Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Human Rights Watch заявіла пра эскаляцыю расейскіх нападаў на мірных жыхароў Украіны


Кветкі і цацкі на месцы гібелі дзяцей на падворку ў Крывым Рагу, 5 красавіка 2025 году
Кветкі і цацкі на месцы гібелі дзяцей на падворку ў Крывым Рагу, 5 красавіка 2025 году

Урады, якія вядуць перамовы з Расеяй, павінны настойваць на павазе да гуманітарнага права, кажуць праваабаронцы з Human Rights Watch.

У выніку расейскіх атак на Ўкраіну з студзеня 2025 году загінулі і атрымалі раненьні больш мірных жыхароў, чым за аналягічны пэрыяд 2024 году, заявіла 22 траўня праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.

Гэтыя напады парушылі міжнародна-праўную забарону на непераборлівыя і непрапарцыйныя атакі. Такія напады, калі іх учыняюць наўмысна або зь неасьцярожнасьці, паводле міжнароднага права лічацца ваеннымі злачынствамі, заявілі ў Human Rights Watch.

Дыпляматычныя намаганьні павінны надаваць прыярытэт абароне мірных жыхароў і правасудзьдзю за парушэньні, г. зн. пасьлядоўна падтрымліваць расьсьледаваньні і перасьлед ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Урады, асабліва адміністрацыя Трампа, мусяць выкарыстоўваць свае вагары ўплыву ў перамовах з Крамлём, каб прымусіць Расею выконваць міжнароднае гуманітарнае права і спыніць наўмысныя, непераборлівыя і непрапарцыйныя напады на мірных жыхароў і цывільныя абʼекты.

«Расейскія атакі забіваюць і раняць больш мірных жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей, чым раней, нават калі ўсясьветныя лідэры, залучаныя ў перамовы, жахаюцца ад усё большай колькасьці ахвяраў», — сказала Бэлкіс Віле, намесьніца дырэктара Human Rights Watch у пытаньнях крызісаў, канфліктаў і ўзбраеньняў.

«Перамоўнікі мусяць патрабаваць неадкладна спыніць напады на мірных жыхароў і цывільную інфраструктуру», — перакананая Віле.


Human Rights Watch разгледзела чатыры расейскія атакі ва Ўкраіне ў пэрыяд з 1 лютага па 4 красавіка 2025 году, ад якіх загінулі прынамсі 47 мірных жыхароў і параненыя больш за 180. Human Rights Watch прызнала гэтыя атакі незаконнымі, бо яны як мінімум парушылі міжнародна-праўную забарону на непераборлівыя і непрапарцыйныя атакі.

Расейскія войскі не змаглі разьмежаваць цывільныя і ваенныя цэлі ці ўнікнуць чаканых ад такіх атак ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, несувымерных зь любой меркаванай вайсковай перавагай. Такія атакі, калі іх учыняюць наўмысна або зь неасьцярожнасьці, паводле міжнароднага права зьяўляюцца ваеннымі злачынствамі.

Падчас атакі 1 лютага а 7:44 раніцы ў паветры выбухнула вялікая фугасная ракета, якая разбурыла рог жылога дому ў Палтаве, за 240 кілямэтраў ад лініі фронту, забіўшы 15 мірных жыхароў і параніўшы 20. Вайскова-паветраная база — адзіная ваенная цэль, выяўленая Human Rights Watch у гэтым раёне, уваход у яе прыкладна за 700 мэтраў ад месца дэтанацыі боепрыпасу.

4 лютага расейскія войскі запусьцілі ракету па ўсходнім горадзе Ізюме, за 42 кілямэтры ад лініі фронту. Удар нанесены па будынку гарадзкой рады, у выніку загінулі 6 мірных жыхароў і параненыя 57, у тым ліку трое дзяцей. Найбліжэйшай ваеннай цэльлю, выяўленай Human Rights Watch, быў вайсковы камісарыят прыкладна за кілямэтар адтуль.

У ноч на 5 сакавіка зброя выбуховага дзеяньня ўдарыла ў дах гатэлю «Цэнтральны» ў паўднёва-ўсходнім горадзе Крывы Рог, за 70 кілямэтраў ад лініі фронту, забіўшы 6 мірных жыхароў і параніўшы 31. Боепрыпас пацэліў у гатэль, пашкодзіўшы яшчэ 14 жылых будынкаў і некалькі іншых. Расейскія сілавікі і ваенныя блогеры пацьвердзілі атаку, заявіўшы, што ў гатэлі нібыта загінулі 28 замежных байцоў, чаму Human Rights Watch не знайшла пацьвярджэньня. Найбліжэйшай ваеннай цэльлю, якую выявіла Human Rights Watch, быў вайсковы камісарыят за 5,7 кілямэтра.

