Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Лосік пяты раз сустракае дзень нараджэньня ў няволі


Ігар Лосік. Архіўнае фота
Ігар Лосік. Архіўнае фота

20 траўня палітвязьню, блогеру і журналісту Радыё Свабода Ігару Лосіку спаўняецца 33 гады. Гэта ўжо пятыя народзіны, якія наш калега сустракае за кратамі.

Ігар Лосік быў інаватарам і першапраходцам у сацыяльных мэдыя ў Беларусі. Праз сеткавыя плятформы уплываў на сотні тысяч беларусаў.

Журналіста затрымалі 25 чэрвеня 2020 году, за паўтара месяца да сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, якія спрычыніліся да самых масавых пратэстаў супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі і нябачных у найноўшай эўрапейскай гісторыі палітычных рэпрэсій.

У сьнежні 2021-га Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньнях у арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці.

За гэтыя пяць год за кратамі ён двойчы трымаў галадоўку, двойчы спрабаваў нанесьці сабе фізычную шкоду, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду і прэсінгу ў калёніі.

Доўгія месяцы Ігар правёў у памяшканьні камэрнага тыпу Наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму і прынамсі паўтара году — у рэжыме інкамунікада, бяз сувязі з вонкавым сьветам.

Усе чатыры адвакаты Ігара Лосіка былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвітацца з адвакацкай ліцэнзіяй.

Жонка Дар’я за абарону Ігара заплаціла свабодай — правяла амаль два гады ў СІЗА і калёніі.

Калі Ігара затрымалі, ягонай дачцэ Паўліне было паўтара году, сёлета яна адзначыла 6.

Спэцслужбы моцна ціснулі на Ігара і Дар’ю, а прапагандысты Лукашэнкі здымалі іх у прымусовых відэа, якія трансьлявалі па дзяржаўным тэлебачаньні, у калёніях і на дзяржаўных прадпрыемствах па ўсёй Беларусі.

Сёлета ў красавіку сілавікі затрымалі малодшага брата Ігара — 25-гадовага Мікіту Лосіка. Яго вінавацяць вінавацяць у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за нібыта перасылку некалькіх фота перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе тэлеграм-каналу «Беларускі гаюн».

Вызваліць Лосіка заклікалі Рабочая група ААН, Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, Эўрапарлямэнт, Хэльсынская камісія ЗША, Камісія правоў чалавека Тома Лантаса, а таксама палітыкі і праваабаронцы па ўсім сьвеце.

У траўні сусьветная кааліцыя мэдыяарганізацый One Free Press Coalition уключылі Ігара ў сусьветны топ-10 зьняволеных журналістаў.

Вядома, што з восені Ігар Лосік знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG