Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў новы даклад пра катаваньні ў Беларусі, у якім сьведкі расказваюць пра жорсткасьць ГУБАЗіКу


Затрыманыя ў міліцэйскім пастарунку. Менск, 2020
Затрыманыя ў міліцэйскім пастарунку. Менск, 2020

Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі апублікаваў расьсьледаваньне, у якім падаў новыя доказы сыстэмных катаваньняў і жорсткага абыходжаньня з беларусамі, якія бралі ўдзел у пратэстах.

Расьсьледаваньне пад назвай «„Сардэчна запрашаем у гестапа“: катавальня ГУБАЗіКа у асобах» раскрывае асобы некаторых сілавікоў, адказных за рэпрэсіі і гвалт супраць мірных грамадзян у ходзе падзей 2020 году і пазьней.

Паводле аўтараў расьсьледаваньня, у ім ідзецца пра трох сілавікоў, на іх думку, датычных да катаваньняў:

  • Аляксандар А., намесьнік начальніка 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіКу, арганізатар катаваньняў, фабрыкацыі крымінальных справаў і рэпрэсіўных акцыяў супраць пратэстоўцаў.
  • Валеры В., старшы апэратыўнік ГУБАЗіКу, датычны да жорсткіх катаваньняў, у тым ліку з пагрозамі сэксуалізаванага гвалту.
  • Іван Т., намесьнік начальніка 1-га аддзела ГУБАЗіКу, удзельнік стварэньня «пакаянных» відэа і шантажу сем’яў затрыманых.

Паводле расьсьледнікаў, гэтыя людзі застаюцца на пасадах і цяпер, і іхная дзейнасьць задакумэнтаваная: сабраныя сьведчаньні пацярпелых, якіх білі, прыніжалі, дамагаліся вымушаных прызнаньняў і чынілі іншы гвалт сілавікі ГУБАЗіКу, пачынаючы з 2020 году.

Праваабаронцы спадзяюцца, што ў будучыні адказныя за катаваньні паўстануць перад судом.

Даклад аб катаваньнях у Беларусі
Даклад аб катаваньнях у Беларусі

Сьведчаньні ў судзе палітвязьня Мікалая Дзядка

Зыходзячы зь сьведчаньняў анархіста Мікалая Дзядка, агучаных падчас судовага працэсу, разам зь іншым сілавікамі ГУБАЗіКу, у тым ліку з Іванам Т., Аляксандар А. кіраваў катаваньнямі.

У судзе Мікалай Дзядок расказаў, што яго душылі падушкай, засоўвалі бутэльку ў рот, білі, жорстка дапытвалі. Яго катавалі супрацоўнікі спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР). Некалькі цытатаў са сьведчаньняў Дзядка.

«Мяне білі дубінкамі, прыкладвалі электрашокер да шыі. А. асабіста казаў мне, што я „ніколі ня выйду“, калі ня выканаю іхных патрабаваньняў. Пасьля чацьвёртага ці пятага пабіцьця я даў пароль ад цьвёрдага дыску. Запісалі яго на аркушы паперы, але кампутарнік яго няправільна ўвёў, і мяне пачалі біць зноў. Адна рука ў мяне была адшпіленая [ад кайданкоў], я спрабаваў ёю закрывацца, мне адбілі некалькі пальцаў».

Як расказаў у судзе Мікалай Дзядок, у выніку катаваньняў і пабіцьця, якія адбываліся пад кіраўніцтвам А., ён даў ілжывыя паказаньні супраць сябе і пагадзіўся запісаць «пакаяннае» відэа.

Пра пагрозы сэксуалізаванага гвалту сьведчыць былая палітзьняволеная

Былая палітзьняволеная расказала, як яе затрымліваў ГУБАЗіК у 2022-м годзе:

«З усіх бакоў на вуліцы, як зграя гіенаў, наляцелі 12 чалавек з аўтаматамі, завялі ў дом. Хадзілі па кватэры як па краме, скралі ў мяне грошы і асабістыя рэчы. Пачалі глядзець гаджэты, але не было шанцу нават рыпнуцца: мяне паклалі на падлогу, пачалі пляскаць далоньню па ягадзіцах і крычаць, што калі я зараз ня дам ім пароляў ад тэлефонаў, яны мяне згвалцяць, усе 12 чалавек. Адзін зь іх усё называў сваё імя і казаў: „Пагугліш, я Валеры з ГУБАЗу, ты зразумееш, што са мной жартаваць ня варта“.

Праз два гады я пагугліла і цяпер разумею, што зрабіла ўсё правільна, бо калі б я спрабавала сябе абараніць, засталася б без зубоў.

Памятаю, як яны мяне везьлі ў ГУБАЗіК. Яны вельмі заклапочаныя, увесь шлях ад майго дома да ГУБАЗіКу прапаноўвалі мне групавы сэкс: маўляў, калі я зь імі ўсімі „пацешуся“, магчыма, яны мяне не пасадзяць», — расказала праваабаронцам былая палітзьняволеная (імя яе ведаюць расьсьледнікі).

Яна таксама распавяла, што ў ГУБАЗіКу адзін супрацоўнік пытаўся паролі, іншы прыкідваўся добрым.

«Калі хтосьці праходзіў міма, ён абавязкова вітаўся са мной і біў мяне па патыліцы так, каб я ілбом білася аб шафу», — расказала праваабаронцам былая палітзьняволеная.

Пра прымус да запісу відэазваротаў

Пра тое, што Іван Т. прымушаў да стварэньня «пакаянных» відэа згадвае былы палітзьняволены (імя ведаюць расьсьледнікі).

«Т. выкарыстоўваў практыку стварэньня відэазапісаў, дзе затрыманыя мусяць „прызнавацца“ у дзеяньнях, якія часта нават не злачынствы». Адзін з пацярпелых паведаміў, што псыхалягічны ціск, які на яго пры гэтым чынілі, прымусіў яго задумацца пра самагубства.

«Калі яны паставілі мяне перад камэрай, я зразумеў, што мне нічога не застаецца, акрамя як сказаць тое, што яны хочуць. Яны пагражалі маёй сямʼі. Казалі, што мне будзе горш, калі я не здымуся ў гэтым відэа, у якім прызнаюся ў злачынствах, якіх я не ўчыняў», — згадаў былы палітзьняволены.

Пра Івана Т. расказаў і іншы апытаны экс-палітзьняволены.

«Мне падкінулі ў машыну бел-чырвона-белы сьцяг, а потым Т. на Рэвалюцыйнай заявіў, што гэта доказ экстрэмізму, і я сяду».

Паводле расьсьледнікаў, у некаторых выпадках затрыманых вывозілі ў лес ці за горад, дзе жорстка білі.

«У асобных выпадках людзі, якія спрабавалі абараніцца ці супрацьстаяць катаваньням, сутыкаліся з дадатковым гвалтам, у тым ліку здушэньнем і пагрозай сьмерцю».

Аўтары расьсьледаваньня ацэньваюць дзеяньні супрацоўнікаў ГУБАЗіКу як парушэньне беларускіх і міжнародных нормаў.

Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі заявіў, што і надалей будзе дакумэнтаваць сьведчаньні пацярпелых.

«Праўда пра тое, што адбывалася ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году і працягвае адбывацца зараз, вельмі важная для аднаўленьня справядлівасьці і разьвіцьця дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці ў будучыні», — мяркуюць праваабаронцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG