Вацлаў Арэшка. Палітвязень, які ня бачыць калёніі, у якой сядзіць
Чацьвёрты год улады Беларусі трымаюць у няволі палітвязьня, які амаль нічога ня бачыць.
Справа палітоляга, грамадзкага дзеяча, актывіста незалежнага прафсаюзу РЭП Вацлава Арэшкі вылучаецца найперш тым, што ягоны стан здароўя вельмі ўразьлівы. Вацлаў і да арышту меў вялікія праблемы са зрокам, а ў вязьніцы сытуацыя з вачыма пагоршылася. Зараз Вацлаў ня ў стане сам пісаць лісты на волю, даводзіцца надыктоўваць тэкст іншым вязьням. Пры гэтым аформіць інваліднасьць ў калёніі яму ня ўдаецца.
Але і на гэтым праблемы здароўя у палітвязьня не заканчваюцца.
«Вочы, а яшчэ сэрца, сьпiна. Гэта ўзроставае, яму ўжо за 70 гадоў, здароўе лепшым не становіцца», — паведаміла пра здароўе Вацлава Арэшкі крыніца Свабоды, дасьведчаная ў ягоных справах.
Свой тэрмін палітвязень Арэшка адбывае ў калёніі № 22 пад Івацэвічамі, якую называюць «Воўчыя норы». У гэтай калёніі вязьні працуюць на цяжкай і складанай драўніннай вытворчасьці. Вацлаў Арэшка пэнсійнага ўзросту, яму 73 гады, таму ад штодзённай працы ў цэху ён вызвалены, але складанасьцяў за кратамі заўсёды хапае: рэжым, рэгулярныя шыхтаваньні і праверкі, дадатковы нагляд за палітвязьнямі — усё гэта не дадае добрага настрою, перадае крыніца пра Вацлава Арэшку.
Як і ўсе палітычныя вязьні, Вацлаў Арэшка спадзяецца на датэрміновае вызваленьне праз амністыю альбо памілаваньне, але дагэтуль трапіць у сьпіс вызваленых яму не шанцавала.
«Усе чакаем, да чаго зноў дамовяцца амэрыканцы, можа пашанцуе цяпер, але настрой у Вацлава ня вельмі. Ён ужо асабліва не разьлічвае на тое, што трапіць на вызваленьне, перажывае і ад думкі, што могуць не пакінуць выбару. Ён хацеў бы з калёніі вярнуцца дадому, але, відаць, лепш свабода ў любой краіне, чым турма на радзіме. Але гэта вельмі цяжкая тэма», — казала крыніца пра Вацлава Арэшку ў пачатку сьнежня.
13 сьнежня з калёніяў выйшла чарговая група палітвязьняў, 123 чалавекі, але зноў сярод іх не аказалася Вацлава Арэшкі.
У верасьні з турмаў выйшлі актывісты незалежных прафсаюзаў, калегі Вацлава Арэшкі Аляксандар Ярашук і Генадзь Фядыніч. Суразмоўца кажа, што Вацлаў ведае пра вызваленьне калегаў і вельмі за іх рады.
«Перапісваюся зь сябрамі і калегамі Вацлава ў Нямеччыне, ЗША, Ізраілі. Яны вельмі непакояцца за Вацлава і чакаюць ягонага вызваленьня ды зычаць яму здароўя», — сказаў Генадзь Фядыніч у размове з Радыё Свабода ў сьнежні.
Вацлаў Арэшка ў пачатку 2023 году быў асуджаны паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з «стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзелам ў ім», яго асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня.
Беларускія праваабаронцы прызналі Вацлава Арэшку палітвязьнем і патрабуюць яго неадкладнага вызваленьня. Вацлаў Арэшка ўключаны ў сьпіс палітвязьняў у стане вялікай рызыкі з прычыны стану здароўя, цяжкіх захворваньняў і ўзросту.
Мікіта Емяльянаў, які трымаў галадоўку пратэсту, сядзеў у ШЫЗА
Як трымаецца за кратамі «доўгажыхар» вязьніц Беларусі Мікіта Емяльянаў.
Актывіст анархісцкага руху Мікіта Емяльянаў быў арыштаваны ў кастрычніку 2019 году, то бок на сёньня ён адбыў у вязьніцы найбольш часу з усіх цяперашніх палітвязьняў — 6 гадоў і 2 месяцы (агулам больш за Емяльянава адбылі за кратамі Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч і Ігар Аліневіч, якіх пакаралі зьняволеньнем другі раз). Емяльянава, які кінуў бутэльку з фарбай у будынак суду, праваабаронцы прызналі палітвязьнем, бо палічылі ягонае пакараньне несувымерным учынку.
За напад на суд Мікіту Емяльянава асудзілі на 4 гады зьняволеньня. Гэта было ў 2020 годзе, але з таго часу палітвязьню павялічылі тэрмін паводле 411 артыкулу аб «непадпарадкаваньні адміністрацыі папраўчай установы» яшчэ на 3 гады.
Вось што вядома пра суд, які адбыўся ў 2022 годзе на тэрыторыі турмы № 4 у Магілёве.
Тады справу паводле 411 артыкулу на Мікіту Емяльянава завялі за ягоны пратэст супраць адміністрацыі вязьніцы, якая адмаўлялася перадаваць яму лісты. Праз гэта Мікіта Емяльянаў трымаў дзесяцідзённую галадоўку пратэсту.
На працэсе над палітвязьнем дазволілі прысутнічаць ягоным бацькам, але самога Мікіту неўзабаве выдалілі з залі праз «непавагу да суду». Ён не палічыў патрэбным уставаць перад судзьдзёй Аксанай Ратнікавай, заявіўшы, што «у нашай краіне справядлівага і незалежнага суду не існуе».
Праз тры гады ў Мікіты быў яшчэ адзін суд паводле 411 артыкулу, гэтым разам у Горадні. Тады палітвязень атрымаў чарговы дадатак да тэрміну, агульны ягоны тэрмін павялічыўся да 7 гадоў зьняволеньня.
Такім чынам, на волю Мікіта Емяльянаў мусіць выходзіць у 2026 годзе, але калі гэта можа адбыцца, прадказаць складана. Нездарма ад размовы на гэтую тэму крыніцы, дасьведчаныя ў цяперашнім жыцьці палітвязьня, ухіляюцца.
«Калі атрымаецца, тады і пагаворым пра гэта», — сказала Свабодзе маці палітвязьня Настасься Емяльянава.
Цяпер палітвязень зноў сядзіць у калёніі ў Ваўкавыску, дзе ўжо знаходзіўся да пераводу ў горадзенскую турму. Там Емяльянаў прасядзеў два гады, яго перавялі ў калёнію ў красавіку. З таго часу ён трапляў у ШЫЗА, а за што — маці Мікіты ня ведае.
«Быў у ШЫЗА ў кастрычніку, за гэта скасавалі спатканьне. Калі дакладна сядзеў у ШЫЗА, невядома, але 11 лістапада ўжо не сядзеў, бо далі патэлефанаваць. Размова доўжылася 5 хвілін. Сказаў, што ўсё нармальна, здароўе добрае, навін няма. Але Мікіта ня скардзіцца, нават калі здароўе кепскае...»
Паводле крыніцы, акрамя званкоў, часам сувязь зь Мікітам ідзе празь ліставаньне.
«Лісты праходзяць Мікіту і ад яго нам. Бывае, нейкія лісты забараняюць зь незразумелых прычын, але большасьць праходзіць», — сказала Настасься.
Паводле суразмоўцы, наколькі было магчыма, Мікіта прыстасаваўся да новага рытму жыцьця ў ваўкавыскай калёніі, у яго нармальны настрой, хоць часам яго турбуюць праблемы здароўя.
«У турме ў Горадні яму не дазвалялі атрымліваць мэдычных бандэроляў. А значыць, два гады правёў безь вітамінаў, якія дасылалі раней у бандэролях. Але цяпер, у Ваўкавыску, адзін раз мэдычную бандэроль дазволілі. Выслалі яму вітаміны і адмысловыя лекі для вачэй. Бо ён паведаміў, што пагоршыўся зрок. Раней ніколі не насіў акуляры, але як выйдзе на волю, відаць, давядзецца», — мяркуе Мікітава маці.
Перад каляднымі сьвятамі шмат размоваў пра падарункі. Якія калядныя падарункі Мікіта атрымліваў раней, калі быў на волі, і што магчыма яму даслаць цяпер, калі ён за кратамі?
Традыцыйна падарункі ў сям’і Емяльянавых прыносіў дзецям Сьвяты Мікалай 6 сьнежня і на Каляды. Цяпер традыцыі крыху зьмяніліся.
«Калі Мікіта апынуўся ў турме, то стараліся выслаць яму, акрамя паштоўкі, і аплатку. У першыя гады атрымлівалася, але гэтым разам на Дзень сьвятога Мікалая адправілі толькі паштоўку. Спадзяюцца, што дайшла. А на Каляды раней заўсёды пяклі імберцавае печыва. Пернікавыя чалавечкі: тата, мама і чацьвёра дзяцей. І абавязкова на Божае Нараджэньне ўсёй сямʼёй дзяліліся аплаткамі. Але ў апошнія гады пернікавыя чалавечкі не пякуцца — няма настрою. А яшчэ ў сям’і была традыцыя адзначаць у студзені Тры Каралі — выпякаўся адмысловы пірог. Калі ў 2020 годзе Мікіта быў на „Валадарцы“, ягоны брат яму прыносіў пірог акурат на Тры Каралі, 6 студзеня. Што цяпер будзе ў студзені, невядома. Загадваць немагчыма», — сказала Настасься Емяльянава.
У наступным сакавіку Мікіту Емяльянаву споўніцца 26 гадоў.
Наста Лойка: «Магчыма, гэта адбудзецца ня хутка, але я цярплівая»
Праваабаронца Наста Лойка чакае вызваленьня з турмы, а пакуль рыхтуецца да дня народзінаў.
У Насты Лойкі ў студзені 2026 году мусіць закончыцца пакараньне зьмяшчэньнем у ПКТ, якое пачало дзейнічаць ад ліпеня. Сваякі і праваабаронцы дагэтуль ня ведаюць, за што палітзьняволеную гэтак пакаралі, але ім вядомы тэрмін пакараньня — гэта 6 месяцаў.
ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Зьмяшчэньнем у ПКТ на пэўны тэрмін караюць за неаднаразовыя парушэньні рэжыму, часта пасьля яго заводзяць новую справу паводле 411 артыкулу КК аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі».
Наста Лойка — вядомая праваабаронца, якая шмат гадоў была валянтэркай «Вясны». Потым яна працавала ў праваабарончай арганізацыі Human Constanta, якую стварыла разам з калегамі ў 2016 годзе. Наста была валянтэркай Human Constanta, калі яе затрымалі 28 кастрычніка 2022 году.
Але да арышту праваабаронца адбывала 30 дзён двух іншых адміністрацыйных арыштаў, і тады здавалася, што па заканчэньні тэрміну яе адпусьцяць дадому. Спадзевы ня спраўдзіліся.
Больш за тое, пасьля затрыманьня Насты Лойкі праўладныя інтэрнэт-каналы выклалі «пакаяльнае відэа» зь яе ўдзелам. Наста «прызнавалася» у тым, што нібыта «атрымоўвала фінансаваньне ад замежных арганізацыяў». «Справы дрэнныя», — падумалі калегі-праваабаронцы і не памыліліся.
Неўзабаве стала вядома, што на Насту Лойку завялі крымінальную справу паводле 130-га артыкулу КК — за «распальваньне варажнечы». Падставай стала напісаньне дакладу аб перасьледзе анархісцкай супольнасьці ў Беларусі, у якім крытычна ацэньвалася дзейнасьць супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, управы МУС, адказнай менавіта за анархістаў.
У чэрвені 2023 году менскі гарадзкі суд прысудзіў Насьце Лойцы 7 гадоў зьняволеньня.
Працавала швачкай, цяпер у ПКТ
У кастрычніку таго ж году праваабаронцу перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі, дзе яна працавала ў швальні. А сёлета ў ліпені стала вядома, што Наста трапіла ў ПКТ.
Вядома, што ў ПКТ на зьняволеных накладаюць дадатковыя абмежаваньні. Акрамя таго што іх трымаюць у цесным закрытым памяшканьні з стражэйшым рэжымам, ім таксама абмяжоўваюць атрыманьне харчовых пасылак. Гэта стварае дадатковыя праблемы для палітзьняволенай Насты Лойкі, бо яна вэганка.
«Мяса яна не ўжывае па-ранейшаму. Трымаецца на кашах, неяк выжывае. Ведаем, што схуднела. Калі ў сьвеце адзначаўся Дзень вэгана, пазьней напісала, што для яе гэта быў сумны дзень. А як зь яе вэганствам цяпер, невядома», — расказала пра Насту Лойку яе сяброўка, якая знаходзіцца за мяжой.
Крыніца падзялілася зьвесткамі пра тое, чым Наста Лойка цікавіцца, што чытае, пра што думае.
«Настачка памятае пра дні нараджэньня блізкіх і дарагіх ёй людзей і спрабуе нават адтуль перадаць ім віншаваньні. Таксама піша пра розныя важныя для яе даты — напрыклад, пра Дзень валянтэра, бо сама шмат валянтэрыла і навучала валянтэраў, пра Міжнародны дзень правоў чалавека 10 сьнежня. Згадвала, што раней у гэты дзень дысыдэнты ладзілі галадоўкі салідарнасьці з палітвязьнямі. Яна спадзяецца, што традыцыя ня будзе забытая», — расказала сяброўка Насты.
Паводле крыніцы, Наста Лойка піша ўспаміны пра навучаньне ў каледжы і пра сваіх тагачасных сяброў.
Сяброўка Насты ведае пра яе захапленьне жывёламі, згаддвае, што да арышту Наста трымала ў доме сабаку зь мянушкай Эрык, які цяпер за мяжой.
«Цяпер Эрык жыве ў іншых гаспадароў, Наста ведае, што зь ім усё добра. Мы слалі ёй ягоныя здымкі», — паведаміла сяброўка Насты.
Таксама ў зьняволеньні Наста Лойка працягвае сваё захапленьне жывёламі: вывучае па кнігах іх звычкі, зьбірае цікавыя факты зь іх жыцьця побач з чалавекам.
Прыкладам, паводле сяброўкі, Наста даведалася шмат цікавага пра сланоў і жырафаў, якімі захапілася, і цяпер ёй ня цярпіцца з кімсьці падзяліцца гэтымі ведамі.
«Магчыма, гэта адбудзецца ня хутка, але нічога, я цярплівая» — такі сказ Наста напісала ў апошнім лісьце.
Па вызваленьні нобэлеўскі ляўрэат, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адзначыў, што ня ўбачыў на волі сваіх калегаў, праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча, Марфу Рабкову і Насту Лойку. Бяляцкі заклікаў працягваць змаганьне за тое, каб усе палітычныя зьняволеныя былі тэрмінова вызваленыя.
6 студзеня ў Насты Лойкі будзе дзень народзінаў. Чацьвёрты раз яна сустрэне гэтае сьвята ў няволі.
Мікалай Аўтуховіч. Перавод у калёнію праз чатыры гады ў горадзенскай турме
Апошняе, што вядома пра засуджанага на 25 гадоў няволі прадпрымальніка МІкалая Аўтуховіча, — што ён быў на этапе.
У сьнежні 2025 году пасьля турэмнага рэжыму Мікалая Аўтуховіча мусілі перавесьці ў калёнію. Куды цяпер накіравалі палітвязьня для адбыцьця пакараньня — невядома.
Паводле «Вясны», Мікалая Аўтуховіча затрымалі 1 сьнежня 2020 году. Наступны год ён правёў у СІЗА КДБ, а потым яшчэ чатыры гады ў горадзенскай турме. У апошні дзень лістапада турэмная частка тэрміну мусіла закончыцца, палітвязьня зьбіраліся перавесьці ў калёнію, але ў каторую, крыніца, якая апавяла пра Аўтуховіча, пакуль ня ведае. Апошні ліст ад Мікалая Аўтуховіча, атрыманы ў пачатку сьнежня, быў напісаны яшчэ з горадзенскай турмы.
«Апошні раз яшчэ з горадзенскай турмы напісаў, што ў яго ўсё па-ранейшаму, ні на што ня скардзіўся, прасіў не перажываць за яго. А з ранейшых лістоў мы ведалі, што ён часта бываў у ШЫЗА», — паведаміла крыніца, дасьведчаная ў справах палітвязьня.
Ёй таксама вядома, што ў турме Мікалая Аўтуховіча часта пераводзілі ў іншую камэру, прычым звычайна ў яго быў адзін сукамэрнік.
За час, праведзены ў горадзенскай турме, Мікалай Аўтуховіч шмат разоў трапляў у ШЫЗА — штрафны ізалятар з асаблівым, больш жорсткім рэжымам утрыманьня. Паводле крыніцы, гэта адбілася на стане ягонага здароўя.
У Аўтуховіча ёсьць хранічныя захворваньні, у тым ліку ён цярпіць ад хваробы суставаў ног. Зьмяшчэньне ў ШЫЗА з такімі хваробамі праваабаронцы параўноўваюць з катаваньнем.
У кастрычніку 2022 году Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня — гэта найбольшы тэрмін з тых, якімі калі-небудзь каралі палітзьняволеных у Беларусі. Суд прызнаў Аўтуховіча вінаватым адразу паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з такімі цяжкімі, як 289 — «акт тэрарызму» і 357 — «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», за якія прадугледжана нават сьмяротнае пакараньне.
На судзе Мікалай Аўтуховіч заявіў, што «цалкам віны не прызнае», але пагадзіўся, што «нейкая частка праўды (у абвінавачаньні. — РС) ёсьць». Пры гэтым Аўтуховіч ня раз заяўляў суду, што астатнія фігуранты ягонай справы невінаватыя.
«Нідзе няма доказаў таго, што мы хацелі гвалтоўна скінуць гэтую ўладу. У абвінавачаньні сьледчыя кажуць, што я хацеў парушыць грамадзкую стабільнасьць і запалохаць насельніцтва. Але доказаў таго, што плянавалася запалохваньне, няма. Нідзе і ніколі — ні ў перапісцы, ні ў размовах — я гэтага не казаў. Незразумела, адкуль узялося і тое, што мы хацелі запалохваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў тэлефоннымі званкамі. Гэта няпраўда», — казаў Мікалай Аўтуховіч у судзе.
Судовы працэс «групы Аўтуховіча» вёў судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Максім Філатаў, які двума гадамі раней прысудзіў пяць гадоў калёніі актывісту зь Ліды Вітольду Ашурку, памерламу ў траўні 2021 году ў шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах.
Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязьнем і патрабуюць ягонага вызваленьня.
Гэта ўжо другі раз, калі Мікалая Аўтуховіча прыцягвалі да адказнасьці паводле абвінавачаньня ў тэрарыстычным акце. У 2010 годзе Аўтуховіча судзілі за тое, што ён нібыта рыхтаваў замах на старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменку. Аднак асудзілі яго за пяць знойдзеных пры ператрусе патронаў. Тады Мікалай Аўтуховіч атрымаў 5,5 года і выйшаў на волю з горадзенскай турмы ў 2014 годзе.
Дзяніс Івашын. Палітвязень з «аголеным нэрвам»
Журналіст Дзяніс Івашын зьмешчаны ў камэру на двух вязьняў, адкуль шле на волю пранізьлівыя вершы.
У жодзінскай турме Дзяніс Івашын апынуўся ў камэры на двух чалавек. Разам зь ім у камэры сядзіць расейскі грамадзянін, асуджаны ў Беларусі. Пра гэта Свабодзе расказаў былы вязень турмы. Чаму менавіта расейца закінулі ў камэру да Дзяніса Івашына? Крыніца думае, што для Дзяніса такое суседзтва лічыцца пакараньнем і адначасова спосабам узьдзеяньня ня яго.
«Ён там з усімі размаўляе толькі па-беларуску. Таму вось такім суразмоўцам яго пакаралі», — кажа былы вязень пра Івашына.
Праз тры месяцы будзе 5 гадоў, як пачаўся шлях горадзенскага журналіста Дзяніса Івашына па розных беларускіх вязьніцах. Ёй прайшоў сьледчы ізалятар у Горадні, магілёўскую калёнію № 15, горадзенскую турму № 1, цяпер сядзіць у турме № 8 ў Жодзіне.
Тэлефонных званкоў пазбавілі ў 2024 годзе
Вольга Івашына, жонка палітзьняволенага, з сумам адзначыла, што даўно ня чула голасу мужа.
«Ужо больш за год мы ня чулі голасу Дзяніса. Фактычна апошні тэлефонны званок адбыўся летась, 12 лістапада. А магчымасьць званіць зьнікла летась у сьнежні, калі Дзяніс так і не пазваніў цягам месяца. Гэтая прыкрая сытуацыя захоўваецца, на жаль, дагэтуль. І абсалютна невядома, калі яна зьменіцца. На гэты момант з сродкаў камунікацыі зь Дзянісам ёсьць ліставаньне, таму я столькі ўвагі прысьвячаю кожнаму ягонаму пасланьню, а брак новай карэспандэнцыі выклікае сур’ёзнае хваляваньне», — напісала Вольга ў фэйсбуку сёлета ў лістападзе.
Тады ж Вольга падзялілася радкамі зь верша Дзяніса, які той даслаў у апошнім лісьце.
«Чакаю зь любасьцю, чакаю зь няўсьцерпам,
З адвертым позіркам, палымянаю верай.
Загартаваным духам, аголеным нэрвам,
З чыстым, сьвятым і выразным намерам».
Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц зьняволеньня і вялікі штраф нібыта за «здраду дзяржаве» ( артыкул 356, ч.1 КК) і «незаконны збор або распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцьці» (арт. 179, ч.1 КК). Праваабаронцы мяркуюць, што Івашына пакаралі найперш за журналісцкае расьсьледаваньне дзейнасьці ў Беларусі былых супрацоўнікаў украінскага атраду «Беркут», якія бралі ўдзел у разгоне Майдану і потым схаваліся ад адказнасьці ў Беларусі.
Да пераводу на турэмны рэжым у жодзінскай вязьніцы Дзяніс Івашын адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15, дзе, як вядома праваабаронцам, на яго моцна ціснула адміністрацыя.
Марыць пра роварную вандроўку па Эўропе
Другі год Дзяніса Івашына трымаюць у жодзінскай крытай турме. Жонка палітвязьня Вольга сказала Свабодзе, што і там яе муж не разгубіўся, трымаецца годна, ня траціць аптымістычнага настрою.
Вольга спаслалася на лісты, якія рэдка, але даходзяць ад мужа.
«Самы позьні ліст ад яго напісаны 8 сьнежня. Там ёсьць новы верш, які пляную выкласьці ў фэйсбуку. На здароўе Дзяніс ня скардзіцца, настрой нязьменна баявы й аптымістычны, ён увесь у чаканьні добрых навінаў. Піша Дзяніс у асноўным адказы на нашыя пасланьні. Нядаўна да яго трапіла некалькі маіх лістоў і паштовак, то быў надта ўсьцешаны.
У адным зь лістоў напісаў, што марыць пра роварную вандроўку разам са мною па сярэднявечных мясьцінах Эўропы».
Паводле Вольгі Івашынай, яе муж Дзяніс у вязьніцы працягвае шмат чытаць і часта дзеліцца тымі знаходкамі ў літаратуры, якія яго ўразілі. З такіх апошніх кніг — раман Рэмарка «Іскра жыцьця».
«І абавязкова Дзяніс нагадвае мне, каб дадавала асобнікі розных кніг у нашую сямейную бібліятэку», — кажа жонка палітвязьня Вольга.
Сям’я Івашыных жыла ў Горадні, цяпер жонка палітвязьня жыве за мяжой. Прынамсі да канца чэрвеня наступнага году Дзяніса Івашына будуць трымаць у жодзінскай турме ва ўмовах строгага рэжыму, падлічылі праваабаронцы «Вясны».
У Беларускай асацыяцыі журналістаў ( БАЖ), сябрам якой быў Дзяніс Івашын да арышту, згадваюць, што ў 2014 годзе беларускі журналіст быў актыўным удзельнікам Рэвалюцыі годнасьці ў Кіеве.
Пытаньня, наколькі магчыма, што Дзяніс Івашын трапіць у адзін з будучых сьпісаў на памілаваньне, у сямʼі Івашыных не камэнтуюць.
Форум