Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадукцыю «Беларуськалію» перайменавалі і прадаюць Эўразьвязу ў абход санкцыяў — расьсьледаваньне БРЦ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар выпусьціў матэрыял пад назвай «Соль у мяшку», у якім расказвае, як адно з галоўных прадпрыемстваў Беларусі абыходзіць санкцыі.

Беларускія кампаніі наладзілі вытворчасьць і пастаўкі ў Эўразьвяз новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту Norta. БРЦ высьветліў, што пад гэтай назвай хаваецца тэхнічная соль, якую да ўвядзеньня абмежаваньняў Беларусь у вялікіх аб’ёмах экспартавала ў Эўразьвяз. Яе рэальны вытворца — падсанкцыйны «Беларуськалій».

Расьсьледаваньне падрыхтаванае сумесна з «Супольнасьцю чыгуначнікаў Беларусі» і пры падтрымцы «Кібэрпартызанаў».

БРЦ сьцьвярджае, што з дапамогаю зьвестак з аднаго дакумэнту выкрыла схему абыходу эўрапейскіх санкцыяў буйным беларускім прадпрыемствам.

У Беларусі ў верасьні 2022 году зацьвердзілі тэхнічныя ўмовы для новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту для аўтамабільных дарог і ходнікаў Norta (у розных дакумэнтах сустракаецца напісаньне NORT_A, NORT A).

Тавар зацікавіў пакупнікоў з Эўразьвязу. Кампанія «Комплексныя ўгнаеньні» ў сакавіку 2024 году павінна была паставіць 66 тонаў Norta польскай фірме JP Company. Гэта напісана ў сэртыфікаце якасьці, які БРЦ атрымаў ад крыніцы ў сфэры грузаперавозак. Расьсьледнікі зьвярнулі ўвагу на код тавару, пазначаны ў дакумэнце: хоць прадукт называецца «матэрыял супрацьгалалёдны», ягоная маркіроўка адпавядае хлярыду натрыю. Доля ўтрыманьня гэтага рэчыва ў Norta — 98,2%. Такі ж склад у галіту або тэхнічнай солі, якую Беларусь гадамі экспартавала ў ЭЗ.

У дакумэнце прапісаны адрас рэгістрацыі беларускай кампаніі-пастаўшчыка «Комплексныя ўгнаеньні»: аграгарадок Рачэнь Менскай вобласьці, вуліца Садовая, 54. У гэтым жа будынку зарэгістраванае ААТ «Рачэнь». Яно ўваходзіць у склад холдынгу «Беларускалій-Агра», якім кіруе «Беларускалій-Агра» — кіроўная кампанія холдынгу «Беларускалій-Агра». Бэнэфіцыяр апошняга — дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуськалій».

Нумар вагону, у якім перавозілі тавар кампаніі «Комплексныя ўгнаеньні» для польскай фірмы JP Company, паказаў на непасрэднае дачыненьне падсанкцыйнага прадпрыемства да вытворчасьці і пастаўкі Norta. З дапамогай унікальнай пасьлядоўнасьці з васьмі лічбаў у базе можна даведацца, каму ён належыць. Паводле інфармацыі «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі», вагонам валодае «Беларуськалій». І перавозілі ў ім, хутчэй за ўсё, прадукцыю беларускага калійнага прадпрыемства пад выглядам супрацьгалалёднага матэрыялу «Комплексных угнаеньняў».

«З імавернасьцю, якая імкнецца да 100%, гэта адзін і той жа мінэрал. Ці дакладней мінэралягічная сыравіна. Аднолькавы ён, як з пункту гледжаньня пераліку магчымых дамешкаў, так і з пункту гледжаньня паказьнікаў утрыманьня канцэнтрацыі тых самых дамешкаў. Ніякіх утылітарных маркёрных злучэньняў акрамя звычайнай солі, хлярыду натрыю, тут у прынцыпе няма», — патлумачыў БРЦ хімік Сяргей Бесараб, якога папрасілі параўнаць хімічныя склады Norta і галіту «Беларуськалію».

Кампаніяй «Комплексныя ўгнаеньні» валодае Дзьмітры Шаламіцкі — экс-намесьнік старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці (яе кіраўнік Аляксандар Хіжняк быў адным з кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах-2025). Журналіст БРЦ пад выглядам патэнцыйнага пакупніка Norta зьвязаўся зь ім праз тэлефон, каб распытаць, дзе фірма бярэ галіт. Шаламіцкі адказаў, што «Комплексныя ўгнаеньні» займаюцца выключна ўгнаеньнямі:

«Мы гэтым (вытворчасьцю антыгалалёднага матэрыялу Norta — рэд.) не займаемся. Значыць, мы перадалі правы іншай кампаніі».

Якой менавіта, суразмоўца не сказаў. Пры гэтым кампанія Дзьмітрыя Шаламіцкага да лютага 2024 году была адным з заснавальнікаў ТАА «Эўрапейскае аграрнае агенцтва». Прадстаўнік «Беларуськалію» пацьвердзіў журналісту БРЦ, што апошняя набывае ў іх падсанкцыйную тэхнічную соль. На момант выхаду матэрыялу «Эўрапейскім аграрным агенцтвам» валодаюць «Беларускалій-Агра» — кіроўная кампанія холдынгу «Беларускалій-Агра» і эстонская фірма European Agricultural Agency. У эстонскай кампаніі ёсьць доля беларускага прадпрымальніка Аляксандра Багачэнкі.

Бізнэс-партнэр Багачэнкі Юры Хруль — сузаснавальнік польскай фірмы JP Company, той самай, якая ў атрыманым БРЦ сэртыфікаце якасьці значыцца грузаатрымальнікам Norta. Аб тым, што Norta — гэта забаронены да ўвозу ў ЭЗ прадукт «Беларуськалію», уладальнік JP Company ня ведаў. Прынамсі так ён сказаў у тэлефоннай размове з журналісткай БРЦ: «Ніякі галіт я не набываю. Я набываў супрацьгалалёдны матэрыял Norta». Акрамя таго, у размове Хруль настойваў, што галіт і Norta адрозьніваюцца, што супярэчыць высновам хіміка, прыведзеным раней.

«Беларуськалій», «Эўрапейскае аграрнае агенцтва», «Комплексныя ўгнаеньні» і «Кампанія тэхнікі і сэрвісу» не адказалі на запыты расьсьледнікаў.


Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах

На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.

  • 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
  • 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
  • 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
  • 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.

На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.

  • 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
  • 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
  • Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG