24-гадовая Юваль Рафаэль выйграла конкурс «Наступная зорка», пераможца якога едзе на «Эўравізію», піша ізраільскае агенцтва Cursorinfo.
«Я не магу выказаць, наколькі я ўсхваляваная і гатовая! Дзякуй вам за тое, што аказалі мне гэты вялікі гонар і даверылі прадстаўляць маю краіну на грандыёзнай сцэне „Эўравізіі“ ў Швайцарыі», — заявіла яна.
Яе песьню выбера ў наступным месяцы спэцыяльная камісія.
Сьпявачка-аматарка Юваль Рафаэль была зь сябрамі на фэстывалі Nova, калі 7 кастрычніка 2023 года яны зазналі напад ХАМАСу.
«Музыка — адзін з наймацнейшых інгрэдыентаў у маім працэсе выжываньня», — сказала Рафаэль падчас фіналу конкурсу ў Ізраілі.
Яна дадала, што хоча выступіць у Эўропе і «расказаць ім гісторыю краіны, пра тое, праз што прайшла, і тое, праз што прайшлі іншыя».
7 кастрычніка 2023 года Рафаэль была на фэстывалі Nova, на які напалі тэрарысты ХАМАС. Яна разам зь некалькімі дзясяткамі чалавек хавалася ў бамбасховішчы побач з месцам правядзеньня фэстывалю.
У бамбасховішчы было каля 50 чалавек, толькі 12 зь іх выжылі. Рафаэль каля васьмі гадзін праляжала пад целам адной з загінулых.
«Я не магу перадаць словамі цяжар мёртвага цела», — казала яна.
Конкурс «Эўравізія» пройдзе ў 2025 годзе ў швайцарскім Базэлі.
Форум