Караль Сьвяцкі, заснавальнік і генэральны дырэктар няўрадавай арганізацыі Ukraine Relief, якая аказвае гуманітарнае падтрыманьне ўкраінцам, быў у момант удару ў рэстаране гатэлю разам з шасьцю чалавекамі, у тым ліку жанчынай і яе 6-гадовым сынам.

«Мы размаўлялі, трохі сьмяяліся, а потым, празь мілісэкунду — вялізны шум, гук разьбітага шкла, шмат пылу, — сказаў ён. — Месца, дзе мы сядзелі, ператварылася ў пекла... Мы былі ў шоку, спрабуючы знайсьці выйсьце... Гэта быў кашмар. Дзіця крычала... Праз пыл нічога не відаць. Я мусіў закрыць галаву і рот курткай».

Пасьля расейскай атакі на Крывы Рог. 5 красавіка 2025
Пасьля расейскай атакі на Крывы Рог. 5 красавіка 2025

Увечары 4 красавіка расейскія войскі пачалі чарговую атаку на Крывы Рог. Боепрыпас выбухнуў у паветры над паркам, пашкодзіўшы невялікую дзіцячую пляцоўку, шмат суседніх будынкаў і рэстаран. У выніку атакі загінулі 20 мірных жыхароў, у тым ліку 9 дзяцей, большасьць якіх былі на дзіцячай пляцоўцы. Яшчэ 73 чалавекі атрымалі раненьні, у тым ліку 3-месячнае дзіця.

Офіс Высокага камісара Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў у правах чалавека заявіў, што гэта быў самы cьмяротны ўдар па дзецях з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Найбліжэйшай ваеннай цэльлю, якую выявіла Human Rights Watch, быў той самы вайсковы камісарыят прыкладна за 2,5 кілямэтра ад парку.

Расейскія войскі не папярэджвалі мірных жыхароў, якія знаходзіліся паблізу, перад кожнай з гэтых сьмяротных атак.

Колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, асабліва параненых, ад студзеня да красавіка 2025 году вырасла на 57 працэнтаў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2024 году.

24 красавіка Расея нанесла разбуральны ўдар ракетамі і бесьпілётнікамі па Кіеве, забіўшы прынамсі 12 мірных жыхароў і параніўшы прынамсі 90.

Прававабаронцы заяўляюць, што міжнароднае гуманітарнае права, або законы вайны, абавязваюць бакі канфлікту заўсёды разрозьніваць камбатантаў і мірных жыхароў. Мірныя жыхары ніколі ня могуць быць наўмыснай цэльлю атакі. Бакі супрацьстаяньня абавязаны прымаць усе магчымыя меры засьцярогі, каб мінімізаваць шкоду мірным жыхарам і цывільным аб’ектам. Атакаваць можна толькі ваенныя цэлі. Забароненыя атакі, накіраваныя на мірных жыхароў, якія не разьмяжоўваюць камбатантаў і мірных жыхароў, якія, як чакаецца, могуць прычыніць несувымерную зь меркаванай вайсковай выгадай шкоду мірнаму насельніцтву.

Наступствы расейскай ракетнай атакі на Палтаву. Люты 2025
Наступствы расейскай ракетнай атакі на Палтаву. Люты 2025

Сур’ёзныя парушэньні законаў вайны, у тым ліку непераборлівыя і непрапарцыйныя атакі, учыненыя са злачынным намерам, гэта значыць наўмысна або зь неасьцярожнасьці, зьяўляюцца ваеннымі злачынствамі. За ўчыненьне ваеннага злачынства, а таксама за спрыяньне, дапамогу ваеннаму злачынству ці падбухторваньне да яго асоба можа быць прыцягнутая да крымінальнай адказнасьці. Камандзіраў і цывільных кіраўнікоў магчыма прыцягваць да адказнасьці за ваенныя злачынствы, калі яны ведалі ці мусілі ведаць пра ўчыненьне такіх злачынстваў і не прынялі дастатковых захадаў для іх перадухіленьня або пакараньня вінаватых, нагадвае Human Rights Watch.

«Дыпляматычныя намаганьні дзеля спыненьня вайны Расеі ва Ўкраіне павінны надаваць прыярытэт абароне мірных жыхароў і адказнасьці за злоўжываньні, — кажа Віле.— Гэта азначае, што ня можа быць амністыі для тых, хто ўчыніў сур’ёзныя парушэньні міжнароднага гуманітарнага права, і што расьсьледаваньні і перасьлед ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці трэба падтрымліваць і надалей».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG