Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Польшчы Туск пасьля паразы аднапартыйца Тшаскоўскага на выбарах заявіў, што зьвернецца па вотум даверу ўраду


Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск
Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск

Туск заявіў, што гатовы супрацоўнічаць зь пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў Наўроцкім.

Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што папросіць парлямэнт правесьці вотум даверу свайму кааліцыйнаму ўраду пасьля таго, як яго кандыдат ад «Грамадзянскай плятформы» Рафал Тшаскоўскі прайграў прэзыдэнцкія выбары, піша AFP.

У тэлевізійным звароце ўвечары 2 чэрвеня Туск заявіў, што хоча вотуму даверу «хутчэй» і паабяцаў застацца на сваёй пасадзе, дадаўшы, што выбары «нічога ня зьменяць».

Туск сказаў, што яго ўраду трэба шмат працаваць, і што «першым выпрабаваньнем будзе вотум даверу», пра які ён папросіць «неўзабаве».

Ён таксама сказаў, што гатовы супрацоўнічаць зь пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў Каралем Наўроцкім.

«Я хачу, каб усе бачылі — у тым ліку нашы апанэнты, як унутры краіны, так і за мяжой, — што мы гатовыя да гэтай сытуацыі, што мы разумеем сурʼёзнасьць моманту і што мы не маем намеру адступаць ні на адзін крок», — сказаў Туск.

У Польшчы прэзыдэнт мае права вета на законы, і перамога Наўроцкага ўскладняе Туску прасоўваньне яго праэўрапейскага парадку дня.

Учора было абвешчана, што польскі кансэрватыўны палітык Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае правая апазыцыйная партыя «Права і справядлівасьць» (PiS), перамог у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 1 чэрвеня.

Паводле афіцыйных зьвестак выбарчай камісіі краіны Наўроцкі набраў 50,89%, а яго апанэнт, мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, які прытрымліваецца праэўрапейскай і лібэральнай палітыкі, — 49,11%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG