Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Чарнагорыя, Нарвэгія, Паўночная Македонія і Ўкраіна далучыліся да рашэньня Рады Эўразьвязу ад 27 сакавіка пра санкцыі ў дачыненьні да Беларусі ў сувязі з сытуацыяй у краіне і саўдзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, паведаміла Рада ЭЗ 15 красавіка.
Пералічаныя краіны забясьпечаць адпаведнасьць сваёй нацыянальнай палітыкі рашэньню Рады ЭЗ, а Эўразьвяз прымае да ведама гэтае абавязаньне і вітае яго, гаворыцца ў паведамленьні.
27 сакавіка Эўразьвяз наклаў санкцыі на 7 юрыдычных і 25 фізычных асобаў зь Беларусі.
Сярод юрыдычных асобаў у санкцыйныя сьпісы ўвайшлі:
- Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі,
- ААТ «Інтэграл»,
- РУП «Беларускія лятарэі»,
- ТАА «Рыдота»,
- ААТ «Планар»,
- РПУП «Завод дакладнай электрамэханікі»,
- ТАА «Цыбулька-Бел» з Гудаў Лідзкага раёну (яе ўладальнік — дэпутат ляндтагу Саксоніі ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў).
Таксама пад санкцыі з 27 сакавіка трапілі
- чальцы Цэнтральнай выбарчай камісіі: Аляксей Башан (намесьнік старшыні), Алена Балдоўская (сакратарка), Дзяніс Дук, Алена Кунцэвіч, Аляксандар Ткачоў, Кацярына Фядосенка і Аляксандар Южык.
- старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў,
- начальнік кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Юры Назараў і яго намесьнікі Мікалай Шкрэд (першы намесьнік), Антон Краеўскі і Мікалай Рагашчук.
- кіраўнікі прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі: Дзьмітры Шведка («Рыдота»), Міхаіл Дзенісенка («Беларускія лятарэі»), Юры Чорны (Завод дакладнай электрамэханікі).
- беларускія судзьдзі: Анастасія Папко (Менскі гарадзкі суд), Алег Каляда (суд Заводзкага раёну Менску), Сяргей Будрэвіч і Жанна Брысіна (суд Кастрычніцкага раёну Менску), Алена Бушава і Ала Скуратовіч (суд Фрунзэнскага раёну Менску), Андрэй Васілюк (Берасьцейескі абласны суд), Дзіна Кучук (Вярхоўны суд), Галіна Бондал (Віцебскі абласны суд).
Як відаць з парадкавых нумароў уключаных у сьпіс, цяпер пад санкцыямі Эўразьвязу знаходзяцца 312 фізычных і 47 юрыдычных асобаў зь Беларусі.
19 сакавіка тыя ж 8 краін далучыліся да іншага рашэння Рады Эўразьвязу ад 24 лютага 2025 году пра санкцыі для Беларусі за падтрымку ёю расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Форум