Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сейм Літвы адхіліў папраўкі, якія маглі б пагоршыць становішча беларусаў у краіне


Беларускія сьцягі каля Сейму Літвы. Архіўнае фота
Беларускія сьцягі каля Сейму Літвы. Архіўнае фота

Праўны статус беларусаў у Літве застаецца нязьменным, бо Сейм Літвы адхіліў папраўкі, якія маглі б ускладніць для беларусаў атрыманьне дазволаў на жыхарства ў краіне.

Пра гэта пасьля галасаваньня ў Сейме паведаміў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька.

«Дзякуючы пасьлядоўнай працы літоўскіх парлямэнтароў зь міжпартыйнай групы „За дэмакратычную Беларусь“ згаданыя праўкі былі скарэктаваныя — у выніку яны закранаюць толькі грамадзян Расеі», — адзначыў Лябедзька.

17 красавіка Сейм Літвы падоўжыў на адзін год нацыянальныя санкцыі для грамадзян Беларусі і Расеі, паведамляе LRT.

У працэсе канчатковага прыняцьця парлямэнтары адмовіліся ад прапанаваных раней больш жорсткіх за цяперашнія абмежавальных мераў для грамадзян Беларусі. Падчас абмеркаваньня гучалі прапановы зраўняць санкцыі для грамадзян Расеі і Беларусі і адмовіцца прымаць ад беларусаў, як і ад расейцаў, заявы на выдачу дазволаў на жыхарства ў Літве, калі ў іх няма дзейнай візы.

Гэтую ініцыятыву ў выніку не падтрымалі: у дэбатах было заяўлена, што нельга прыраўноўваць грамадзян Беларусі да расейцаў, бо яны не апраўдваюць і не падтрымліваюць агрэсіўныя дзеяньні і палітыку супраць Украіны.

Таксама прапаноўвалі ануляваць ужо выдадзеныя дазволы на жыхарства ў Літве, калі грамадзяне Расеі ці Беларусі больш за адзін раз на працягу трох месяцаў наведвалі гэтыя краіны. Ад гэтай прапановы таксама адмовіліся падчас галасаваньня.

У адпаведнасьці з законам аб санкцыях, які парлямэнт Літвы ўпершыню прыняў у 2023 годзе, у Літве прыпынілі прыём заяваў на атрыманьне шэнгенскіх і нацыянальных візаў ад грамадзян Беларусі і Расеі, за выключэньнем выпадкаў, калі пра гэта хадайнічае МЗС Літвы.

Не прымаюць таксама заявы расейцаў на часовае жыхарства ў Літве, вынятак робяць толькі для тых, хто мае дзейную шэнгенскую або нацыянальную візу, дазвол на жыхарства ў Літве або ў іншай краіне Эўразьвязу.

Беларусаў і расейцаў, якія прыбываюць з-за межаў Эўразьвязу, дадаткова правяраюць на наяўнасьць пагрозаў нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму, дзяржаўнаму парадку, унутранай бясьпецы і міжнародным адносінам.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG