Сьцісла:
- 66% румынаў лічаць, што Чаўшэску быў добрым лідэрам краіны.
- Такія паказьнікі не тлумачацца эканамічным станам Румыніі — яна небагатая, але далёка ня самая бедная.
- У сьвядомасьці часткі румынскага грамадзтва нацыяналізм яднае камуніста Чаўшэску з антыкамуністам Антанэску.
- Сымпатыі да камуністычнага правадыра мінуўшчыны ў Румыніі рэкордна высокія ў параўнаньні зь іншымі краінамі Цэнтральнай Эўропы.
- Сыход Лукашэнкі не гарантуе, што праз пэўны час ён ня зможа ўзяць рэванш у масавай сьвядомасьці, як гэта зараз адбываецца з Чаўшэску ў Румыніі.
Дзьве траціны румынаў лічаць, што Нікаляе Чаўшэску быў добрым лідэрам краіны. Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў чэрвені дасьледчым цэнтрам INSCOP Research і дзяржаўным Інстытутам расьсьледаваньня камуністычных злачынстваў.
Адначасова 55,8% рэспандэнтаў сказалі, што камуністычны рэжым быў дабром для краіны. Пры гэтым брак свабоды пры тым рэжыме прызналі 80% апытаных.
Лічбы ўражваюць. Нагадаем, размова ідзе пра насельніцтва краіны Эўразьвязу і NATO.
Калі, скажам, у Беларусі ці Расеі інфармацыйная, культурная і адукацыйная палітыка ў вялікай ступені апалягетычная да савецкага мінулага, то ў Румыніі менавіта дзяржаўная палітыка мае адваротны вэктар.
Толькі настальгіяй старых, якія памятаюць добрае і забылі кепскае з сваіх маладых гадоў у камуністычныя часы, такія паказьнікі стаўленьня да Чаўшэску не патлумачыш. Дзьве траціны насельніцтва — гэта дакладна не адны старыя і нават не пераважна яны. Ладная, калі ня большая, частка — людзі, якія былі ў тыя часы дзецьмі ці нарадзіліся пасьля той эпохі.
Яшчэ адно магчымае тлумачэньне — беднасьць. Румынія і сапраўды небагатая краіна. Але далёка ня самая бедная ў ЭЗ і ў Эўразіі. Яе ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці сёлета на ўзроўні Расеі, ён вышэйшы ня толькі за Беларусь, але і за некаторыя краіны Эўразьвязу: Вугоршчыну, Славаччыну, Грэцыю, Латвію і Баўгарыю. Так што і гэтае тлумачэньне прынамсі недастатковае.
Зьдзіўленьне лічбамі апытаньня ўзмацняе і тое, што апазыцыя цяперашняй лібэральнай, праэўрапейскай, антыкамуністычнай уладзе ў Румыніі — гэта ня левыя, ня посткамуністы, а ультраправыя. Менавіта да ультраправых належаць і Кэлін Джарджэску, і Джорджэ Сім’ён — пераможца першага туру леташніх прэзыдэнцкіх выбараў, вынікі якога былі скасаваныя, і ўдзельнік сёлетніх паўторных прэзыдэнцкіх выбараў, які прайграў лібэралу Нікушору Дану.
Джарджэску публічна выказваў сымпатыі палітыкам першай паловы ХХ стагодзьдзя — ультраправаму лідэру Румыніі, хаўрусьніку нацысцкай Нямеччыны Іёну Антанэску і кіраўніку ультранацыяналістычнай арганізацыі «Жалезная гвардыя» Карнэлью Кадрану. Але гэтыя сымпатыі да цьвёрдакаменных антыкамуністаў спалучаюцца ў Джарджэску зь цёплымі пачуцьцямі да такога ж цьвёрдакаменнага камуніста Чаўшэску. Як так? А так, што для вялікай колькасьці румынаў, аднадумцаў Джарджэску, і адны і другія палітыкі мінулага былі за вялікую Румынію, супраць «гнілога лібэралізму», мелі моцную руку і супрацьстаялі вонкаваму ціску. А што палітычна былі лютымі ворагамі — дык гэта другасна.
Такія дзіўныя гістарычныя сынтэзы — зусім не прэрагатыва адных румынаў. У Расеі ў афіцыйным дыскурсе гэтак жа арганічна спалучаюцца манархіня Кацярына ІІ і камуніст Сталін. Веліч першасная, палітычны колер ня мае значэньня.
Чаўшэску — адзіны зь лідэраў краінаў Варшаўскай дамовы, які не паслаў сваіх войскаў на здушэньне рэформаў «Праскай вясны» у Чэхаславаччыне ў 1968 годзе, адзіны, хто не разарваў дыпляматычных адносінаў з Ізраілем. Былі й іншыя дэманстрацыі ягонай непакорнасьці волі Крамля. І гэта ў народнай памяці (ці ў народнай міталёгіі) захавалася.
Вынікі апытаньня пракамэнтаваў дзейны прэзыдэнт Румыніі Нікушор Дан. Паводле яго, галоўная прычына, чаму ўсё больш румынаў ідэалізуюць камунізм, палягае ў іхным глыбокім расчараваньні палітычнымі элітамі апошніх трох дзесяцігодзьдзяў.
Паколькі і сам спадар Дан ня ўчора зьявіўся ў палітыцы, да выбараў ён быў мэрам Бухарэсту, то яго выснова — прынамсі часткова — і самакрытычная.
Пэўныя сымпатыі да правадыроў камуністычных часоў назіраюцца і ў іншых посткамуністычных краінах Цэнтральнай Эўропы. У Баўгарыі 30% станоўча ацэньваюць Тодара Жыўкава (Gallup Bulgaria 2021). 30% палякаў лічаць Войцеха Ярузэльскага «патрыётам, які дзейнічаў у інтарэсах Польшчы» (CBOS 2018), Янаша Кадара лічаць «добрым лідэрам» 20% вугорцаў (TARKI 2022), у былой Усходняй Нямеччыне 15% даюць станоўчыя ацэнкі Эрыху Гонэкэру (Intrafest dimap 2023),
Таксама нямала, але далёка да ўнікальна высокага сучаснага ўзроўню сымпатыяў да Чаўшэску.
Варта адзначыць дзьве калі не інтэрпрэтацыі гэтай унікальнасьці, дык асаблівасьці менавіта Румыніі. Яна — адна зь дзьвюх посткамуністычных чальцоў ЭЗ зь перавагай праваслаўнага насельніцтва. Другая — Баўгарыя, дзе, як бачым, сантымэнт да былога камуністычнага лідэра таксама даволі істотны.
І таксама асаблівасьць — тое, як краіна адыходзіла ад камунізму. Ува ўсіх іншых краінах Цэнтральнай Эўропы гэты пераход быў больш-менш «аксамітны». У Румыніі пераход адбываўся шляхам няхай і хуткацечнай, але грамадзянскай вайны, у якой загінулі сотні людзей і вынікам якой быў расстрэл зрынутага дыктатара.
Ці выпадковае супадзеньне, ці кроў, у тым ліку і кроў забітага дыктатара, такім чынам празь дзесяцігодзьдзі адгукаецца яго шалёнай сёньняшняй папулярнасьцю.
Зразумела, увесь гэты сацыялягічны і гістарычны экскурс — ня толькі пра Румынію.
Сёньня думкі многіх беларусаў занятыя выжываньнем і марамі аб сканчэньні цяперашняй дыктатуры. Або плянаваньнем таго, як гэтае сканчэньне наблізіць. Як пісаў паэт, «так ці гэтак — неяк будзе». Усё добра будзе, мяркуецца па змоўчаньні.
Але ня выключана, што ў якім-небудзь 2060 годзе ў свабоднай Беларусі, магчыма, ужо чальца ЭЗ і NATO, сацыёлягі канстатуюць: ладная (магчыма, большая) частка беларусаў лічыць, што Аляксандар Лукашэнка быў добрым лідэрам краіны і што часы яго кіраваньня былі добрымі часамі для Беларусі.
Зь якой матывацыяй? «Парадак быў, ня тое, што цяпер», «моцную руку меў», «у вайну краіну не ўцягнуў», «не прагінаўся пад Захад» — словам, прыкладна з такой жа матывацыяй, зь якой зараз многія румыны станоўча ацэньваюць Чаўшэску.
Ня выключана, што такія настроі таксама будуць мець палітычныя наступствы. Магчыма, у даволі парадаксальнай форме, як у сучаснай Румыніі, дзе да ўлады ірвуцца палітыкі, якія спалучаюць дух адначасова Антанэску і Чаўшэску.
Як гэта перадухіліць? Чароўны рэцэпт тут наўрад ці знойдзеш. Але варта прыгадаць камэнтар дзейнага прэзыдэнта Румыніі пра вынікі сацыялягічнага апытаньня: стаўленьне да Чаўшэску — вынік стаўленьня да існых палітычных элітаў, расчараваньня ў іх. Напэўна, банальная канстатацыя, але варта гэтага расчараваньня ня выклікаць. Ні ў будучыні, ні цяпер.
Форум