23 траўня ў Пракатэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу адбылося афіцыйнае закрыцьцё эпархіяльнай стадыі працэсу бэатыфікацыі каталіцкіх новапакутнікаў Расеі XX стагодзьдзя, паведаміў афіцыйны ватыканскі партал.
Сярод іх вернікі лацінскага і ўсходняга абрадаў, зазначаецца ў паведамленьні.
Большасьць зь іх зьвязаныя зь Беларусьсю, адзначыў каталіцкі тэлеграм-канал @rerumnovarum.
- Біскуп Антоні Малецкі (1861–1935) паходзіў зь сямʼі перасяленцаў зь Беларусі, у 1880-х служыў у Віцебску і Менску.
- Біскуп Караль Сьлівоўскі (1855–1933) служыў у 1880-х у Сяньне і Лепелі.
- Ксёндз Канстанцін Будкевіч (1867–1923) служыў у 1896–1903 у Віцебску.
- Ксёндз Ян Тройга (1881–1932) нарадзіўся ў беларускай сялянскай сямʼі на Беласточчыне. У 1900-х служыў і выкладаў у Магілёве.
- Ксёндз Антоні Дземяшкевіч (1891–1937) нарадзіўся ў беларускай сялянскай сямʼі на Аршаншчыне. Служыў на Смаленшчыне і Браншчыне.
- Ксёндз Павал Хоміч (1893–1942) нарадзіўся ў беларускай сялянскай сямʼі ў Ваўкавыску. У Санкт-Пецярбурскай сэмінарыі і акадэміі належаў да беларускага кола.
- Сьвецкая Каміла Крушальніцкая (1892-1937) — шляхцянка з Баранавічаў.
Таксама ў сьпісе новапакутнікаў:
- Ксёндз Францішак Будрыс (1882–1937), які нарадзіўся на Ковеншчыне і служыў ва Ўфе.
- Ксёндз Антон Чарвінскі (1881–1938), які нарадзіўся на Любліншчыне і служыў ва Ўладзікаўказе.
- Законьніца Ганна Абрыкосава (1882–1936) — масквічка з нараджэньня, прыняла каталіцтва ў Парыжы і па вяртаньні ў Расею заснавала жаночую грамаду дамініканскага ордэну.
Цяпер гэты сьпіс будзе разглядаць ватыканскі дэпартамэнт праслаўленьня сьвятых
Бэатыфікацыя (ад лацінскіх слоў beatus — дабрашчасны і facio — раблю) — акт залічэньня асобы да дабраславёных. Царква разглядае бэатыфікацыю як этап рыхтаваньня да кананізацыі — прызнаньня чалавека сьвятым. Гэтае права належыць папу Рымскаму.
Форум