Пра шлях зь Менску да ўласнага выдавецтва ў Канадзе, актуальнасьць у сьвеце «Дзьвюх душаў», намеры, мэты і пляны «Грунвальду» пагаварылі зь яго заснавальніцай, перакладчыцай Вольгай Яноўскай.
Пра шлях зь Менску да ўласнага выдавецтва ў Канадзе
— Ваша выдавецтва, як, зрэшты, і ваша імя — новае на беларускім замежным кніжным рынку. Раскажыце крыху пра сябе. Хто вы? Як даўно ў Канадзе? Чым там напоўненае ваша жыцьцё?
— Я нарадзілася ў Менску, але мае карані зь Вілейскага раёну. Сям’я імігравала ў Канаду, калі я была падлеткам, 26 гадоў таму. У Канадзе я скончыла школу, атрымала ступень бакаляўра ва Ўнівэрсытэце Таронта, дзе спэцыялізавалася на гісторыі, цывілізацыях Блізкага Ўсходу і археалёгіі. Ступень магістра ў галіне сацыякультурнай антрапалёгіі я атрымала ў SUNY Buffalo ў Нью-Ёрку.
На працягу апошніх дваццаці гадоў працавала ў ІТ-сфэры, галоўным чынам займаючыся маркетынгам і аптымізацыяй пошуку для буйных сайтаў-маркетпляцаў і брэндаў, такіх як eBay, Adevinta (якой раней належаў Kufar.by), PayPal, Shutterstock. Цяпер маю ўласны кансалтынгавы бізнэс, які спэцыялізуецца на аптымізацыі і прасоўваньні буйных камэрцыйных сайтаў у Google. Мае артыкулы публікуюцца ў адным з найбуйнейшых часопісаў у гэтай галіне — Search Engine Land.
Я люблю антыкварыят, антыкварныя кнігі, букіністыку і маю сваю маленькую онлайн-краму. Час ад часу бяруся за праекты «прывід-пісьменства», дапамагаю з рэдактурай альбо перакладамі на ангельскую мову, хоць гэта і не асноўны мой прафэсійны кірунак.
Пра актуальнасьць у сьвеце «Дзьвюх душаў»
— «Grunwald» — так вы назвалі сваё выдавецтва. У гэтым слове — адсылка да знакавай старонкі беларускай гісторыі. І першая кніга ўжо таксама мае стогадовы ўзрост. Чаму для старту выбралі менавіта «Дзьве душы» Максіма Гарэцкага? І наколькі, па-вашаму, гэтая кніга можа зацікавіць сучасных англамоўных чытачоў? Што паказалі першыя дні продажу?
— Я ніколі не плянавала адкрываць выдавецкі бізнэс, але гэта стала самым лягічным крокам для рэалізацыі канчатковай мэты — зрабіць беларускую літаратуру, а разам зь ёй і беларускую культуру, больш даступнай, зразумелай і блізкай для англамоўнага сьвету, а таксама пашырыць беларускую прысутнасьць па-за межамі Беларусі.
«Дзьве душы» — адзін з маіх улюбёных твораў беларускай літаратуры. Дарэчы, тэма пошуку ідэнтычнасьці і самавызначэньня актуальная ня толькі для беларусаў. У Паўночнай Амэрыцы — дзясяткі мільёнаў імігрантаў, для якіх гэтыя пытаньні застаюцца важнымі і праз 10, 20, 50 гадоў у эміграцыі, а таксама і для другога, і нават трэцяга пакаленьня.
«Дзьве душы» былі напісаныя ў 1918–1919 гадах, акурат пасьля рэвалюцыі, падчас грамадзянскай вайны... Самыя страшныя падзеі яшчэ не адбыліся, але Гарэцкі ўжо ўлавіў агульны настрой, і гэтае яго прадчуваньне пранізвае ўсю аповесьць. Кнізе ўжо больш за 100 гадоў, але нават сёньня яна можа служыць як напамінам аб мінулым, так і папярэджаньнем аб тым, што гісторыя мае звычку паўтарацца.
Кніга была анансаваная і выйшла толькі тыдзень таму, але мы ўжо атрымалі фэнамэнальную падтрымку, а таксама шмат паведамленьняў ад людзей, якія хочуць больш даведацца пра Беларусь, ад прадстаўнікоў розных эўрапейскіх дыяспаральных суполак і зусім іншых культур, якія ўбачылі паралелі паміж нашым і сваім гістарычным досьведам.
Пра асыміляваных беларусаў і іх памкненьні знаходзіць свае карані
— На якіх англамоўных чытачоў вы арыентуецеся? На карэнных жыхароў Канады, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі — ці на эмігрантаў зь Беларусі?
— Амаль 5% насельніцтва Канады, дзе я цяпер жыву, складаюць этнічныя ўкраінцы, многія зь іх — нашчадкі тых, хто іміграваў сюды ў канцы XIX стагодзьдзя і падчас Першай сусьветнай вайны. Шмат маіх цяперашніх суседзяў — украінцы другога, трэцяга, чацьвёртага пакаленьня. Большасьць зь іх страцілі мову, асыміляваліся, ніколі не былі ў Кіеве і маюць мала агульнага з сучаснымі ўкраінцамі... але яны захавалі сваю ўкраінскую ідэнтычнасьць! Вясной 2022 году тут было значна больш украінскіх сьцягоў, чым канадыйскіх. На маршы салідарнасьці ў Таронта выходзілі дзясяткі тысяч украінцаў, іх сяброў і тых, хто бачыць ва Ўкраіне паўнавартасную эўрапейскую нацыю і культуру. Натуральна, гэта мела велізарны ўплыў на канадыйскіх палітыкаў.
У англамоўным сьвеце, напэўна, сотні тысяч альбо нават мільёны асыміляваных беларусаў, і сярод іх ёсьць тыя, хто зацікаўлены ў Беларусі і імкнецца адкрыць для сябе свае карані ці нават вярнуць сваю гістарычную ідэнтычнасьць. Але яны сутыкаюцца з сур’ёзным моўным бар’ерам, бо, на жаль, існуе вельмі мала літаратуры — папулярнай, мастацкай ці дакумэнтальнай, за межамі акадэмічных манаграфіяў, — якая лёгка даступная і недарагая. Мне здаецца, што адным з кірункаў дзейнасьці беларускіх дыяспаральных суполак павінен стаць менавіта такі асьветніцкі напрамак.
Дарэчы, большасьць перакладаў беларускіх аўтараў, зробленых у мінулым, сёньня вельмі складана знайсьці — яны альбо занадта дарагія, альбо захаваліся ў выглядзе старых бібліятэчных асобнікаў у букіністычных крамах. Я маю некалькі кніг Васіля Быкава — цудоўныя пераклады — гэта вось такія старыя школьныя асобнікі ў вельмі зношаным стане.
Можа, прыйшоў час іх перавыдаць? Перавыдаць і вярнуць у паўночнаамэрыканскія школы?
Пра тое, як мова эміграцыі становіцца роднай
— А для вас самой як для перакладчыцы «Дзьвюх душаў» Максіма Гарэцкага ангельская мова родная ці вывучаная? І як вы ставіцеся да таго меркаваньня, што пераствараць мастацкія творы на замежныя мовы павінны іх носьбіты ад нараджэньня?
— Я пражыла большую частку свайго жыцьця ў Канадзе — тут скончыла школу, атрымала ступень бакаляўра, а потым магістарскую ступень — ужо ў ЗША. Штодзённая мова майго жыцьця і працы — ангельская, і так ужо больш за 25 гадоў. Яна даўно стала для мяне роднай. Але пытаньне цікавае. Ці ўсе творы, перакладзеныя на беларускую мову, перакладзеныя выключна беларусамі, якія ад нараджэньня размаўляюць па-беларуску і выхоўваліся ў беларускамоўных сем’ях? Ці варта такога патрабаваць?
Натхненьнем для «Грунвальда» насамрэч стала выдавецтва «68 Publishers», заснаванае чэскім дысыдэнтам і пісьменьнікам Язэфам Шкварэцкім і ягонай жонкай Здэнай Саліваравай, калі яны імігравалі ў Таронта пасьля Праскай вясны ў 1968 годзе. Шкварэцкаму тады было 44 гады. За наступныя 22 гады яны разам апублікавалі і пераклалі больш за 220 твораў — і сваіх уласных, і твораў чэскіх і славацкіх дысыдэнцкіх пісьменьнікаў, у тым ліку Вацлава Гавэла, Мілана Кундэры, Людвіка Вакуліча і іншых. Дарэчы, шмат чэскіх і славацкіх выданьняў забароненых аўтараў яны таемна перапраўлялі ў Чэхаславаччыну.
Пра пляны і надзеі
— Што ў вашым выдавецкім куфэрку чакае выхаду ў сьвет? Якія кнігі беларускіх літаратараў ужо перакладзеныя і кім?
— Пачалася праца над ілюстраваным англамоўным выданьнем «Шляхціча Завальні» Яна Баршчэўскага.
Наш асноўны кірунак — пераклады і публікацыя кніг, напісаных беларусамі, па-беларуску альбо пра беларусаў. Спадзяюся, што ўжо бліжэйшым часам пачнём выдаваць творы сучасных беларускіх аўтараў.
Яшчэ адным важным кірункам для «Грунвальда» стане лічбавізацыя архіўных матэрыялаў — напрыклад, зь міжваеннага або ваеннага пэрыяду беларускай дыяспары — і іх публікацыя, у тым ліку ў агульным доступе на ўжо існуючых онлайн-плятформах.
— Якой вы бачыце будучыню і вашай высакароднай задумы пашырэньня беларускай літаратуры ў сьвеце, і ўвогуле яе лёсу ва ўмовах разгрому беларускіх незалежных выдавецтваў на радзіме і вымушанага масавага ад’езду пісьменьнікаў зь Беларусі?
— Grunwald.ca — гэта зусім новая ініцыятыва, мы толькі пачалі распрацоўваць працэсы і мадэлі, якія дапамогуць нам стаць пасьпяховымі ў сучасных умовах. Будзем толькі рады падзяліцца досьведам.
Я ўпэўненая, што беларуская дыяспара і выдаўцы за мяжой стануць неад’емнай часткай захоўваньня і прасоўваньня беларускай клясычнай і сучаснай літаратуры, культуры і беларускіх інтарэсаў у краінах, дзе яны жывуць.
Форум