Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Бэрліну ня хочуць бачыць дыпляматаў Беларусі і Расеі на цырымоніях да гадавіны заканчэньня Другой усясьветнай вайны


Дэманстрацыя ў падтрымку Ўкраіны ў Бэрліне. Архіўнае фота
Дэманстрацыя ў падтрымку Ўкраіны ў Бэрліне. Архіўнае фота

Урад Нямеччыны ня хоча, каб прадстаўнікі Расеі і Беларусі выкарыстоўвалі Другую ўсясьветную вайну для апраўданьня агрэсіі супраць Украіны.

Каб не выключаць прадстаўнікоў Расеі і Беларусі, Сэнат Бэрліну цалкам устрымаўся ад запрашэньня замежных гасьцей на памятныя імпрэзы ў гонар заканчэньня Другой усясьветнай вайны, паведамляе Berliner Zeitung.

Сэнат Бэрліну чакае, што афіцыйныя прадстаўнікі Расеі і Беларусі ня будуць браць удзел у ніякіх памятных імпрэзах, адзначылі ў прэс-службе ўраду Бэрліну, на паведамленьне якой спасылаецца выданьне. Афіцыйных прадстаўнікоў іншых дзяржаваў таксама ня будуць запрашаць на гэтыя імпрэзы. У Сэнаце выказалі надзею, што прадстаўнікі розных краін будуць паважаць рашэньне Сэнату і таму «не павінны ўзьнікнуць пытаньні захаваньня законнасьці», піша Позірк.

Нягледзячы на рэкамэндацыю МЗС Нямеччыны мясцовым уладам не запрашаць прадстаўнікоў Расеі і Беларусі на памятныя імпрэзы, Бэрлінская акруга Трэптаў-Кёпэнік ня хоча забараняць ім прысутнічаць на сваёй тэрыторыі.

«З прычыны гістарычнай ролі Савецкага Саюзу ў вызваленьні Нямеччыны і Эўропы ад нацыянал-сацыялізму, а таксама зважаючы на ахвяры, панесеныя Савецкім Саюзам у Другой сусьветнай вайне, кіраўніцтва акругі Трэптаў-Кёпэнік не лічыла б мэтазгодным выправаджаць прадстаўнікоў амбасадаў Расеі і Беларусі, нават калі б яны зьявіліся без папярэджаньня», — цытуе прэс-сакратара акругі Berliner Zeitung.

У акрузе Трэптаў-Кёпэнік знаходзіцца мэмарыял загінулым у баях за Бэрлін савецкім вайскоўцам. «Воін-вызваліцель» — адзін з трох галоўных савецкіх ваенных мэмарыялаў у нямецкай сталіцы разам з мэмарыяламі ў Панкаве і Тыргартэне. Тут таксама разьмешчана пахаваньне парэшткаў больш як 7 тысяч савецкіх вайскоўцаў. Штогод 8 і 9 траўня туды прыходзяць ушанаваць іх памяць, у тым ліку дыпляматы Расеі.

7 красавіка нямецкі часопіс Der Spiegel паведаміў, што Бундэстаг выключае амбасадараў Расеі і Беларусі з цэнтральных імпрэзаў з нагоды 80-годзьдзя заканчэньня Другой сусьветнай вайны 8 траўня. Дыпляматычны корпус, да якога належаць усе акрэдытаваныя ў Бэрліне амбасадары, быў запрошаны, паведаміла прэс-служба Бундэстагу інфармацыйнаму агенцтву DPA. Аднак была прынятая да ўвагі «ацэнка фэдэральнага ўраду што да запрашэньня прадстаўнікоў», у выніку якой амбасадары Расеі і Беларусі не былі запрошаныя.

Міністэрства замежных справаў Нямеччыны ў памятцы для фэдэральных земляў, мясцовых уладаў і мэмарыяльных аб’ектаў раней рэкамэндавала не дапускаць прадстаўнікоў Расеі і Беларусі на памятныя імпрэзы, прысьвечаныя заканчэньню Другой сусьветнай вайны. Прычынай гэтага стала асьцярога, што Масква можа «выкарыстоўваць гэтыя імпрэзы ў сваіх мэтах і беспадстаўна зьвязваць іх з агрэсіўнай вайной супраць Украіны».

Раней дэлегацыю ўладаў Беларусі не запрасілі на цырымонію, прысьвечаную 80-й гадавіне вызваленьня нацысцкага канцэнтрацыйнага лягеру Асьвенцім (нямецкая назва Аўшвіц-Біркенаў) 27 студзеня ў Польшчы. Беларусь на цырымоніі прадстаўлялі дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская і кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка.

Беларускіх дыпляматаў не запрасілі таксама на ўшанаваньне 80-годзьдзя вызваленьня канцлягераў Бухенвальд і Мітэльбаў-Дора, што выклікала абурэньне МЗС Беларусі.

Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году і падтрымка расейскай агрэсіі рэжымам Лукашэнкі стала прычынай, празь якую афіцыйных прадстаўнікоў дзьвюх краін перасталі запрашаць на знакавыя міжнародныя захады, у тым ліку зьвязаныя з памяцьцю аб Другой усясьветнай вайне.

У 2022, 2023 і 2024 гадах Японія адмовіла ім ва ўдзеле ў цырымоніі памяці ахвяраў атамных бамбаваньняў Хіросімы і Нагасакі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG