З моманту затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага прайшло 5 год. Яго адвакатка Натальля Мацкевіч у вялікім інтэрвію Свабодзе раскрывае невядомыя і неагучаныя раней факты пра сустрэчу палітвязьняў з Лукашэнкам у СІЗА і размову Ціханоўскага зь ім, пра стаўленьне Сяргея да ўчынку жонкі Сьвятланы, пра ўспрыманьне ім пратэсту.
Тут урывак тэкстам, а цалкам інтэрвію глядзіце тут:
Наталья Мацкевіч распавядае таксама пра Віктара Бабарыку — пра тое, як Віктар Бабарыка пераносіў турму, што ён расказваў пра сустрэчу палітвязьняў з Лукашэнкам у СІЗА, як успрыняў учынак Машы Калесьнікавай.
У відэаінтэрвію таксама — неагучаныя раней факты пра Марфу Рабкову і Міколу Дзядка. Глядзіце, калі ласка.
***
Вельмі важны тэкст.
Апошнія некалькі тыдняў зьяўляецца інфармацыя пра сьмерці палітвязьняў неўзабаве пасьля вызваленьня. Свабода паразмаўляла зь лекарам і псыхолягамі пра прычыны — чаму так адбываецца.
«Калі чалавек выходзіць на свабоду пасьля мабілізацыі, напружаньне рэзка зьніжаецца, а разам зь ім рэсурс, на якім трымалася жыцьцё. Нейкі час мэта жыцьця была выжыць у гэтых умовах. Чалавек выжыў. Усім навокал можа быць незразумелым, чаму табе кепска. Усё ж ужо добра, жыві і насалоджвайся. Але так не працуе. Часам сьмерць — вынік таго, што арганізм больш не вытрымлівае, у яго не засталося больш сілаў змагацца. Ён і так надта доўга жыў у рэжыме выжываньня».
***
Пасьля візыту сілавікоў 87-гадовая маці экс-палітвязьня і праваабаронцы Леаніда Судаленкі тры дні правяла ў рэанімацыі Брагінскага шпіталя. Пасьля яе перавялі ў палату. Сам Судаленка лічыць ціск на маці помстай за ягоную праваабарончую дзейнасьць.
«Я буду называць гэта забойствам — маю маральнае права так казаць. Дайце жанчыне сталага веку спакойна дажыць у старасьці! Я з гэтага вясковага дому зьехаў яшчэ пры Савецкім Саюзе, у 1983 годзе. Што вы там шукаеце? Прымусілі старую жанчыну расьпісвацца ў пратаколе пра тое, што мяне няма на месцы яе жыхарства? Што вы робіце?
Я лічу, што гэта яны наўмысна робяць, помсьцяць за мяне, за маю дзейнасьць», — не хавае эмоцыяў праваабаронца.
Пачытайце яго інтэрвію-рэакцыю Свабодзе.
***
Праваабаронца і валянтэр «Вясны» Андрэй Чапюк у красавіку вызваліўся з калёніі, цалкам адбыўшы тэрмін (5 гадоў і 9 месяцаў). У канцы траўня з дапамогай службы эвакуацыі і фонду BySol ён зьехаў зь Беларусі і ў вялікім інтэрвію Свабодзе распавёў пра валянтэрства ля турмы на Акрэсьціна, знаёмства з ГУБАЗіКам, закрыты суд, лаянку ад пракурора, правілы паводзінаў у калёніі, вызваленьне ў кайданках і новую Беларусь узору 2025-га.
Плянаў зьехаць Андрэй ня меў, але праз пэўны час гэтае рашэньне прыйшло да яго.
«Я не разумею зараз, як там гэта магчыма для мяне, — прызнаецца Андрэй, — калі ў цябе столькі абмежаваньняў. Калі ты ня можаш зрабіць сабе банкаўскую карту, наняць адваката, аформіць даверанасьць. Як там можна жыць? Я ўладкаваўся на працу, як таго ад мяне патрабавала міліцыя. Але мне прыйшлося звольніцца, бо ў банку мне не адкрылі рахунак для заробку».
***
На свабоду з калёніі «Воўчыя норы» выйшаў таксама 21-гадовы Аляксей Мазука, ягога асудзілі за допісы ў дваровым чаце, пакінутыя там у 16-гадовым узросьце, 21-гадовы «тэрарыст».
«Усяго ў розных СІЗА я правёў 8 месяцаў. Больш за ўсё мне спадабалася на Валадарцы — там атмасфэра старога замку, а ў Калядзічах было больш сумна. Але паводле 342-га артыкулу на мяне нічога не «накапалі». Застаўся толькі адзін 361-ы артыкул — за перапіску ў дваровым чаце.
Я напісаў увосень 2020 году: «Іншага выйсьця, акрамя вуліцы, няма. Я за радыкалізацыю пратэстаў, дывэрсіі ў дачыненьні спэцтэхнікі і асабістай маёмасьці», — кажа Аляксей.
У выніку Мазуку прызначылі 2 гады калёніі. Неўзабаве яго ўнесьлі ў сьпіс КДБ «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Аляксей Мазука распавёў Свабодзе сваю гісторыю.
***
Анархіст Сяргей Раманаў можа атрымаць найдаўжэйшы сярод беларускіх палітзьняволеных тэрмін.
У кастрычніку 2020 году за Раманавым спэцслужбы Беларусі ўчынілі на тэрыторыі Гомельскай вобласьці сапраўднае паляваньне. Скончылася яно затрыманьнем, доўгім тэрмінам у СІЗА, судовым працэсам і выракам Раманаву ў выглядзе 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.
Вясной 2025 году праваабаронцам стала вядома, што Раманава судзілі паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». У чым канкрэтна яно праявілася — невядома. Аднак у выніку анархіста прызналі вінаватым і дадалі да ранейшага тэрміну яшчэ год. Такі працэс для Раманава за няпоўныя пяць гадоў за кратамі, зь якіх у калёніі ён правёў крыху больш за палову, стаў трэцім. Агульны тэрмін зьняволеньня Сяргея Раманава дасягнуў ужо 24 гадоў і 5 месяцаў.
Праваабаронцы расказалі Свабодзе, чаму судовыя выракі ў Беларусі часта павялічваюцца ўжо пасьля прысуду.
***
30 траўня ў Менску адбыўся суд над легендай беларускага пратэсту, 78-гадовай актывісткай Нінай Багінскай.
Паводле канцылярыі суду, Багінскую абвінавацілі ў «неаднаразовым парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» з-за адзіночных пікетаў. Ёй пагражала да трох гадоў зьняволеньня.
Калі вы нейкім чынам не ведалі, хто такая Ніна Багінская, то вось некалькі гісторый пра яе — пра тое, як яна марыла стаць чэмпіёнкай у роварных гонках, але ў 19 гадоў трапіла ў страшную аварыю. Яе партрэты друкаваліся ў заходніх глянцавых часопісах. Сам Лукашэнка забараніў затрымліваць гэтую жанчыну, але сілавікі яго не паслухаліся.
Да будынку суду, каб падтрымаць легендарную жанчыну, прыйшлі эўрапейскія дыпляматы. Нечакана Ніну Багінскую вызвалілі з суду без пакараньня, крымінальную справу спынілі.
Аднак юрыст Павал Сапелка патлумачыў, што гэта не азначае спыненьня крымінальнага перасьледу. Тут ён тлумачыць, чаму.
***
У трэцім тэксьце з цыклю «Сьляды» Свабода расказвае, як беларуская дзяржава праз атамную станцыю ў Астраўцы шкодзіць людзям і прыродзе.
А менавіта:
- дзе могуць пабудаваць могільнік ядзерных адкідаў і што зь ім можа быць ня так;
- чаму электраэнэргія падаражэла, а атамная станцыя не дапамагае эканоміць;
- як раней дзякуючы аднаму чалавеку замянілі пашкоджаны корпус рэактара БелАЭС, а эколягі выйгралі суд у дырэкцыі атамнай станцыі.
А вось вельмі цікавы артыкул пра тое, як кліматычная анамалія можа спарадзіць ланцужок катастрафічных наступстваў.
Гісторыя клімату Беларусі — гэта ня толькі шэраг каляровых тэмпэратурных графікаў, але і жывая памяць. У народных успамінах, летапісах і хроніках захаваліся апісаньні кліматычных анамаліяў, што ламалі звыклы рытм жыцьця.
Яшчэ да пачатку сыстэматычных назіраньняў людзі спрабавалі апісаць незвычайнае надвор’е — як правіла, тады, калі яно рабілася экстрэмальным, небясьпечным або катастрафічным. Усё, што выбівалася з нормы, захоўвалася ў памяці.
Распавядаем пра некалькі выпадкаў, зафіксаваных як у старажытных тэкстах, так і ва ўспамінах беларусаў.
***
Іншыя цікавосткі тыдня. Падчас беларускай канфэрэнцыі ў Варшаве ўзьнік скандал вакол парушэньня правілаў бясьпекі — адзін з удзельнікаў спрабаваў весьці запіс абмеркаваньня ў малой групе, хоць іншыя былі супраць.
Свабода пагаварыла з удзельнікамі гісторыі.
***
Стала вядома, што ў Беларусь даставілі вырабленыя ў Эўропе самалёты — праз гамбійскую фірму-«пракладку». Журналісты Беларускай службы Радыё Свабода і беларускага расьсьледніцкага праекту «Бюро Мэдыя» разабраліся, як дваццацігадовыя лайнэры апынуліся ў Менску насуперак санкцыям і што зь імі цяпер адбываецца. Пачытайце, гэта вельмі цікава.
***
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы міністраў абароны АДКБ у Бішкеку заявіў аб пераносе вучэньняў «Захад-2025» углыб краіны і скарачэньне колькасьці ўдзельнікаў удвая.
Валер Карбалевіч аналізуе, з чым гэта зьвязана.
Іншыя аналітычныя тэксты Валера Карбалевіча, а таксама яго аналіз падзеяў тыдня знойдзеце па гэтай спасылцы.
***
Дагэтуль нічога толкам не зразумела пра зьнікненьне сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Але вакол гісторыі — шмат чутак і паранойі.
З гэтай нагоды палітычны аналітык Арцём Шрайбман кажа, што галоўная праблема дэмакратычных сілаў не ў скандалах, а ў нерэлевантнасьці; разважае, чаму спэцслужбы актывізуюць дзейнасьць супраць апазыцыі за мяжой; ацэньвае апошнія кадравыя перастаноўкі ва ўладзе.
Добрага тыдня і заставайцеся са Свабодай!
Форум