Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць з «Пагоняй» на новых пашпартах. У Сейме Літвы сустрэліся літоўцы і беларусы


Беларуска-літоўскі круглы стол у Сейме Літвы. Вільня, 26 сакавіка 2025 году
Беларуска-літоўскі круглы стол у Сейме Літвы. Вільня, 26 сакавіка 2025 году

У Сейме Літвы беларусы і літоўцы абмеркавалі змаганьне з рэжымам Лукашэнкі, праблемы жыцьця беларускай дыяспары ў Літве, інтэграцыю беларусаў і пытаньні бясьпекі ў рэгіёне. Абмеркавалі і тое, як літоўцам лепш называць Беларусь па-літоўску.

Усяго ў дыскусіі, якая адбылася 26 сакавіка ў адной з канфэрэнц-заляў Сейму, бралі ўдзел больш за 50 чалавек. Гэта літоўскія дэпутаты, навукоўцы і прадстаўнікі грамадзкага сэктару Літвы, а зь беларускага боку — апазыцыйныя палітыкі і актывісты, якія прыехалі ў Літву пасьля падзеяў 2020 году. Удзельнікаў круглага стала «Беларусь і Літва. Выклікі і/альбо магчымасьці» віталі віцэ-сьпікер парлямэнту Літвы Юозас Олекас і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

Юозас Олекас запэўніў беларусаў, што Сейм Літвы гатовы і надалей падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы, але, на ягоную думку, патрэбная большая актыўнасьць самых беларусаў і аб’яднаньне намаганьняў розных сілаў. «І трэба разам стварыць яшчэ большае кола сяброў беларускай дэмакратыі ў Эўропе», — мяркуе літоўскі дэпутат. Спадар Олекас лічыць адным з выклікаў, якія паўсталі перад Беларусьсю і Эўропай у 2025 годзе, падзеі ў ЗША, у тым ліку спыненьне амэрыканскім урадам фінансаваньня Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. На думку дэпутата, сярод краін Эўразьвязу дастаткова сяброў, якія «не стаміліся ад беларускай тэмы».

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала літоўскім кіраўнікам і простым жыхарам за падтрымку беларусаў. Як тых, што змагаецца за дэмакратыю, жывучы ў сваёй краіне, там і тых, хто мусіў зьехаць на чужыну праз пагрозы рэпрэсій. Цяперашні рэжым у Беларусі Ціханоўская назвала «сталінска-лукашэнкаўскім». На яе думку, ён ня мае шырокай падтрымкі, што прадэманстравала інаўгурацыя Лукашэнкі 25 сакавіка. Ціханоўская назвала праведзеную ў Менску імпрэзу «фэйкам» і «імітацыяй». Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, дзеля барацьбы з рэжымам трэба аб’яднаць намаганьні, у тым ліку супрацьстаяць «гібрыдным атакам на Эўропу з боку Расеі». Таксама дэмакратычная лідэрка запэўніла, што беларусы ў Літве паважаюць яе сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць.

«Мы ня мусім прызнаваць Лукашэнку абраным прэзыдэнтам»

Першая дыскусійная панэль круглага сталу прысьвячалася абмеркаваньню стратэгіі суседніх краін стасоўна адна аднае.

Старшыня камітэту замежных справаў Сейму Літвы Рэмігіюс Мотузас лічыць, што для Літвы лукашэнкаўская Беларусь і надалей будзе заставацца крыніцай небясьпекі, таму ён выступае за працяг санкцыяў ды ізаляцыю рэжыму.

«Мы ня мусім прызнаваць Лукашэнку абраным прэзыдэнтам», — мяркуе літоўскі парлямэнтар. Спадар Мотузас прызнае патрэбу «жорсткіх захадаў бясьпекі» стасоўна мігрантаў, у тым ліку зь Беларусі, але не агулам, а «з улікам індывідуальных абставінаў». «У нашым парлямэнце на гэтую тэму працягваецца дыскусія», — паінфармаваў дэпутат Рэмігіюс Мотузас і выказаўся за трывалую дапамогу беларускім дэмакратычным сілам, бо, як ён лічыць, «бясьпека Літвы магчымая толькі пры суседзтве з дэмакратычнай Беларусьсю».

У гэтым з літоўскім дэпутатам згодны беларускі палітык Анатоль Лябедзька. Праўда, дарадца Ціханоўскай у пытаньнях канстытуцыйнай рэформы і парлямэнцкай супрацы мяркуе, што памылкай літоўскіх уладаў было «залічыць беларускіх мігрантаў у адзін кейс з расейцамі». Вынік — за мінулы год Літва страціла больш за тысячу беларускіх IT-спэцыялістаў, бо праз жорсткія міграцыйныя правілы яны пераехалі ў Польшчу ды іншыя краіны Эўразьвязу, нагадаў спадар Лябедзька. Палітык прапанаваў ад абмежаваньняў перайсьці да «стратэгіі матывацыі» — паводле правоў прыраўняць беларусаў, якія прыехалі ў Літву з гуманітарнымі візамі, да ўцекачоў з Украіны.

Транзыт па-беларуску

Аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч не выключае, што Эўропу зноў, як у мінулым стагодзьдзі, падзеліць «жалезная заслона». Аналітык абгрунтоўвае думку тым, што «ў Беларусі завяршаецца транзыт ад аўтарытарнага да таталітарнага рэжыму». Рэпрэсіі ўжо нагадваюць ня брэжнеўскія, а сталінскія часы, мяркуе Валер Карбалевіч і кажа, што для яго пытаньне хутчэй у тым, дзе апусьціцца заслона — на заходняй ці ўсходняй мяжы Беларусі. Таксама Валер Карбалевіч мяркуе, што ў 2020 годзе заходнія палітыкі і грамадзянская супольнасьць недаацанілі важнасьць для Эўропы падзеяў у Беларусі. У выніку краіна стала крыніцай пагрозы ўсяму рэгіёну, а цяпер дайшло і да распаўсюду ядзернай зброі і ракет «Арэшнік».

Закрытыя літоўскія школы ў Беларусі

Да дыскусіі далучылася часовая павераная Літвы ў справах Беларусі Аста Андрыяўскене. На думку літоўскай дыпляматкі, каб шырэй уявіць карціну ўзаемаадносін двух народаў, варта казаць ня толькі аб праблемаў беларусаў, якіх рэпрэсуюць у Беларусі, але не забываць і цяжкасьцяў, з якімі сутыкаюцца ў Беларусі яе грамадзяне літоўскага паходжаньня. Спадарыня Андрыяўскене нагадала, што яшчэ 20 гадоў таму ў Беларусі дзейнічалі 2 літоўскія школы, а цяпер яны закрытыя, як закрытыя ўсе літоўскія грамадзкія арганізацыі. Паводле дыпляматкі, праз абмежаваньні дайшло да таго, што каталікі-літоўцы ў Гервятах ня маюць імшы па-літоўску.

«Літва падзеленая розным стаўленьнем да беларусаў і да рэжыму», — канстатавала Аста Андрыяўскене.

Яшчэ літоўская дыпляматка выказала параду беларускім журналістам, якія працуюць у Літве: больш пісаць пра Літву і яе жыхароў, знаходзіць цікавыя тэмы для беларусаў і ў Літве. «Як ні зайду на вашыя сайты, там усё Лукашэнка ды Лукашэнка. Чаму б не зрабіць замест гэтага артыкул пра Валдаса Адамкуса, які вярнуўся з Амэрыкі і стаў літоўскім прэзыдэнтам?»

«Для мяне Пагоня на пашпарце — прынцыпова»

Былы ваяр полку Каліноўскага Алесь Клачко падняў на круглым стале пытаньне вырабу нацыянальнага пашпарту Беларусі. Удзельніка баёў за Ўкраіну непакоіць, каб з вокладкі гэтага дакумэнту не зьнікла Пагоня — гістарычны герб Беларусі, для яго гэта прынцыпова. Супраць зьяўленьня Пагоні на новых беларускіх пашпартах выступаюць некаторыя літоўцы, якія кажуць, што гэта нібыта спроба забраць літоўскі герб Віціс.

Тэма застаецца балючай, патрабуе новых абмеркаваньняў, магчыма, з удзелам гісторыкаў і дасьледнікаў, пагадзіліся ўдзельнікі дыскусіі з беларускага боку.

А літоўскі бок прызнаў, што дагэтуль ня вызначыўся з праблемай, як называць па-літоўску Беларусь. У варыянце «Балтарусія», які прыняты цяпер, шмат у каго прэтэнзіі да другой часткі слова, таму яе прапануюць зьмяніць. Але як, на што, а галоўнае, ці прымуць гэта людзі? Дыскусія таксама ня спыненая, заўважылі прадстаўнікі Літвы.

Прагучала і тэма вывучэньня беларусамі літоўскай мовы, ад чаго залежыць іх хутчэйшая інтэграцыя і паразуменьне паміж народамі. Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі прадэманстравалі пачатковае веданьне літоўскай мовы, але было прызнана, што гэтага недастаткова.

Тады ж самакрытыка прагучала і з боку літоўцаў. Дэпутат Томас Тамілінас агучыў наступныя зьвесткі: за год літоўская дзяржава дапамагла ў вывучэньні літоўскай мовы 5 тысячам мігрантаў (сярод іх на другім месцы беларусы. — РС), а ў Латвіі такую ж дапамогу атрымалі 7 тысяч чалавек, у Эстоніі — 20 тысяч. Дэпутат мяркуе, што ў літоўскім парлямэнце будзе карысным стварыць групу, якая зоймецца моўнымі праблемамі мігрантаў.

Што да літоўскіх школ і грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі, дык у новай, дэмакратычнай Беларусі іх дзейнасьць будзе абавязкова адноўленая, запэўніў літоўскіх сяброў мадэратар дыскусіі, галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

У другой палове дня ўдзельнікі круглага стала «Беларусь і Літва. Выклікі і/або магчымасьці» на іншых панэлях абмеркавалі праблемы супрацы беларускіх і літоўскіх грамадзкіх арганізацыяў, а таксама пытаньні праўнай дапамогі ўцекачам зь Беларусі ў рэчышчы гэтак званых «Люксэмбурскіх рашэньняў». У дыскусіях выступілі Віціс Юрконіс, Людвіка Кардзіс, Шарунас Чарняўскас, Надзея Ількевіч, Аўрымас Швядас, Паліна Шарэнда-Панасюк, Дзяніс Кучынскі, Эмануэліс Зінгерыс, Андрэй Стрыжак.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG