Менск бачыць патэнцыял узаемадзеяньня зь цяперашняй адміністрацыяй ЗША і адкрыты да дыялёгу на ўсіх кірунках супрацоўніцтва, заявіў расейскаму агенцтву ТАСС прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў, адказваючы на пытаньне аб вызваленьні асуджанага ў справе аб змове з мэтай захопу ўлады амэрыканскага грамадзяніна Юрыя Зянковіча.
«Для цяперашняй адміністрацыі прэзыдэнта ЗША было важна, каб спадар Зянковіч, які быў ва ўстаноўленым парадку прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні цяжкіх злачынстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, быў вызвалены. Зразумела, гэта было зроблена ў выніку чыстасардэчнага прызнаньня і звароту на адрас кіраўніка дзяржавы аб памілаваньні. Мы ў Рэспубліцы Беларусь бачым патэнцыял узаемадзеяньня з цяперашняй адміністрацыяй Трампа і адкрытыя да дыялёгу на ўсіх кірунках супрацоўніцтва», — сказаў ён.
ЗША і іншыя заходнія краіны ўвялі некалькі пакетаў санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ў адказ на здушэньне іншадумства ў краіне і за саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Хто такі Зянковіч
- Юрась Зянковіч — беларускі палітык, амэрыканскі юрыст. Разам зь іншымі фігурантамі «справы змоўцаў» яго затрымалі ў красавіку 2021 году. Пасьля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта перадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама што «раскрылі дзяржаўны пераварот». Зянковіч — адзіны зь пяці абвінавачаных у гэтай справе, хто заключыў дамову зь сьледзтвам. Ён цалкам прызнаў сваю віну і не адмаўляў, што быў арганізатарам змовы. Таксама ён папрасіў прабачэньня ў «саўдзельнікаў».
- Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 357 («змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 («публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»). У верасьні 2022 году Юрыю прысудзілі 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Праз тры месяцы палітвязьня судзілі ўжо ў новай крымінальнай справе. Тады Зянковіча абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Падставаю сталі «абразьлівыя камэнтары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім». У сьнежні 2022 году суд Мядзела дадаў яму яшчэ паўгода зьняволеньня.
- Юрась Зянковіч 30 красавіка быў вызвалены з турмы ў Беларусі. Ягоны здымак, зроблены ў амэрыканскай амбасадзе ў Вільні, зьявіўся ў сеціве на старонцы амэрыканскай журналісткі і адвакаткі Грэты ван Сутэрэн.
- «На просьбу адміністрацыі прэзыдэнта ЗША грамадзянін Злучаных Штатаў Амэрыкі Зянковіч Юры Леанідавіч быў вызвалены», — заявіла 1 траўня прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
- Пра вызваленьне беларуска-амэрыканскага адваката, асуджанага ў 2022 годзе на 11 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай «справе змоўцаў», стала вядома ўвечары 30 красавіка.
- Пасьля першага прысуду Зянковічу яшчэ павялічвалі тэрмін. У верасьні і студзені ў беларускай дзяржаўнай тэлевізіі паказалі прапагандысцкія фільмы зь ягоным удзелам.
Форум