Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе расейскай спэцслужбы.
Паводле сьцьвярджэньня ФСБ, падчас выступаў у краінах Эўразьвязу комікі выказваліся супраць «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (так расейскія ўлады называюць вайну супраць Украіны) і «трансьлявалі ідэі, якія падрываюць асновы канстытуцыйнага ладу Расеі». Гэтыя дзеяньні, на думку спэцслужбы, нясуць «пагрозу нацыянальнай бясьпецы» Расеі. Рашэньне прынятае ў адпаведнасьці з законам «Аб грамадзянстве Расейскай Фэдэрацыі», гаворыцца ў паведамленьні.
Камісаранку і Раманаву забаранілі ўезд у Расею.
Комік Слава Камісаранка — ураджэнец Беларусі. Вядомы сваімі пародыямі на Аляксандра Лукашэнку, выступаў у падтрымку акцыяў пратэсту супраць прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Да канца 2021 году Камісаранка атрымаў расейскае грамадзянства, а ў 2022 годзе зьехаў з Расеі. У Беларусі яго завочна асудзілі ў сьнежні 2024 году на 6 гадоў калёніі паводле артыкулаў «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), а пасьля дадалі ў сьпісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». Ягоныя сацыяльныя сеткі прызналі «экстрэмісцкімі».
Былы ўдзельнік праекту Stand Up на расейскім канале ТНТ Дзьмітры Раманаў нарадзіўся і вырас у Адэсе, а потым пераехаў у Маскву. У 2018 годзе ён атрымаў расейскае грамадзянства. У 2022 годзе Раманаў зьехаў з Расеі. У 2023 годзе актор расказаў, што атрымаў ізраільскі пашпарт. Ён таксама падаў заяўку на грамадзянства Румыніі.
Форум