Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрыдрых Мэрц прайграў першы тур галасаваньня на пасаду канцлера ФРГ. Не хапіла 6 галасоў


Фрыдрых Мэрц, архіўнае фота
Фрыдрых Мэрц, архіўнае фота

Ці адбудзецца сёньня чарговы тур галасаваньня, пакуль невядома.

Фрыдрых Мэрц у Бундэстагу атрымаў 310 галасоў. Усяго быў пададзены 621 голас з 630, адзін зь якіх быў несапраўдны, трое дэпутатаў устрымаліся. Старшыня Бундэстагу спыніла пасяджэньне парлямэнту, піша AP.

Кансэрватыўны лідэр Фрыдрых Мэрц, кандыдат на пасаду 10-га канцлера Нямеччыны пасьля Другой усяветнай вайны, не перамог у першым туры галасаваньня ў парлямэнце ў аўторак, нягледзячы на чаканьні, што ён лёгка выйграе гэтыя выбары.

Мэрцу патрэбная была большасьць у прынамсі 316 з 630 галасоў у таемным галасаваньні. Ён атрымаў толькі 310 галасоў. Цяпер партыі павінны абмеркаваць наступны крок, але не адразу было зразумела, колькі часу можа заняць гэты працэс.

Ніжняя палата парлямэнту ФРГ — Бундэстаг — мае 14 дзён, каб абраць кандыдата абсалютнай большасьцю. Калі гэтага ня будзе, Канстытуцыя дазваляе прэзыдэнту прызначыць кандыдата, які набярэ найбольш галасоў, канцлерам або распусьціць Бундэстаг і правесьці новыя нацыянальныя выбары.

Новы фэдэральны ўрад Нямеччыны спрабуюць сфармаваць Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз і СДПГ. Але ў якім складзе, дакладна пакуль невядома. Новым канцлерам хочуць зацьвердзіць Фрыдрыха Мэрца, ва ўрадзе маюць быць 17 міністраў: шэсьць міністэрстваў плюс пасаду кіраўніка ведамства канцлера запоўняць прадстаўнікі ХДЗ, сем — СДПГ, а трох накіруе ХСЗ, піша ўплывовае нямецкае выданьне FAZ.

Сьпіс кандыдатаў ад партыяў-пераможцаў пакуль дакладна не вядомы. Мэрц назваў толькі прозьвішча будучага міністра замежных справаў — гэта Ёган Вадэфуль. Ён юрыст і адстаўны вайсковец, раней быў прыхільнікам супрацы з Расеяй, але з пачаткам вайны рэзка памяняў погляды. Кіраўніцтва партыі абяцае «сюрпрызы», то бок вылучэньне на пасады міністраў невідавочных кандыдатаў.

Нядаўна стаў вядомы склад кааліцыйнага кабінэту ад сацыял-дэмакратаў, партыі — партнэра ў кааліцыі.

Некалькі чалавек раней спрычыняліся да беларускай праблематыкі. Сярод іх Бэрбэль Бас — меркаваная фэдэральная міністарка працы й сацыяльных справаў. Яна на пасадзе сьпікеркі Бундэстагу сустракалася зь Сьвятланай Ціханоўскай падчас уручэньня прэміі імя Карла Вялікага два гады таму.

Борыс Пісторыюс мае застацца міністрам абароны. У інтэрвію New York Times ён прызнаваў, што ўважліва сачыў за роляй Беларусі ў канфлікце вагнэраўца Прыгожына з кіраўніцтвам Расеі.

Рым Алабалі-Радаван мае стаць фэдэральнай міністаркай эканамічнай супрацы й разьвіцьця. Алабалі-Радаван працавала ўпаўнаважанай ураду ў пытаньнях інтэграцыі, яна вядомая сваёй прыхільнасьцю да пашырэньня магчымасьцяў эміграцыі ў Нямеччыну і натуралізацыі працаўнікоў з патрэбнай краіне кваліфікацыяй. Паходзіць зь сям’і ўцекачоў з Іраку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG