Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэрц будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, а не Лукашэнку», — паліталягіня Марына Рахлей


Фрыдрых Мэрц (зьлева).
Фрыдрых Мэрц (зьлева).

Якім будзе новы ўрад Нямеччыны? Ці варта чакаць ад яго новай палітыкі адносна Беларусі? Як Нямеччына на чале з Фрыдрыхам Мэрцам зьбіраецца адказваць на выклік Дональда Трампа?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае паліталягіня, экспэртка Нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей.

Сьцісла:

  • Паводле Мэрца, новая ўрадавая кааліцыя будзе створаная да Вялікадня.
  • ХДС/ХСС мае больш супярэчнасьцяў з «Альтэрнатывай для Нямеччыны», чым з сацыял-дэмакратамі і «Зялёнымі».
  • Мэрц некалі разоў езьдзіў у Менск у якасьці прадстаўніка канцэрну «Штадлер» і потым выказваў шкадаваньне наконт гэтай паездкі.
  • Адносна Беларусі ўрад Мэрца будзе ў асноўных рысах праводзіць ранейшую палітыку Шольца-Бэрбак.
  • Мэрц будзе праводзіць курс на ўмацаваньне Эўропы, у тым ліку ў сфэры абароны і павелічэньня яе незалежнасьці ад ЗША.

— Вынікі выбараў, якія адбыліся ў Нямеччыне, збольшага вядомыя, хаця захоўваецца інтрыга, ці прайшоў у Бундэстаг Саюз Сары Вагенкнехт. Тым ня менш, якая найбольш імаверная ўрадавая кааліцыя? Ці можа яна быць створаная ўжо літаральна сёньня?

Марына Рахлей
Марына Рахлей

— Не, учора Фрыдрых Мэрц, лідэр пераможцаў на выбарах — хрысьціянскіх дэмакратаў, казаў пра спадзеў, што новая ўрадавая кааліцыя будзе створаная да Вялікадня. А гэта — канец красавіка. Іншымі словамі, новы ўрад удасца сфармаваць за два месяцы. Склад кааліцыі залежыць ад таго, ці ўвойдзе ў бундэстаг Саюз Сары Вагенкнехт. Паводле падлікаў, ім не хапае зусім няшмат. Мяркуючы па ўсім, гэтая партыя будзе патрабаваць перападліку галасоў. Дык вось, калі гэты саюз ня ўвойдзе ў парлямэнт, тады будзе «вялікая кааліцыя» ХДС/ХСС і сацыял-дэмакратаў. Калі ж Саюз Сары Вагенкнехт апынецца ў Бундэстагу, галасоў дзьвюх партыяў для стварэньня ўраду будзе недастаткова, і давядзецца запрасіць у кааліцыю і «Зялёных». Мэрц і раней казаў, і ўчора паўтарыў, што варыянт кааліцыі ХДС/ХСС з ультраправай «Альтэрнатывай для Нямеччыны», якая на ўчорашніх выбарах заняла другое месца, выключаны.

— Кааліцыя зь дзьвюх ці трох партыяў без «Альтэрнатывы для Нямеччыны» («АдН») — наколькі яна будзе ўстойлівая, ці змогуць яны палагодзіць супярэчнасьці паміж сабой? Лідэрка «АдН» Аліс Вайдэль учора прадказала, што кааліцыя безь яе партыі хутка разваліцца.

— Супярэчнасьці паміж хрысьціянскімі дэмакратамі і патэнцыйнымі партнэрамі па кааліцыі — сацыял-дэмакратамі і «Зялёнымі» — меншыя, чым паміж хрысьціянскімі дэмакратамі і «АдН». Аліс Вайдэль кажа, што ХДС фактычна проста скапіявала праграму ў яе партыі. Гэта ня так.

Адна з галоўных праблемаў, якая стаіць перад новым урадам, — праблема дзяржаўнага доўгу. Патрэбныя вялікія інвэстыцыі ў інфраструктуру і ў сыстэму адукацыі. Дылема — састарэлая інфраструктура ці павелічэньне доўгу? З гэтай прычыны развалілася папярэдняя ўрадавая кааліцыя і выбары адбыліся датэрмінова, а ня ўвосень.

Яшчэ адно вельмі вострае пытаньне — міграцыя. Пэўны час таму быў падрыхтаваны законапраект, якія рэалізоўваў новыя, больш жорсткія падыходы да гэтага пытаньня, якія прапанаваў Эўразьвяз. Аднак Мэрц, тады яшчэ лідэр апазыцыі, прапанаваў яшчэ больш жорсткі падыход, які быў падтрыманы толькі «Альтэрнатывай для Нямеччыны». Гэта спарадзіла вялікае абурэньне. Сацыял-дэмакраты і «Зялёныя» ў гэтым пытаньні прытрымліваюцца агульнага падыходу Эўразьвязу і выступаюць супраць таго, каб наагул зачыніць межы Нямеччыны.

Але ў прынцыпе тры партыі — ХДС/ХСС, сацыял-дэмакраты і «Зялёныя» — могуць дамовіцца па гэтых пытаньнях. А калі ўдасца стварыць кааліцыю зь дзьвюх партыяў, дамовіцца будзе прасьцей. Хаця сытуацыя для пераможцаў ня лепшая. Найгоршы вынік, які быў у кансэрватараў у часы прэм’ерства Ангелы Мэркель, — гэта 33% у 2017 годзе. Цяпер — яшчэ менш. А ў сацыял-дэмакратаў вынік сёлета — найгоршы за ўвесь час існаваньня партыі, з канца ХІХ стагодзьдзя.

— Звычайна ў кааліцыі партфэль міністра замежных справаў даставаўся лідэру другога паводле вагі чальца кааліцыі. У дадзеным выпадку гэта сацыял-дэмакраты. Гэтая пасада ў новым урадзе дастанецца Оляфу Шольцу?

— Не, Шольц заявіў раней, што, калі ягоная партыя не пераможа на выбарах, ён сыйдзе з палітыкі. У сацыял-дэмакратаў будзе новы лідэр — хутчэй за ўсё, ім стане Ларс Клінгбайль, малады і амбітны палітык. Але ня факт, што ён у кааліцыі ўзначаліць МЗС. Хрысьціянскія дэмакраты кажуць, што хочуць атрымаць і пасаду канцлера, і пасаду міністра замежных справаў. Бо ў сьвятле міжнародных выклікаў, перад якімі стаіць Нямеччына, гэтая пасада робіцца надзвычай важнай.

— А ў якой ступені зьнешняя палітыка можа зьмяніцца,— прынамсі, адносна Расеі, Беларусі і вайны ва Ўкраіне? Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вітаў посьпех на выбарах хрысьціянскіх дэмакратаў як адыход ад ранейшай палітыкі «адсутнасьці здаровага сэнсу». Але ў кааліцыі будзе адна ці нават дзьве партыі, якія і праводзілі тую папярэднюю палітыку, якая не падабалася Трампу.

— Зьнешняя палітыка будзе мяняцца, бо мяняецца сьвет. Мэрц учора заявіў: «Маім абсалютным прыярытэтам будзе як мага хутчэй умацаваць Эўропу, каб крок за крокам мы маглі сапраўды дамагчыся незалежнасьці ад ЗША. Пасьля заяваў Дональда Трампа, зробленых на мінулым тыдні, стала зразумела, што амэрыканцам (прынамсі, частцы амэрыканцаў у гэтай адміністрацыі) лёс Эўропы ў значнай ступені абыякавы». Ён сказаў, што ня думаў, што яму калі-небудзь давядзецца казаць такія словы.

— Але ў практычным сэнсе: што азначаюць гэтыя дэклярацыі пра «незалежнасьць Эўропы», у тым ліку і ў сфэры абароны? Трамп жа і кажа эўрапейцам: 5% ад ВУП на вайсковыя выдаткі. Нямеччына на чале з Мэрцам гатовая гэтак адказаць на выклік Трампа?

— Мэрц сказаў пра павелічэньне вайсковых выдаткаў. Пачаліся перамовы зь Вялікай Брытаніяй і Францыяй пра супрацу ў ядзернай сфэры. 5% ад ВУП на вайсковыя выдаткі ў агляднай будучыні не выглядаюць рэальнымі. Цяпер у Нямеччыны выдаткі на абарону меншыя за 2%. Але ўжо няма спадзяваньня на гарантыі бясьпекі ад ЗША, на тое, што Трамп будзе выконваць 5-ы артыкул статуту NATO, што ён абароніць краіны Эўропы ў выпадку нападу.

— Ладную частку гарантыяў ЗША Эўропе ў сфэры бясьпекі складае амэрыканскі «ядзерны парасон». Калі ня будзе і яго — ці ідуць размовы пра стварэньне нямецкай ядзернай зброі?

— Не, пакуль пра гэта ніхто не гаворыць. Размова ідзе адно пра перамовы з Парыжам і Лёнданам наконт іхнага «ядзернага парасона».

— Якой будзе палітыка ўраду Мэрца адносна Беларусі? Нават калі будзе працягвацца палітыка санкцыяў і ізаляцыі Расеі, то адносна Беларусі ёсьць варыянты. Можна разглядаць яе як фактычнага сатэліта РФ, як правінцыю Расеі. А можна і спрабаваць вырваць з абдымкаў Пуціна, што, так выглядае, зьбіраецца рабіць адміністрацыя Трампа. А які будзе выбар Мэрца? Ён будзе працягваць палітыку ранейшай кіраўніцы МЗС Бэрбак?

— Так, збольшага будзе працягвацца палітыка Анналены Бэрбак. Хрысьціянскія дэмакраты традыцыйна заўсёды былі на баку беларускай апазыцыі. Калі Мэрц балятаваўся на пасаду кіраўніка Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, яго папракалі, што ён езьдзіў у Менск у якасьці прадстаўніка канцэрну Stadler, які супрацоўнічаў зь Беларусьсю. Мэрц ад гэтага свайго мінулага пазьней дыстанцыяваўся, сышоў з пасады ў Stadler. Ён рэзка крытыкаваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі, асабліва пасьля 2020 году, і выказваў салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Тут варта адзначыць, што Мэрц — партыйны функцыянэр, наўпрост зьнешняй палітыкай раней ніколі не займаўся. Для яго гэта будзе новы досьвед.

— Калі кааліцыю ўдасца стварыць толькі напрыканцы красавіка, то да таго часу кіраваць Нямеччынай будзе ўрад Оляфа Шольца. А калі да Вялікадня Трамп дамовіцца з Пуціным, ці можа Бэрлін разам зь іншымі краінамі ЭЗ і з Уладзімірам Зяленскім сказаць: «Не, мы не прымаем такі мір, мы будзем працягваць дапамагаць зброяй і грашыма Ўкраіне, Украіна будзе змагацца»?

— Такая імавернасьць ёсьць, Эўропа можа пайсьці сваім шляхам. У Мэрца і ў ягонай партыі вельмі артыкуляваная пазыцыя, што Ўкраіне трэба дапамагаць усімі магчымымі сродкамі. У іх гэтая пазыцыя больш выразная і моцная, чым у сацыял-дэмакратаў.

— Калі ў кааліцыі ня будзе «Зялёных», наколькі імаверна, што новы ўрад абыдзецца зь «зялёнай эканомікай» прыкладна гэтак жа, як Трамп абыходзіцца зь ёю ў ЗША? Напрыклад, вернецца да ядзернай энэргетыкі?

— Гэта малаімаверна. АЭС, якія былі замарожаныя, — вельмі старыя, гэта тэхналёгіі 90-х гадоў. Аднавіць іх — гэта зноў жа патрэбны шматмільярдныя інвэстыцыі. А дзе ўзяць грошы? Летась траціна ўсёй электраэнэргіі, генэраванай у Нямеччыне, была прадукаваная альтэрнатыўнымі крыніцамі. Аліс Вайдэль — лідэрка «АдН» — абяцала ў выпадку перамогі пазносіць «ветракі». Мэрц гэтага рабіць дакладна ня будзе, нават калі «Зялёныя» ня ўвойдуць у кааліцыю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG