Пахаваньне папы Францішка пачнецца ў суботу, 26 красавіка ў 10.00 у саборы Сьвятога Пятра ў Рыме, гаворыцца ў паведамленьні Ватыкана.
Ватыкан раней апублікаваў духоўны запавет папы Рымскага Францішка, які памёр ад інсульту 21 красавіка.
У ім папа Францішак просіць пахаваць яго ў папскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ, а не ў саборы Сьвятога Пятра, дзе хавалі папярэдніх папаў Рымскіх.
Дакумэнт датаваны 29 чэрвеня 2022 году, у ім — апошняе жаданьне пантыфіка адносна месца ягонага пахаваньня.
«Я заўсёды давяраў сваё жыцьцё, а таксама сваё сьвятарскае і біскупскае служэньне Маці Пана нашага, Найсьвяцейшай Марыі. Таму я прашу, каб мае тленныя парэшткі былі пахаваныя ў чаканьні дня ўваскрэсеньня ў папскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ», — гаворыцца ў запавеце папы Францішка.
Базыліка Санта-Марыя-Маджорэ — адна з чатырох папскіх базылік (Basilica Papale), якая мае тытул Вялікай базылікі і прысьвечаная Дзеве Марыі Сьнежнай. Уваходзіць у сьпіс сямі рымскіх паломніцкіх базылік.
Таксама ён просіць, каб пахаваньне было простым. Выдаткі на яго будуць пакрытыя за кошт сумы, ахвяраванай дабрачынцам, якую папа Францішак загадзя перадаў у базыліку.
«Магіла павінна быць у зямлі; простая, без асаблівых упрыгожваньняў і з адзіным надпісам: Францішак», — гаворыцца ў запавеце.
Папа Францішак неаднойчы заяўляў пра гэта і раней: для свайго пахаваньня ён хацеў бы больш стрыманую цырымонію, чым тыя, якія праводзілі для папаў у мінулым, «з годнасьцю, але як у кожнага хрысьціяніна», казаў ён, піша італьянскае агенцтва ANSA. Таксама ў некалькіх інтэрвію ён казаў, што ня хоча, каб яго цела было выстаўлена на катафалку, але ў адкрытай труне.
Пазьней папа Францішак выклаў гэтыя правілы пахаваньня ў пісьмовым выглядзе. Яны былі напісаныя да яго пахаваньня, але будуць сапраўдныя (калі іх ня зьменяць) для ўсіх пантыфікаў. Сярод найбольш значных новаўвядзеньняў — спрашчэньне папскіх тытулаў, якое, паводле папы Францішка, павінна «падкрэсьліць, што пахаваньне Рымскага пантыфіка — гэта пахаваньне пастыра і вучня Хрыста, а не магутнага чалавека гэтага сьвету». Таксама сярод новаўвядзеньняў — выстаўленьне цела Папы для пакланеньня вернікам у адкрытай труне, адмена традыцыйных трох трунаў з кіпарыса, сьвінцу і дуба (папа Францішак прасіў пакласьці яго цела ў адзіную труну з дрэва і цынку). Яшчэ адзін новы элемэнт — увядзеньне неабходных указаньняў для магчымага пахаваньня ў месцы, адрозным ад Ватыканскай базылікі.
Дату пахаваньня папы Францішка прызначылі на 26 красавіка. Згодна з нормамі Universi Dominici Gregis, яно павінна адбыцца паміж чацьвёртым і шостым днямі пасьля ягонай сьмерці, піша ANSA.
Паміж 15-м і 20-м днём пасьля сьмерці папы (паміж 6 і 10 траўня) павінен сабрацца Канкляў, які мусіць абраць новага папу рымскага. Калі ўсе кардыналы, якія ўдзельнічаюць у абраньні папы, будуць у Рыме, пачатак Канкляву могуць перанесьці на колькі дзён раней. Цяпер права голасу маюць 135 кардыналаў да 80 гадоў, якія змогуць прыняць удзел у Канкляве для выбару новага папы, пад пытаньнем толькі ўдзел гішпанскага кардынала Карласа Асора Сьеры, якому 16 траўня споўніцца 80 гадоў.
Розныя імёны магчымых пераемнікаў папы Францішка гучаць ужо некаторы час, адзначае ANSA: ад дзяржсакратара Ватыкану П’етра Параліна да арцыбіскупа Балоньні Матэа Марыя Цупі, ад лацінскага Патрыярху Ерусаліма П’ербатысты Піцабалы да вугорца Пэтэра Эрдо (арцыбіскуп Эстэргамска-Будапэшцкі), ад арцыбіскупа Марсэльскага, француза Жан-Марка Авеліна да нідэрляндзкага кардынала Вілема Эйка, ажно да філіпінца Луіса Тагле, які прадстаўляе Азіяцкую царкву, або кангалезца Фрыдаліна Амбонга Бэсунгу, які ўвасабляе афрыканскую пэрспэктыву, або нават бразыльца Леанарда Ульрыха Штайнэра, арцыбіскупа Манауса, які прадстаўляе лацінаамэрыканцаў.
Зазіраючы наперад, можна сказаць, што на Канкляў прыедуць 59 кардыналаў з Эўропы (19 з Італіі), 37 з Амэрыкі (16 з Паўночнай Амэрыкі, чатыры з Цэнтральнай Амэрыкі, 17 з Паўднёвай Амэрыкі), 20 кардыналаў з Азіі, 16 з Афрыкі, тры з Акіяніі. Самым маладым удзельнікам Канкляву стане ўкраінец з Аўстраліі Мікалай Бычок, якому 13 лютага споўнілася 45 гадоў, найстарэйшым — гішпанец Карлас Асора Сьера (яму 16 траўня споўніцца 80 гадоў).
Форум