Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля хваробы памёр папа Рымскі Францішак. Што ён казаў у апошнім звароце Urbi et Orbi


Папа Рымскі Францішак яшчэ выступіў у Рыме на Вялікдзень 20 красавіка 2025
Папа Рымскі Францішак яшчэ выступіў у Рыме на Вялікдзень 20 красавіка 2025

Папа Рымскі Францішак яшчэ выступіў у нядзелю на Вялікдзень.

Папа Рымскі Францішак памёр у Велікодны панядзелак, 21 красавіка 2025 году ва ўзросьце 88 гадоў у сваёй рэзыдэнцыі ў ватыканскім доме Санта-Марта, паведамілі ў Ватыкане.

Францішак сёлета не праводзіў велікодныя службы ў Рыме, даручыў гэта кардыналам, паведамляла прэс-служба Ватыкану Vatican News.

Але 20 красавіка папа Францішак у апошні раз зьвярнуўся да вернікаў з традыцыйным велікодным пасланьні Urbi et Orbi.

Папа Рымскі Францішак выступае ў нядзелю 20 красавіка на Вялікдзень.
Папа Рымскі Францішак выступае ў нядзелю 20 красавіка на Вялікдзень.

14 лютага папу Рымскага Францішка шпіталізавалі з прыступам бранхіту, які перарос у двухбаковую пнэўманію, што было для яго асабліва сур’ёзным захворваньнем, бо ў маладосьці пантыфік перанёс плеўрыт і яму выдалілі частку аднаго лёгкага.

Папа Францішак ня быў на публіцы з 23 сакавіка, калі ён коратка прывітаў усіх перад выпіскай зь лякарні Джэмэлі ў Рыме пасьля больш чым пяці тыдняў лекаваньня.

6 красавіка пантыфік упершыню пасьля хваробы зьявіўся на публіцы па заканчэньні імшы на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане.

Рэакцыі на сьмерць папы

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выказала спачуваньні ў сувязі са сьмерцю папы Францішка каталіцкай супольнасьці і «ўсім, каго закранула гэта страта», адзначыўшы, што «ягоны пантыфікат — прыклад сапраўднага служэньня чалавеку: з клопатам пра людзей, зь нястомнай барацьбой за годнасьць, свабоду і справядлівасьць».

«Папа Францішак падзяляў каштоўнасьці важныя для беларусаў — павагу да жыцьця, свабоды і чалавечай годнасьці. Ён выступаў супраць сьмяротнага пакараньня, называў чалавечае жыцьцё найвышэйшай каштоўнасьцю і сьвятасьцю. Ён ня раз праяўляў салідарнасьць з палітвязьнямі і заклікаў да іх вызваленьня, а таксама падтрымліваў імкненьне да свабоднай Беларусі», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Прэм’ер Нідэрляндаў Дзік Схоф заявіў, што «папа Францішак ва ўсіх адносінах быў чалавекам з народа:

«Сусьветная каталіцкая супольнасьць разьвітваецца з лідэрам, які ўсьведамляў вострыя праблемы сучаснасьці і зьвяртаў на іх увагу. Сваім цьвярозым ладам жыцьця, актамі служэньня і спагады папа Францішак быў узорам для перайманьня для многіх — як католікаў, так і некатолікаў. Мы ўспамінаем яго з вялікай пашанай».

Будучы канцлер Германіі Фрыдрых Мэрц заявіў, што папу Францішка запомняць за яго «нястомную прыхільнасьць да самых слабых у грамадзтве».

Старшыня Эўрапейскай камісіі Уршула фон дэр Ляен напісала:

«Сёньня сьвет смуткуе па сьмерці папы Францішка. Ён натхніў мільёны, далёка за межамі Каталіцкага Касьцёла, сваёй пакорай і чыстай любоўю да менш шчасьлівых».

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што ў сваім пастырскім служэньні Францішак кіраваўся пакорай і сьціпласьцю:

«Ён быў вялікім апосталам Міласэрнасьці, у якой бачыў адказ на выклікі сучаснага сьвету».

Прэзыдэнт Ізраіля Ісак Герцаг заявіў, што папа Францішак «быў чалавекам глыбокай веры, міру і спагады, які спрыяў сувязям з яўрэйскім сьветам:

«Я шчыра спадзяюся, што на яго малітвы аб міры на Блізкім Усходзе і аб бясьпечным вяртаньні закладнікаў хутка будзе адказ».

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс заявіў:

«Маё сэрца зь мільёнамі хрысьціян ва ўсім сьвеце, якія любілі яго. Я быў рады яго ўчора пабачыць, хоць ён быў, відаць, вельмі хворы».

Мітрапаліт Эпіфаній, прадстаяцель Украінскай Праваслаўнай Царквы згадаў, што падчас асабістых сустрэч папа Францішак выказаў шчырую занепакоенасьць лёсам украінцаў, якія пакутуюць ад расейскай агрэсіі:

«Для нас надзвычай важнымі былі яго намаганьні і асабістая дапамога ў вызваленьні ўкраінскіх ваеннапалонных і вяртаньні ва Ўкраіну дзяцей, дэпартаваных расейскімі ўладамі. Памерлы пантыфік імкнуўся, згодна са сваімі перакананьнямі, дапамагчы ўкраінцам дасягнуць міру і заўсёды заклікаў аб гэтым маліцца. Учора ў велікодным пасланьні Папа зноў узгадаў пра «разьдзіраную вайной Украіну», выказаўшы надзею на ўсталяваньне ў нашай краіне справядлівага і трывалага міру згодна з Божай воляй».

Што Францішак сказаў у сваім апошнім звароце Urbi et Orbi

20 красавіка папа Францішак у апошні раз зьвярнуўся да вернікаў і асобна згадаў Украіну, Сырыю, М’янму, Судан і шэраг іншых краінаў. Гэта было ягонае апошняе традыцыйнае велікоднае пасланьне Urbi et Orbi (гораду і сьвету).

«Я хацеў бы, каб мы зноў паверылі ў тое, што мір магчымы! Няхай зь Ерусаліму, дзе сёлета католікі і праваслаўныя сьвяткуюць Вялікдзень разам, сьвятло міру распаўсюдзіцца на ўсю Сьвятую Зямлю і ўвесь сьвет», — пажадаў Францішак ў сваім велікодным пасланьні Urbi et Orbi, якое цытуе Ватыканскае радыё.

«Колькі прагненьня сьмерці мы бачым штодзень у шматлікіх канфліктах па ўсім сьвеце! Колькі гвалту мы бачым нават у сем’ях, у дачыненьні жанчын і дзяцей! Колькі пагарды да слабейшых, да змаргіналізаваных, да мігрантаў! Сёньня я заклікаю ўсіх нас адрадзіць надзею і давер да іншых, нават тых, хто далёкі, хто мае іншыя звычаі, іншы лад жыцьця, іншыя ідэі і традыцыі. Бо ўсе мы — дзеці Божыя!» — нагадаў Папа.

«Я жадаю, каб мы зноў паверылі ў тое, што мір магчымы! Няхай з Гроба Пана, з Касьцёла Ўваскрасеньня ў Ерусаліме, дзе сёлета католікі і праваслаўныя сьвяткуюць Вялікдзень разам, сьвятло міру распаўсюдзіцца на ўсю Сьвятую Зямлю і ўвесь сьвет», — пажадаў Францішак.

«Заклікаю бакі да спыненьня агню! Няхай закладнікі будуць вызваленыя! Няхай дапамога дойдзе да тых, хто галадае і прагне мірнай будучыні!» — заклікаў пантыфік.

Францішак выступае зь велікодным пасланьнем Urbi et Orbi
Францішак выступае зь велікодным пасланьнем Urbi et Orbi

Сьвяты Айцец зьвярнуўся да ўсіх палітыкаў сьвету, заахвочваючы іх не паддавацца лёгіцы страху, а ўжываць рэсурсы дзеля дапамогі тым, хто патрабуе, дзеля барацьбы з голадам і падтрымкі ініцыятыў разьвіцьця. Гэта сапраўдная «зброя» міру — тая, што стварае будучыню, а ня сее сьмерць.

«Няхай прынцып гуманнасьці заўсёды будзе асновай усіх нашых дзеяньняў. Перад тварам жорсткасьці канфліктаў, якія закранаюць мірных жыхароў, школы, шпіталі і супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый, мы ня можам дазволіць сабе забыць пра тое, што гэта не „аб’екты“, а людзі, з душой і годнасьцю», — нагадаў Папа.

«У гэты Юбілейны год, няхай Вялікдзень стане добрай нагодай для вызваленьня ваеннапалонных і палітычных вязьняў!» — пажадаў Францішак, заклікаючы вернікаў даверыцца Пану, «бо толькі Ён можа зрабіць усё новым!»



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG