Яшчэ да пачатку сыстэматычных назіраньняў людзі спрабавалі апісаць незвычайнае надвор’е — як правіла, тады, калі яно рабілася экстрэмальным, небясьпечным або катастрафічным. Усё, што выбівалася з нормы, захоўвалася ў памяці.
Распавядаем пра некалькі выпадкаў, зафіксаваных як у старажытных тэкстах, так і ва ўспамінах беларусаў. Гэта гісторыі пра засушлівае сярэднявечча, маразы пад час вайны, паводкі і сьпёку, што разбуралі гаспадарку і забіралі жыцьці. І ўсё ж толькі апошнімі дзесяцігодзьдзяміі анамаліі і рэкорды сталі зьяўляцца часьцей і часьцей.
У летапісах XIV стагодзьдзя зафіксаваны шэраг экстрэмальных засухаў і сьпёкі, якія закранулі тэрыторыю сучаснай Беларусі. Напрыклад, у 1364 годзе адзначалася засуха, якая прывяла да перасыханьня рэк і балотаў, а таксама да лясных і тарфяных пажараў. У 1368 годзе сьпёка была настолькі моцнай, што «загінулі ўсе рыбы ў рэках», а летам 1370 году «небывалая сьпёка выклікала масавы падзеж зьвяроў і птушак».
У 1542 годзе летапісы зафіксавалі незвычайную зьяву: на Літоўскую і Ляскую (польскія) землі прыйшла саранча. Паводле Яўрэінаўскага летапісу, нашэсьце ахапіла шырокую тэрыторыю вакол Берасьця, Менску, Сьвержня, Койданава, Івянца. Галодная саранча вынішчала збажыну і пашавыя травы. Такая зьява надзвычай рэдкая для нашых шыротаў і, падобна, была выкліканая сухім і сьпякотным летам, што прымусіла кузурак міграваць на поўнач.
У 1586 годзе надвор’е зьдзівіла незвычайна позьнім сьнегападам. У дзень Юр’я — 23 красавіка — у многіх мясцовасьцях ударыў мароз і выпаў сьнег глыбінёю да калена. Баркулабаўскі летапіс сьведчыць: «на сьвятога Юр’я мароз, а сьнег у калена выпаў». Сяўбу яравых культураў давялося адкласьці — людзі пачалі сеяць авёс і ячмень толькі ў Праводны тыдзень пасьля Вялікадня. Нягледзячы на замаразкі, ураджай у тым годзе быў адносна неблагі, але сам факт сьнежнай буры ў канцы красавіка занатаваны як анамалія.
Зіма 1708–1709 гадоў увайшла ў эўрапейскую гісторыю як адна з найхаладнейшых за апошнія пяць стагодзьдзяў. У Францыі яна вядомая як Le grand hiver, у Ангельшчыне як Great Frost. На землі Беларусі яна таксама прынесла беспрэцэдэнтныя маразы: глеба прамярзала больш чым на мэтар, рэкі і азёры застывалі суцэльным лёдам, павымярзалі амаль усе азімыя пасевы, гінулі садовыя дрэвы.
Гэта адбылося падчас Паўночнай вайны і толькі пагоршыла становішча жыхароў. Праз поўную гібель ураджаю ў 1709–1710 гг. у ВКЛ пачаўся масавы голад, а ў 1710–1711 гг. прыйшла эпідэмія чумы. У хроніках згадваецца, што выміралі цэлыя мястэчкі, асабліва пацярпелі Менск, Наваградак, іншыя гарады. Гэтая зіма — прыклад таго, як кліматычная анамалія можа спарадзіць ланцужок катастрафічных наступстваў.
Сярод наймацнейшых кліматычных выпрабаваньняў, што запомніліся старэйшым беларусам, — незвычайна халодныя зімы падчас Другой усясьветнай вайны. Зіма 1939–1940 гг. выдалася экстрэмальна марознай. Станіслаў Ушакевіч, які перажыў яе ў дзіцячыя гады ў вёсцы Такарышкі (сучасная Горадзеншчына), узгадваў, што мароз дасягаў —40°C: «…за вакном мароз 40 градусаў. Ад яго аж лопаліся з трэскам некаторыя ствалы дрэваў і бярвеньне ў сьценах пабудоваў».
Старажылы вёскі Дайлідкі (Астравецкі раён) пацьвярджаюць, што зіма 1940 году была настолькі лютая, што «маразы дасягалі 40 градусаў, вымерзьлі сады» — ад нечуванага холаду гінулі нават пладовыя дрэвы.
Веснавыя разьлівы рэк у Беларусі здаўна звыклыя, але часам надвор’е падносіла сапраўдныя сюрпрызы. Найбольш незвычайны выпадак — так званае «магілёўскае цунамі» 1942 году. У красавіку 1942 г. у акупаваным Магілёве раптоўна прарвала чыгуначную грэблю на рацэ Дубравенцы, магутная хваля затапіла частку гораду, вада зносіла пабудовы і тэхніку. Сучасныя дасьледнікі лічаць гэтую паводку адной з найбуйнейшэх тэхнагенных катастроф у гісторыі Беларусі. Паводле падлікаў гісторыкаў, у тым патопе загінулі больш за сто чалавек.
Адразу пасьля вайны Беларусь сутыкнулася з чарговай кліматычнай анамаліяй — сьпякотай і засухай 1946 году, што прывяло да масавага неўраджаю і галоднай зімы. Адзіная надзея вяскоўцаў — бульба — высахла проста ў полі, пакінуўшы людзей бязь ежы. Асабліва цяжка было на Палесьсі і ў іншых пацярпелых раёнах, дзе цэлыя сем’і сутыкнуліся з галоднай сьмерцю. Гэта называюць «другім беларускім Галадаморам».
Паводле падлікаў гісторыка Ірыны Кашталян, голад 1946–1947 гадоў зазналі каля 300 тысяч жыхароў Беларусі, але дакладныя лічбы нам невядомыя — архіўныя дакумэнты, датычныя гэтых часоў, атрымаць немагчыма. Карысныя дадзеныя могуць быць у архівах КДБ, закрытых для дасьледнікаў, а цэлы сэктар архіваў КПБ пра «беларускі галадамор» зьнік.
Форум