Заява прагучала празь дзень пасьля асабістай сустрэчы Трампа з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім у ватыканскай базыліцы Сьвятога Пятра ў дзень пахаваньня папы Францішка.
«Ну, я хачу, каб ён перастаў страляць, сеў і падпісаў пагадненьне», — сказаў Дональд Трамп журналістам 27 красавіка ў адказ на пытаньне, якіх дзеяньняў ён чакае ад Пуціна.
Трамп таксама заявіў, што яго сустрэча з Зяленскім 26 красавіка прайшла добра, але дадаў, што, на яго думку, Зяленскі гатовы аддаць Крымскі паўвостраў Расеі ў якасьці саступкі — але ўкраінскі лідэр даўно заяўляў, што ніколі ня зробіць гэтага.
«О, я думаю, што так», — адказаў Трамп, калі яго спыталі, ці лічыць ён, што Зяленскі гатовы «аддаць» тэрыторыю, якую Расея акупавала ў 2014 годзе і незаконна анэксавала.
Сустрэча Трампа зь Зяленскім у Ватыкане 26 красавіка, якая доўжылася каля 15 хвілін, была іх першаю пасьля публічнай сваркі падчас абмеркаваньня мірных перамоваў.
«Я бачу [Зяленскага] спакайнейшым, — сказаў Трамп. — Я думаю, што ён разумее сытуацыю, і думаю, што ён хоча заключыць угоду».
Зяленскі заявіў, што апошнія перамовы становяць сабой «вельмі сымбалічную сустрэчу, якая мае патэнцыял стаць гістарычнай, калі мы дасягнем сумесных вынікаў».
З моманту ўступленьня на пасаду амаль 100 дзён таму Трамп зрабіў спыненьне 38-месячнай вайны галоўным прыярытэтам, заклікаўшы ў мінулым месяцы да неадкладнага і поўнага спыненьня агню.
У той час як Зяленскі пагадзіўся з прапановай Трампа, Пуцін працягвае перамовы з Вашынгтонам аб дэталях спыненьня агню.
Экспэрты кажуць, што Пуцін зацягвае перамовы, бо яго сілы маюць перавагу на полі бою, і спыненьне агню на цяперашняй лініі судакрананьня не дазволіць яму дасягнуць мэты — поўнага захопу чатырох рэгіёнаў усходняй Украіны, якія Расея абвясьціла анэксаванымі ў 2022 годзе: Данецкую, Луганскую, Запароскую і Херсонскую вобласьці.
Экспэрты сьцьвярджаюць, што саступка тэрыторыі Расеі была б палітычна і канстытуцыйна немагчымай для Зяленскага. Грамадзяне Ўкраіны і заканадаўцы рэзка супраць гэтай ідэі.
Раней у той жа дзень дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што пагадненьне аб спыненьні ўварваньня Расеі ва Ўкраіну стала «бліжэйшым», нават нягледзячы на тое, што Зяленскі заклікаў узмацніць міжнародны ціск на Крэмль пасьля апошняй хвалі атак уздоўж лініі фронту.
«Яны [Расея і Ўкраіна] ў цэлым бліжэйшыя, чым калі-небудзь за апошнія тры гады, але гэтага ўсё яшчэ няма», — сказаў Рубіё ў інтэрвію NBC News 27 красавіка.
Пасьля сустрэчы зь Зяленскім Трамп, што бывае рэдка, пакрытыкаваў Пуціна, асудзіўшы працяглыя напады Расеі на Ўкраіну, у выніку якіх за апошнія два тыдні загінулі дзясяткі мірных жыхароў.
«У Пуціна не было ніякіх прычын абстрэльваць ракетамі мірныя раёны, гарады і мястэчкі ў апошнія некалькі дзён. Гэта прымушае мяне думаць, што, магчыма, ён ня хоча спыніць вайну, ён толькі падыгрывае мне, і зь ім трэба абыходзіцца інакш, праз банкаўскія ці другасныя санкцыі?» — напісаў Трамп у сацыяльных сетках 26 красавіка.
Форум