма жаданьня дээскаляцыі і бачаньня, як гэта завяршыць, то спыненьне агню скончыцца ў той жа дзень. Калі мы ўбачым, што можам працягнуць дыялёг і гатовыя да адпаведных крокаў дээскаляцыі, то мы працягнем рэжым спыненьня агню», — прыводзіць «Украінская праўда» словы прэзыдэнта Ўкраіны. З словаў Зяленскага, сам ён гатовы сустрэцца з Уладзімірам Пуціным «хоць заўтра».

Улады Украіны доўгі час пазьбягалі размоваў аб магчымасьці перамоваў з Пуціным, а Зяленскі нават падпісаў указ аб забароне такіх перамоваў. Пазыцыя была скарэктаваная, верагодна, пад уплывам ЗША, якія настойваюць на наўпроставых перамовах Украіны і Расеі.

Расейская і ўкраінская дэлегацыя на сустрэчы ў Стамбуле абмяняліся мэмарандумамі аб магчымых умовах спыненьня агню і мірнага ўрэгуляваньня. Ва ўкраінская прапанове ўпор зроблены на неабходнасьць спыненьня агню і абмену палоннымі перад пачаткам перамоваў па сутнасьці, у тым ліку і аб тэрытарыяльных пытаньнях. Расейскі дакумэнт фактычна паўтарае патрабаваньні, якія Масква вылучала на працягу апошняга часу, у тым ліку пра вывад украінскіх войскаў з рэгіёнаў, на валоданьне якімі прэтэндуе Расея, пра адмову Украіны ад членства ў НАТА, аб адмене законаў у дачыненьні да рускай мовы і царквы, якія ў Расеі называюць дыскрымінацыйнымі, і гэтак далей.

Раней ABC News са спасылкай на чыноўнікаў адміністрацыі ЗША паведаміла, што ў Вашынгтоне расчараваныя, але ня зьдзіўленыя зьместам расейскага дакумэнта. Пры гэтым прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пакуль не прыняў рашэньня, ці будзе Вашынгтон узмацняць санкцыі супраць Масквы, каб усё ж паспрабаваць прымусіць Расею да міру.

На прэс-канфэрэнцыі Зяленскі таксама паведаміў аб абмене ваеннапалоннымі з Расеяй у гэтыя выходныя па формуле «500 на 500».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG