Міністар абароны ЗША Піт Гэґсэт нібыта абмяркоўваў пляны ўдараў па пазыцыях хусітаў у Емэне ў чаце ў мэсэнджэры Signal, у якім таксама знаходзяцца ягоная жонка, брат і асабісты адвакат, паведаміла са спасылкай на свае крыніцы газэта The New York Times.
Інфармацыю пацьвердзілі крыніцы CNN. Пасьля гэтага прэс-сакратар Пэнтагону выступіў з заявай, у якой абвяргае гэтыя паведамленьні СМІ.
The New York Times са спасылкай на крыніцы сьцьвярджае, што Гэґсэт нібыта стварыў чат пад назвай «Defense | Team Huddle» у студзені 2025 году, яшчэ да таго, як стаў міністрам абароны ЗША. Апроч жонкі і брата Гэґсэта, у групе знаходзіліся яшчэ каля дзесяці чалавек зь ягонага атачэньня. Пры стварэньні чату Гэґсэт нібыта выкарыстоўваў свой асабісты нумар тэлефона.
Ён працягнуў карыстацца гэтым чатам і пасьля зацьвярджэньня на пасаду міністра абароны ЗША, сьцьвярджаюць крыніцы выданьня. Паводле іх, Гэґсэт дзяліўся ў чаце такімі зьвесткамі, як, напрыклад, расклад палётаў самалётаў F/A-18 Hornets, накіраваных на хусітаў у Емэне.
Брат кіраўніка Пэнтагону працуе ў міністэрстве абароны ЗША, аднак ягоная жонка, былая прадусарка Fox News Джэніфэр Гэґсэт, у штаце вайсковага ведамства не знаходзіцца. Ці маюць яны доступ да сакрэтнай інфармацыі, незразумела.
Пасьля гэтай публікацыі прэс-сакратар Пэнтагону Шон Парнэл апублікаваў у сацсетцы X заяву, у якой ён называе «фэйкавай» інфармацыю, апублікаваную The New York Time.
Прэс-сакратар Пэнтагону сьцьвярджае, што адзінай крыніцай выданьня сталі «незадаволеныя былыя супрацоўнікі», якіх «звольнілі на гэтым тыдні», і выказвае меркаваньне, што ў іх «быў матыў сабатаваць міністра абароны і праграму прэзыдэнта».
«Ні ў адным чаце Signal не было ніякай сакрэтнай інфармацыі, незалежна ад таго, як яны спрабуюць напісаць гэтую гісторыю», — заявіў прэс-сакратар Пэнтагону.
Раней галоўны рэдактар амэрыканскага часопіса The Atlantic Джэфры Голдбэрг распавёў, як каманда прэзыдэнта Дональда Трампа па нацыянальнай бясьпецы ўключыла яго ў цалкам сакрэтны чат, дзе абмяркоўвалі ваенныя ўдары па емэнскіх хусітах. Паводле яго, абмеркаваньне адбывалася ў мэсэнджэры Signal, які дазваляе абменьвацца зашыфраванымі паведамленьнямі. У чаце ўдзельнічалі дарадца Трампа па нацыянальнай бясьпецы Майк Уолтц (менавіта ён даслаў Голдбэргу запрашэньне), віцэ-прэзыдэнт Джэй Ды Вэнс, дзяржсакратар Марка Рубіё, міністар абароны Піт Гэґсэт і дырэктар Нацыянальнай выведкі Тулсі Габард.
Чат называўся Houthi PC small group («Невялікая група па хуці»). У ім, як піша Голдбэрг, карыстальнік па імені Піт Гэґсэт апублікаваў зьвесткі «пра хуткія ўдары па Емэне, уключаючы інфармацыю пра цэлі, зброю, якую ЗША будуць разгортваць, і пасьлядоўнасьць нападаў».
У чаце журналіст зьявіўся пад сваімі ініцыяламі JG. Ён мяркуе, што яго дадалі памылкова замест нейкага іншага высокапастаўленага чыноўніка Белага дома з такімі ж ініцыяламі.
Спачатку ў Белым доме адмаўлялі наяўнасьць такога чату, але ў выніку дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Майк Уолтц узяў на сябе адказнасьць за ўцечку сакрэтнай перапіскі, у якой паплечнікі Трампа абмяркоўвалі ўдары па хусітах.
Форум