Пра гэта паведаміў кіраўнік праекту разьвіцьця рэгіянальнага бізнэсу «Расейскі экспартны цэнтар» Сяргей Агаеў. Паводле яго словаў, вывозяць перш за ўсё аграрную прадукцыю і вырабы мэталюргіі.
Што вядома пра незаконны экспарт і як акупацыйныя ўлады спрабуюць прыцягваць замежных інвэстараў — пра гэта піша праект Украінскай службы Радыё Свабода «Навіны Прыазоўя».
«Не набытая ў мясцовага насельніцтва, а фактычна выкрадзеная»
Аграрная прадукцыя — гэта тое, што перш за ўсё вывозяць расейскія акупанты з захопленых імі рэгіёнаў на поўдні Ўкраіны. Незаконны вываз пачаўся неўзабаве пасьля таго, як расейскія вайскоўцы акупавалі гэтыя тэрыторыі, апавядае намесьнік сталага прадстаўніка прэзыдэнта Ўкраіны ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым Дзяніс Чысьцікаў. Паводле яго, як правіла, вытворцаў прымушалі аддаваць прадукцыю па таннай цане.
«Фактычна можна лічыць, што яна была ня купленая ў мясцовага насельніцтва, а менавіта выкрадзеная, бо максымум, што магло атрымаць сельскае насельніцтва ад акупацыйных уладаў, — гэта да 15 працэнтаў ад рэальнага кошту прадукцыі», — адзначыў ён.
На першым этапе Расея выкарыстоўвала парты анэксаванага Крыму для вывазу прадукцыі, потым — парты ў Бярдзянску і Марыюпалі.
«Прадукцыю вывозілі спачатку на тэрыторыю Расеі. Далей пачалі таксама фіксаваць факты выкарыстаньня закрытых партоў часова акупаванага Крыму для пагрузкі і вывазу прадукцыі за мяжу. Пераважна гэта краіны, якія ляяльна адносяцца да Расеі і галасуюць на міжнародных пляцоўках у падтрымку Расеі», — тлумачыць Дзяніс Чысьцікаў. — Разам з тым трэба адзначыць, што тут выкарыстоўваюць шэраг схемаў, якія хаваюць рэальнасьць паходжаньня гэтага тавару. Напрыклад, таварную партыю афармляюць непасрэдна на тэрыторыі РФ, у прыватнасьці ў порце «Каўказ», і ўжо пры падыходзе да Крымскага паўвострава яны выключаюць навігацыйныя сыстэмы, якія даюць магчымасьць адсочваць, і заходзяць ужо ў зачыненыя крымскія парты».
За 2024 год з падкантрольнай акупацыйным уладам часткі Запароскай вобласьці вывезьлі паўтара мільёна тон сельскагаспадарчай прадукцыі, паведамляла ў лютым 2025-га міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі.
Вываз збожжа з акупаванай тэрыторыі Крэмль ператварыў у прапагандысцкі праект. Незаконнымі апэрацыямі кіруюць людзі, набліжаныя да вядучых чыноўнікаў расейскіх уладаў, сьцьвярджае дырэктар «Агенцтва разьвіцьця Прыазоўя» Канстанцін Батозскі.
«Гэта любімы праект акупацыйных уладаў. Менавіта гэтым збожжам Пуцін пышыцца перад замежнымі дзяржавамі, калі кажа, што „мы можам накарміць цэлы сьвет“. І менавіта гэтае збожжа яны выкарыстоўваюць для вывазу за мяжу, — тлумачыць ён. — Раней за гэты напрамак адказваў сын Мікалая Патрушава. У папярэднім урадзе — Міхаіла Мішусьціна — ён узначальваў міністэрства сельскай гаспадаркі. Усё, чым ён займаўся, — гэта легалізацыя і садзейнічаньне экспарту збожжа з нашых акупаваных тэрыторый. Таму што для іх гэта паказчык таго, што яны цалкам інтэгруюць акупаваныя тэрыторыі ў сваю структуру».
Мэталялом з захопленых заводаў
18 сакавіка 2025 году ў акупаваным Данецку прайшоў круглы стол, удзельнікі якога абмяркоўвалі падтрымку экспарту з так званых «новых тэрыторый» — тых, якія Расея захапіла пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. Прадстаўнік «Расейскага экспартнага цэнтру» Сяргей Агаеў зазначыў, што, акрамя прадукцыі аграпрамысловага комплексу, з акупаваных рэгіёнаў вывозяць вырабы мэталюргіі.
У адказ на запыт журналістаў у «Расейскім экспартным цэнтры» адзначылі, што за 2024 год установа падтрымала 31 кампанію з акупаваных рэгіёнаў. Сярод асноўных напрамкаў для экспарту арганізацыя назвала краіны СНД і Кітай. У Кітай, у прыватнасьці, экспартуюць і гатовую прадукцыю — кандытарскія вырабы.
Пры гэтым цэнтар ня даў ніякіх дадатковых падрабязнасьцяў — у прыватнасьці, якую менавіта прадукцыю мэталюргіі вывозяць з акупаваных тэрыторый. Але, кажа Канстанцін Батозскі, гэта найперш мэталялом.
«Гэта тое, у што ператвараюцца большасьць прамысловых прадпрыемстваў. Можна сказаць, што іх чакае такі ж лёс, як буйныя марыюпальскія заводы — „Азоўсталь“, ММК ім. Ільліча і „Азоўмаш“. Частка цэхаў там працуе на рамонт, гэта значыць, па сутнасьці, выконвае функцыі станцыі тэхнічнага абслугоўваньня расейскай тэхнікі, а астатняе абсталяваньне зьнішчана і вывезена на мэталялом, — кажа ён. — І мэталялом гэты яны таксама прадаюць збольшага на экспарт, бо ў іх дастаткова шмат уласных магутнасьцяў па вытворчасьці сталі і яны ніякім чынам не зацікаўленыя ў разьвіцьці нашых акупаваных тэрыторый, у аднаўленьні нашых прадпрыемстваў. У іх ёсьць уласныя прадпрыемствы, перш за ўсё ў галіне мэталюргіі і вугальнай прамысловасьці, і расейцам канкурэнты не патрэбныя».
Незаконны экспарт з акупаваных тэрыторый адсочваюць украінскія дыпляматы. Яны вывучаюць інфармацыю ад спэцслужбаў, дасьледаваньні на базе адкрытых крыніц і публікацыі ў мэдыя, кажа прадстаўнік міністэрства замежных спраў Украіны Георгій Ціхі. У выпадку, калі падазрэньні пацьвярджаюцца, маюць зносіны з чыноўнікамі замежных дзяржаў і заклікаюць не купляць крадзенае.
«Такія неаднаразовыя пасьпяховыя выпадкі былі, напрыклад, з Эгіптам, якому Расея спрабавала актыўна прадаваць крадзенае, але дзякуючы дыпляматычнай працы атрымлівалася перадухіляць такія продажы, — распавядае ён. — Калі ня дзейнічае зварот наўпрост, то можна мець зносіны з партнэрамі аб накладаньні санкцыяў, другасных санкцыяў, наогул, аб розных пакараньнях. Звычайна гэта палохае і прыватныя кампаніі, і ўрады».
Расея спрабуе як мага больш ускладніць адсочваньне незаконнага экспарту. Але разам з тым мае патрэбу ў новых рынках збыту для прадукцыі з акупаваных тэрыторый. Таму акупантам даводзіцца зьвяртацца да хітрыкаў, кажа Дзяніс Чысьцікаў.
«Згодна з досьведам часова акупаванага Крыму, яны спрабуюць выкарыстоўваць розныя міжнародныя выставы, альбо ў сябе на тэрыторыі РФ, куды прыцягваюць замежныя дзяржавы, альбо ў краінах, якія станоўча адносяцца да Расеі. Сярод расейскай прадукцыі яны дэманструюць і прадукцыю з часова акупаваных тэрыторый па заніжаным кошце, спрабуючы прыцягнуць новыя рынкі. Варта адзначыць, што ў іх ня вельмі атрымліваецца, — кажа Дзяніс Чысьцікаў. — А тыя факты, дзе ўсё ж атрымліваецца, мы спрабуем фіксаваць, камунікаваць у тым ліку з прыцягненьнем Міністэрства замежных спраў, перадухіляць такія сытуацыі».
«Фэйкавыя інвэстары»
Расея ўвесь час спрабуе прыцягваць замежныя кампаніі для дзейнасьці на падкантрольных ёй тэрыторыях Украіны. Так, 13 сакавіка акупацыйнае кіраўніцтва Бярдзянскага раёну паведаміла, што лідэры фармацэўтычнай прамысловасьці Індыі пабудуюць у Бярдзянскім раёне завод магутнасьцю паўтара мільёна упаковак за год. Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны і сакратарка групы па міжпарлямэнцкіх сувязях з Індыяй Юлія Сірко (Кліменка) скептычна ставіцца да гэтых заяваў.
«Мы правялі дасьледаваньне, апыталі ўсе магчымыя крыніцы. Паводле нашых зьвестак, ніводная з шасьці фармацэўтычных індыйскіх кампаній, якія працуюць на тэрыторыі Расеі, не падпісвала ніякіх пагадненьняў на акупаваных тэрыторыях, у тым ліку ў Бярдзянску. Гэтая інфармацыя, хутчэй за ўсё, фэйкавая і, па сутнасьці, паказвае тую бурную актыўнасьць, якую яны разьвіваюць, каб замыліць вочы насельніцтву на акупаваных тэрыторыях, а таксама падаць фэйкавыя навіны ў міжнародную прастору, — кажа дэпутат. — Нам невядомая ніводная індыйская кампанія, якая працуе на акупаваных тэрыторыях. Тым больш, што Ўкраіна рэгулярна пасылае ноты ўсім амбасадам пра немагчымасьць функцыянаваньня і разьмяшчэньня там ні новых, ні старых вытворчасьцяў».
Пакуль Расеі ўдаецца прыцягваць да дзейнасьці на акупаваных тэрыторыях хіба што асобных замежных прадпрымальнікаў, а не буйныя прамысловыя групы ці дзяржавы. Гэта датычыцца таксама Кітая, заключае Канстанцін Батозскі.
«Насамрэч Расея выкарыстала ўсе магчымасьці, каб зацягнуць на акупаваныя тэрыторыі як мага больш прыватных розных дробных ініцыятываў. Напрыклад, ёсьць нейкі амэрыканскі фэрмэр, які жыве на тэрыторыі акупаванай Данецкай вобласьці. Ёсьць кітайцы. Але казаць пра тое, што гэта сыстэмная палітыка Кітая ці Індыі, я б ня стаў, бо гэтыя краіны не прызналі акупацыю часткі Данецкай, Херсонскай і Запароскай вобласьцяў. Яны ўсё ж выступаюць за Ўкраіну ў яе межах 1991 году, — запэўнівае ён. — Колькі чалавек жыве ў Індыі і Кітаі? Лік ідзе на мільярды і пракантраляваць кожнага свайго грамадзяніна немагчыма, тым больш што вялізная колькасьць грамадзян гэтай краіны вучацца ў Расеі, застаюцца потым там і маюць падвойнае грамадзянства».
На акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях знаходзяцца крытычныя рэсурсы больш чым на 350 мільярдаў даляраў, паведаміла першая віцэ-прэм’ер-міністарка — міністарка эканомікі Ўкраіны Юлія Свірыдзенка.
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у інтэрвію Reuters, што кошт карысных выкапняў Украіны на тэрыторыях, якія цяпер кантралюе Расея, ацэньваецца ў трыльёны даляраў.
Матэрыял цалкам можна прачытаць на сайце Ўкраінскай службы Радыё Свабода.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апрылюдніў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум