Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народных апалчэнцаў» пад Горадняй з удзелам артылерыі вучаць змагацца з дывэрсантамі


Удзельнікі «народнага апалчэньня», ахіўнае ілюстрацыйнае фота Мінабароны
Удзельнікі «народнага апалчэньня», ахіўнае ілюстрацыйнае фота Мінабароны

З 13 па 15 красавіка ў рамках збору тэрытарыяльных войскаў Горадзенскага раёну праходзіць камандна-штабное вучэньне з удзелам вайсковаабавязаных, прызваных з запасу, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і «добраахвотнікаў народнага апалчэньня», паведамляе Мінабароны Беларусі.

Вучэньне мае на мэце «ўдасканаліць навыкі афіцэраў па кіраўніцтве падпарадкаванымі сіламі тэрытарыяльнай абароны» і навучыць асабовы склад зладжаным дзеяньням. Падчас яго плянуюць адпрацаваць «пытаньні аховы і абароны аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, барацьбы з дывэрсійна-выведвальнымі групамі суперніка, забесьпячэньня мераў ваеннага становішча, у тым ліку з удзелам народнага апалчэньня».

«Пры выкананьні задач па зьнішчэньні дывэрсійна-выведвальных групаў умоўнага суперніка падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў будуць узмоцненыя артылерыйскімі падразьдзяленьнямі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Зборы тэрытарыяльных войскаў Горадзенскай вобласьці праходзяць з 25 сакавіка па 18 красавіка. Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаюць у пэрыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі.

Згодна з законам «Аб народным апалчэньні», які Лукашэнка падпісаў 17 ліпеня 2023 году, задача «народнага апалчэньня» палягае ў садзейнічаньні тэрытарыяльным органам унутраных спраў пры забесьпячэньні ваеннага становішча, абароне ўласнасьці «ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў». Атрады «народнага апалчэньня» фармуюць пры кожнай сельскай радзе «на добраахвотнай аснове».

  • Трэці месяц запар улады Беларусі правяраюць баявую гатоўнасьць Ўзброеных сіл Беларусі. Першую праверку боегатоўнасьці аб’явілі 3 лютага. Фактычна без аб’явы пра завяршэньне першай 24 сакавіка пачалася другая праверка.
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы на фоне абвастрэньня адносін з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
  • На восень 2025 году ўлады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэньні на беларускай тэрыторыі. У кастрычніку летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй», да манэўраў плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек. 30 студзеня начальнік аб’яднанага штабу (АДКБ) заявіў, што, акрамя манэўраў «Захад-2025», у верасьні на беларускай тэрыторыі павінны прайсьці вучэньні «Ўзаемадзеяньне-2025» — з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня, «Пошук-2025» — зь сіламі і сродкамі выведкі й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
  • Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG