Чарговы суд у Бярозе
Як паведамляе «Вясна», 28 сакавіка ў горадзе Бярозе Берасьцейскай вобласьці ў палітычнай справе судзілі 2 мясцовых жыхароў — Кірыла Карпешу і Андрэя Бурына. Вырак пакуль невядомы.
У пачатку студзеня стала вядома, што Бурына і Карпешу затрымалі «месяцам раней» за пратэсты 10 жніўня 2020 году. Абодвух пасьля бярозаўскага ІЧУ зьмясьцілі ў берасьцейскае СІЗА ў гэтай справе.
Зь лета 2024 году ў Бярозе пачалі судзіць паводле крымінальнага артыкулу 342 за пратэсты 2020 году. Жыхароў Бярозы судзяць групамі па 2–4 чалавекі. На сёньня вядома пра 24 асуджаных (без уліку Бурына і Карпеша).
У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаваньні»
КДБ і МУС Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» праекты «БюроМедиа», «Хрысціянская візія», «Палітвязынка», «Магілёўцы abroad» і «чё ваще происходит». Адпаведнае рашэньне апублікаванае на сайце МУС.
Паводле ведамстваў, дачыненьне да праектаў маюць:
- да «БюроМедиа» — Аляксандар Ярашэвіч, Вольга Альхіменка, Аляксей Карпека, Ксенія Вязнікоўцава,
- да «Палітвязынка» — Ганна Крацько, Яўгенія Сцепусь (Доўгая), Анастасія Захарэвіч,
- да «Магілёўцы abroad» — Надзея Салаўёва, Дзьмітры Салаўёў і Ўладзімер Лапцэвіч,
- да «Хрысціянская візія» — Натальля Васілевіч, Натальля Гарковіч, Дзьмітры Карняенка,
- да «чё ваще происходит» — Юлія Касьцючэнка.
У «сьпіс тэрарыстаў» дадалі 13 чалавек, сярод іх супрацоўнік дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абнавіў сьпісаў «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» — там зьявіліся прозьвішчы яшчэ 13 чалавек.
Сярод іх — хрысьціянскі прапаведнік, супрацоўнік дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі Мікалай Хіла, палітычныя зьняволеныя Карына Маліноўская, Лілія Качан, Павел Казінцаў, Аляксандар Дарагакупец, Алена Елькіна, Кірыл Вевель, Уладзімер Шпак, а таксама Ігар Сімашковіч, Вольга Губар, Раман Якімёнак, Андрэй Урублеўскі і Аляксей Шпакоўскі (пра іх праваабаронцы зьвестак ня маюць).
Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1268 чалавек, зь іх 574 — беларусы.
Зьняволеным, якіх унесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў», нельга рабіць грашовыя пераводы.