У часе баёў каля паселішча Пятроўка Данецкай вобласьці на пакроўскім кірунку ва ўкраінскі палон трапіў грамадзянін Беларусі Сяргей Кузьменка, які ваяваў на баку Расеі.
Як паведамілі Свабодзе ў дзяржаўным украінскім праекце «Хачу жыць», якім займаецца Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, «Сяргей Анатолевіч Кузьменка трапіў у палон у траўні».
Да кантракту з расейскай арміяй ён жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102 мотастралковага полку 150-й дывізіі, якую пасьля баёў пад Марыюпалем фактычна давялося цалкам аднаўляць — тады ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ўкраінскія сілы зьнішчылі сама меней 7 тактычных батальёнаў дывізіі. Падразьдзелы 150-й мотастралковай дывізіі дысьлякуюцца ў Растоўскай вобласьці Расеі.
Паводле інфармацыі праекту «Хачу жыць», Сяргей Кузьменка, хоць жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт.
Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Ён служыў у званьні шараговага. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка.
Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя. У раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі, ягонага прозьвішча няма.
Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне
З улікам Сяргея Кузьменкі цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 8 грамадзян Беларусі. Раней у палон трапілі:
- Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
- Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
- Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
- Яўген Камянькоў з Бабруйску нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году. Падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га. У Беларусі абвяшчалі яго вышук у ліпені 2022 году, пасьля таго, як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага Афанасьеўскага манастыра ў Расею.
- Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
- Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
- Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны.Згодна з інфармацыяй беларускай ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
Сваякі яшчэ трох грамадзян Беларусі — Яўгена Ільіна, Андрэя Кулагі і Рамана Карпенкі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, — зьвярнуліся ва ўкраінскія праекты па дапамогу ў пошуках. Міхаіл Шалгун, які таксама прапаў бязь вестак, пазьней знайшоўся ва ўкраінскім палоне.
У часе найбольшага за апошні час абмену Ўкраіна перадала Расеі трох палонных беларусаў — Дзьмітра Ананчыка зь Менску, якога ў сьнежні 2024 году захапілі ў часе баёў у Луганскай вобласьці, Аляксея Чарнышова і Сяргея Мірончыка, які трапіў ва ўкраінскі палон у лютым 2025 году.
У перамовах Расеі і Ўкраіны пра абмен палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валеры Сьцепановіч.
Пасьля таго, як украінскія войскі пачалі курскую апэрацыю, абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.
Што папярэднічала
Фармальна Беларусь не зьўяляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма.
У той жа час улады Беларусі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору краіны для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
З 2014 году, калі пачаўся ўзброены канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай, які на першым этапе закончыўся анэксіяй Крыму і частак Данецкай і Луганскай вобласьцяў, грамадзяне Беларусі ваявалі як на баку прарасейскіх сілаў, гэтак і ў складзе ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў.
З 2022 году пабольшала беларусаў, якія ваявалі ў расейскіх прыватных вайсковых кампаніях («Вагнэр», «Рэдут», «Ястраб»), а з 2023 году — у шэрагах Узброеных сілаў Расеі. Ёсьць факты, калі грамадзяне Беларусі падпісвалі кантракты з расейскай арміяй адразу пасьля службы ў беларускім войску або маючы праблемы з законам — іх затрымлівалі ў Расеі на запыт уладаў Беларусі або за парушэньне правілаў знаходжаньня на расейскай тэрыторыі. Некаторыя з тых, хто падпісаў кантракт і ваююць супраць Украіны, суджаныя некалькі разоў.
Сілавыя органы Беларусі не перасьледуюць тых, хто ваюе на баку Расеі, але, наадварот, абвяшчаюць міждзяржаўны вышук тых, хто абараняе тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, у тым ліку ўжо загінулых.
Форум