Вользе Этыцы 33 гады, яна паходзіць зь Менску. Скончыла эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, але ніколі не працавала ў гэтай галіне. Без мастацкай або дызайнэрскай адукацыі дзяўчына стварыла праект, у якім вышывае і ўсяляк кастамізуе адзеньне, набытае ў сэканд-хэндах. А потым прадае яго па цэнах ад 90 эўра.
Сёлета Вольга стварыла касьцюмы для прэтэндэнтаў на «Эўравізію» ад Польшчы. У ейным турэмным адзеньні падляская сьпявачка Niczos выступае на сцэне. Вольга расказала Свабодзе, як прыдумляла адзеньне для «Эўравізіі», як вылічвала цэны на свае вырабы і пры чым тут бабуля Геня з Палесься.
Podlasie bounce
Вольга зрабіла касьцюмы на «Эўравізію» для падляскага дуэту Sw@da x Niczos недзе за 10 дзён. Яны спалучылі ў сабе традыцыйную культуру, спорт, casual і тэхна. Строі меліся адпавядаць стылю дуэту — Podlasie bounce.
Каб паказаць Podlasie, падляскую традыцыйную культуру, Вольга мела некалькі ідэй. Адна зь іх — абыграць посьцілкі і дываны. На думку дызайнэркі, яны б глядзеліся прыгожа на сцэне. Аднак яна не хацела перарабляць аўтэнтычныя рэчы. А хто б мог выткаць у Польшчы тканіну, ды яшчэ за кароткі пэрыяд, беларуска ня ведала, таму ад гэтай ідэі адмовілася.
Другой ідэяй было інтэграваць у строй тканыя традыцыйныя паясы. Але іх трэба было вельмі шмат. Саткаць іх за кароткі час было нерэальна. Вырашылі спыніцца на вышыўцы.
«Вышыўка — тое, што я ў асноўным раблю. Тое, што мне блізка. Тое, што я вельмі добра адчуваю. Вышыўка — гэта тое, што любяць Ніка і Sw@da. Гэта і адметны традыцыйны элемэнт падляскай культуры», — патлумачыла суразмоўца.
Аўтарка строяў натхнялася менавіта падляскімі арнамэнтамі. На іх багата вышыўкі. Сама Вольга не пасьпявала яе зрабіць, таму склікала талаку. Некалькі дзён дзясяткі дзяўчат і хлопцаў вышывалі фрагмэнты строяў.
Другая частка музычнага стылю дуэту — bounce — праяўляецца ў танцавальнасьці. У нумары на «Эўравізіі» ўсе ўдзельнікі калектыву меліся танцаваць.
«Гэта самы складаны момант. Бо трэба зрабіць ня проста прыгожа, а вельмі функцыянальна, каб падчас выступу нічога не адляцела, не перашкаджала, ня скоўвала рухаў», — падзялілася дызайнэрка.
Пастаянны элемэнт вобразу прадусара — балаклаву — Вольга вырашыла зрабіць з матэрыялу, які быў бы падобны да люстэрка (што адсылае да назвы песьні «Люстэрка», якую прадстаўляе дуэт).
Адна з апошніх балаклаваў або масак, якую Вольга рабіла для Віктара, нагадвае каралі.
«У мяне была ідэя надаць новую форму шкляным каралям. Ня проста каб гэта былі ніткі на шыі, а каб гэта было штосьці на твары», — расказала Вольга.
Задумку з паясамі Вольга ўсё ж увасобіла ў іншых строях, у якіх Ніка і Віктар выступалі, прыкладам, на тэлевізіі падчас падрыхтоўкі да польскага фіналу «Эўравізіі». Яна ўпісала некалькі паясоў або частак іх у клясычныя гарнітуры з чорным пінжаком і белай кашуляй.
«Пояс — гэта вельмі адметная рыса традыцыі, і беларускай, і падляскай. Але ў маім асяродзьдзі яму ўдзяляецца нібыта зусім мала ўвагі. А гэта такая моцная частка строю, яркая, насычаная... Чаму іх шмат? Мне падабаецца даставаць вонкі тыя элемэнты, якім удзяляецца менш увагі. Тканыя паясы нібыта такі мікратрэнд. Мне хочацца рабіць зь іх макратрэнд, каб на іх зьвярталі ўвагу, каб людзі ткалі іх самі», — камэнтуе дызайнэрка.
Маска з караляў, худзі з турмы
Вольга расказала, што яна ўпершыню пачула музыку Sw@da x Niczos, калі пераехала ў Польшчу, ёй вельмі спадабалася. Яна падпісалася на гурт у сацсетках і сачыла за яго творчасьцю. Аднойчы ёй прапанавалі зрабіць касьцюмы для дуэта для інтэрвію тэлеграм-каналу пра музыку «Клік».
«Ніцы вельмі спадабаліся касьцюмы, якія я сабрала. І мы заканэкціліся. На адным вайбе нібыта знаходзіліся», — расказвае суразмоўца.
З таго часу яны пачалі супрацоўнічаць.
«Потым мне напісалі: „Воля, мы ідзём на адбор на „Эўравізію“ . Нам трэба нейкія касьцюмы“. Я паставілася да гэтага... Ну нейкая дзіўная гісторыя. „Ладна, давайце штосьці зробім“. А потым атрымалася, што гэта ўсё вылілася вось у такую гісторыю. Я ня ставілася вельмі сур’ёзна да гэтага. У Беларусі не было такіх магчымасьцяў, „Эўравізія“ была нечым нерэальным», — расказвае Вольга.
Яна і раней рабіла музыкам сцэнічныя вобразы, падбірала, стылізавала. У кліпе песьні «Люстэрка» балаклаву для Sw@da вязала Вольга, а таксама рабіла топ быццам з чырвоных караляў для Нікі.
«Што ў Беларусі, што ў Польшчы чырвоныя каралі на шыі жанчыны — гэта клясыка. І гэты топ — тыя ж каралі, проста ў іншай форме», — тлумачыць майстрыха.
Таксама беларуска зьбірала строі для кліпа «Узоры вышываць» і «Гукі ночы» Niczos, дзе здымаліся таксама беларуская сьпявачка Анастасія Рыдлеўская і пэдыятарка Мая Церакулава, якая доўгі час працавала ў Беларусі. На вокладцы першага альбома дуэту Indawoods музыкі таксама ў адзеньні, якое для іх зрабіла беларуская дызайнэрка.
Сьпявачка Ніка часта выступала ў шэрай кашульцы і расказвала, што яе падарыла беларуская сяброўка, якая сядзела ў гэтым адзеньні ў турме. Гэтай сяброўкай была дызайнэрка Вольга. Яна ня ведала, што Ніка расказвае са сцэны гісторыю пра турму. Вольга гаворыць, што гэта было шэрае худзі. Яна ў ім правяла 20 дзён і начэй на Акрэсьціна на зломе 2020 і 2021 гадоў нібыта за «ўдзел у пратэстах» і «супраціў міліцыянту».
Калі Вольга стала супрацоўнічаць зь Нікай, то вырашыла зрабіць са свайго турэмнага худзі частку сцэнічнага вобразу.
«Мне хацелася так прадэманстраваць ня тое каб нязломнасьць, але тое, што праз усю цемру мы ідзём да сьвятла. Што вось гэтая рэч была ў самых страшных абставінах, а цяпер яна на польскай сцэне», — кажа суразмоўца.
На Ніцы шэрая кашулька, якая была на Акрэсьціна, і чырвоны топ нібы з караляў ад Вольгі Этыкі.
Рэчы з сэкандаў, вышыўка ад бабулі
Праект «Этыка» паўстаў улетку 2020 году. Канцэпцыя складалася з двух напрамкаў: устойлівай моды і аб’яднаньня яе з мастацтвам і рамёствамі ў сучаснай вышыўцы. Узоры для вышыўкі малявала калега Вольгі Марына. Часам гэта былі тэматычныя выявы. Прыкладам, мужчыны са сьлязьмі як рэакцыя на стэрэатып, што мужчыны ня плачуць, а часам — узоры, як быццам хтосьці проста расьпісваў асадку.
Назва праекту зьвязаная з этычным стаўленьнем да адзеньня, каб не набываць празьмерна, а выкарыстоўваць рэчы паўторна.
«Я працую толькі з рэчамі, якія знаходжу ў сэкандах ці мне хтосьці іх аддае. Яны заўсёды ў добрым стане. Амаль заўсёды новыя. Я фізычна не магу рабіць шмат вышывак і шмат рэчаў. Гэта праект пра павольнае спажываньне», — тлумачыць аўтарка.
Пасьля таго, як Вольга адбыла палітычны арышт, ейны праект трансфармаваўся. Яна перажывала дэпрэсію. І разам з псыхолягам шукала выхад зь яе. Так выйшла на свае сувязі з каранямі, вёскай, бабуляй, традыцыйнай культурай. У выніку замест сучаснай вышыўкі ў ейных працах зьявілася вышыўка крыжыкам, ткацтва, вязаньне шыдэлкам.
«Я вышываю і вяжу зь дзяцінства, з гадоў пяці. Гэтаму мяне навучыла бабуля Геня па татавай лініі. Яна жыве каля Ганцавічаў, на Палесьсі. Там такі рэгіён, дзе ўсе інтэр’еры сельскіх хатаў цалкам вышытыя. То бок там усё вышытае было ў мяне ў дзяцінстве. Заходзіш да бабулі ў хату — і ўсё пакрыта вышыўкай», — успамінае майстрыха.
Яна стала больш вывучаць тэму традыцыйнай культуры, чытала, знаёмілася з этнографамі, хадзіла ў музэі, на экскурсіі, лекцыі.
«Гэта выявіўся новы дзіўны сьвет. Гэта адчувалася вельмі арганічна. Я адчувала, што гэта маё і мне ў гэтым камфортна, я хачу яшчэ больш даведвацца, расказваць, паказваць. І вось так яно і паехала», — дзеліцца дызайнэрка.
10 эўра за гадзіну
Цэны на працы Вольгі пачынаюцца з 90-100 эўра. Самую дарагі прадмет адзеньня яна прадала за 280 эўра. Майстрыха кажа, што ніколі не сутыкалася з хэйтам з нагоды цэнаў на сваё адзеньне, якое спачатку купляе ў сэканд-хэндах. Наадварот, ёй казалі, што такая праца мусіць каштаваць больш.
«Я прадаю ня рэч, я прадаю сваю працу. Калі я працую над новым пінжаком ці кашуляй, я паказваю, колькі гэта працы, колькі часу я на гэта трачу», — кажа дызайнэрка.
Яна тлумачыць, што цэны дапамагае фармаваць эканамічная адукацыя. Цана гатовага вырабу залежыць ад таго, колькі часу яна на яго патраціла. Гадзіна працы каштуе 10 эўра, але Вольга цяпер пералічвае гэтую суму.
«Калі чалавек працуе недзе, за яго гэта робіць працадаўца. Джуніёр становіцца мідлам і атрымлівае больш грошай. Калі ты працуеш як рамесьнік, дызайнэр сам на сябе, то вельмі складана зразумець, дзе той пункт, пасьля якога ты можаш падымаць цану на сваю працу. Я зараз зьбіраю для сябе пацьверджаньне, што я ўжо ня „джунік“ і ўжо, магчыма, нават ня „мідл“», — дзеліцца Вольга.
Вольга кажа, што тым, каму дорага купляць ейныя творы, яна гатовая падказаць, як чалавек сам можа вышыць сабе адзеньне. Таксама яна плянуе прадаваць наборы для самастойнай вышыўкі.
«Я за тое, каб як мага больш людзей закахалася ў нашу традыцыйную рамесьніцкую культуру і каб у кожнай шафе была тая самая вышыванка», — кажа суразмоўца.
Яна адзначае, што нідзе больш не падпрацоўвае, акрамя сваёй рамесьніцкай дзейнасьці.
«Але шчыра скажу, кожны месяц пра гэта думаю, бо без усякіх перабольшваньняў за два гады ў эміграцыі было толькі пару месяцаў, калі я аплачвала кватэру і супэрспакойна жыла», — прызнаецца Вольга.
Частка дома побач
Вольга ня мае мастацкай адукацыі, аднак стварае рэчы, якія людзі гатовыя набываць па цане, вышэйшай за масмаркет.
«Не лічу, што гэта дар зь нябёсаў упаў мне на галаву. Я працавала зь беларускімі дызайнэрамі каля 5-6 гадоў. Назірала за тым, што і як яны робяць. Глядзела шмат фільмаў на Youtube ня толькі пра дызайн, але пра стылістыку, як адзеньне між сабой лепш камбінаваць, як падбіраць яго да людзей. Глядзела шмат у Pinterest, часопісы, назірала за людзьмі на вуліцах. У мяне матэматычна-геамэтрычны склад розуму», — кажа Вольга.
Рамесьніца кажа, што ейнае адзеньне звычайна купляюць людзі, якія цэняць традыцыйную культуру. Сярод іх больш жанчын.
«Не было такога: „Ой, цікавы малюнак, куплю“. Гэта заўсёды: „Хачу мець частку дому побач з сабой“. Вось гэта мне часта пішуць. Цяпер я хацела б выводзіць тое, што раблю, на новы ўзровень. Каб, гледзячы на мае працы, не было адчуваньня суму па дому, а каб было адчуваньне вялікага гонару за нашу культуру. Каб людзі глядзелі на іх і ў іх галаве гучала: „Блін, ну гэта вельмі крута. Наша беларуская культура клёвая“, — кажа яна.
Вольга таксама стылізуе адзеньне для беларускага Youtube-праекту «Обсуждаем». Рабіла строі для музыкаў Івы Сацівы, Мікіты Найдзёнава, Дзьмітрыя Нікановіча. Кажа, што ствараць вобразы дапамагаюць калегі-дызайнэры. Рэгулярна яна просіць пазычыць на запіс праграмы элемэнты строяў у сваёй аўдыторыі ў сетках. Разьлічваюцца шакалядкамі.
На гэты год у Вольгі тры мары. Першая — зрабіць прафэсійную фатаздымку сваіх работ, «каб гледзячы на іх, людзі адчувалі захапленьне, што гэта наша і яно можа выглядаць так сучасна і так прыгожа». Другая — трапіць у польскі Vogue. І трэцяя — паехаць у Парыж павучыцца ў школе куцюрнай вышыўкі.
Форум