Пра гэта піша тэлеграм-канал «ОтВинта | Авиация Беларуси». Згодна з сайтам дзяржаўных закупаў, Міністэрства абароны плянуе купіць:
- 187 FPV-дронаў Caddx X10 (AI version) або аналяг
- 190 FPV-дронаў Caddx X10 (IR version) або аналяг
- 20 комплексаў з FPV-дронамі
- 81 тактычны бесьпілётны авіяцыйны комплекс на базе мультыкоптэра DJI Mavic3 Thermal у камплекце або аналяг
- 83 тактычныя бесьпілётныя авіяцыйныя комплексы на базе мультыкоптэра Autel EVO MAX 4T у камплекце або аналяг
Гэта пераважна бесьпілётнікі кітайскай вытворчасьці, адзначае тэлеграм-канал і зьвяртае ўвагу, што DJI Mavic3 Thermal і Autel EVO MAX 4T прызначаныя для паветранай выведкі. «Апошні, да таго ж, акрамя цеплавізійнай камэры, абсталяваны лазэрным далямерам. Грунтуючыся на тэхналёгіі распазнаньня ШІ, ён здольны аўтаматычна ідэнтыфікаваць і захопліваць розныя тыпы цэляў, такіх як крыніцы цяпла, людзі ў руху або транспартныя сродкі», — гаворыцца ў паведамленьні каналу.
Адзначаецца, што акрамя кітайскіх дронаў, Міністэрства абароны Беларусі апошнія некалькі гадоў «актыўна закупляла» расейскія бесьпілётныя авіяцыйныя комплексы «Supercam» розных мадыфікацый, а таксама беларускія БАК «Беркут-3».
- 23 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў https://www.svaboda.org/a/33394835.html указ, які спрашчае парадак увозу ў Беларусь БПЛА і авіямадэляў «у інтарэсах сілавых, праваахоўных і іншых арганізацыяў». Акрамя таго, дзеля ўзмацненьня кантролю за абарачэньнем дронаў уводзяць абавязак для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў «узгадняць продаж БПЛА да яго ажыцьцяўленьня».
- У верасьні 2023 году Лукашэнка забараніў сваім указам увоз, выраб і выкарыстаньне дронаў у Беларусі для грамадзян. Цяпер імі могуць карыстацца толькі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі. Калі ІП ці юрыдычная асоба хоча завезьці дрон на тэрыторыю Беларусі, неабходна атрымаць дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў. Фізычным асобам улады далі 6 месяцаў, каб «рэалізаваць» (прадаць) свае дроны ІП ці юрыдычным асобам ці перадаць дзяржаве на захоўваньне. Цяпер у Беларусі разглядаюць пытаньне ўзмацненьня адказнасьці за незаконнае выкарыстаньне бесьпілётнікаў — ажно да крымінальнай.
- 30 сьнежня 2024 году начальнік упраўленьня выкарыстаньня і разьвіцьця бесьпілётных авіяцыйных комплексаў Узброеных сілаў Міхаіл Бранскі анансаваў стварэньне спэцыялізаваных клясаў рыхтаваньня апэратараў БПЛА на вайсковых факультэтах і катэдрах усіх вышэйшых навучальных установаў Беларусі.
- Міністэрства абароны Беларусі рэгулярна паведамляе пра вучэньні з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў.
Форум