Траіх непаўналетніх затрымалі ў Менску 3 красавіка. У іх знайшлі небясьпечнае псыхатропнае рэчыва клефедрон (4-СМС), паведаміў 9 красавіка Памежны камітэт Беларусі.
Паводле ведамства, падлеткі выконвалі ролю «закладчыкаў». Сьцьвярджаецца, што падчас вобшукаў у іх дома і ў тайніку ў Менскай вобласьці знайшлі і канфіскавалі 3 кг псыхатропнага рэчыва, якое падлеткі «плянавалі распаўсюджваць» у Беларусі.
На іх завялі крымінальныя справы за незаконны абарот наркотыкаў, учынены арганізаванай групай. Ім пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Ведамства адзначае, што падлеткаў затрымалі падчас апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў па спыненьні канала пастаўкі наркотыкаў у Беларусь супрацоўнікі органаў памежнай службы разам з супрацоўнікамі аддзелу наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі Першамайскага РУУС Менску.
Паводле зьвестак Дзяржаўнага мытнага камітэту, у 2024 годзе ў Блеарусі канфіскавалі 1622 тоны наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў — амаль удвая больш, чым за папярэдні год. Таксама зафіксавалі 553 факты кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў, завялі 310 крымінальных спраў — на 13% больш, чым у 2023-ым, піша «Позірк».
У лістападзе 2024 году былыя сілавікі з аб'яднаньня BelPol на падставе аналітычнай даведкі МУС, якая трапіла ў іх распараджэньне, адзначалі, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псыхатропаў у Беларусь зьяўляецца Расея.
- Паводле зьвестак праваабаронцаў на жнівень 2023 году, другой групай па рэпрэсіях пасьля палітвязьняў у Беларусі заставаліся асуджаныя паводле «антынаркатычных» артыкулаў — амаль траціна ад агульнай колькасьці грамадзян, якіх пазбавілі волі.
- Нягледзячы на апошнія зьмены ў Крымінальны кодэкс, якімі зьменшылі ніжнія межы пакараньня паводле наркатычных артыкулаў, у Беларусі дагэтуль дастаткова жорсткае антынаркатычнае заканадаўства. Яшчэ ў 2017 годзе маці і сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкула Крымінальнага кодэксу заснавалі рух «Маці-328», які дамагаецца зьмякчэньня заканадаўства супраць наркотыкаў у Беларусі. У 2018–2019 гадах прадстаўнікі руху ладзілі галадоўкі пратэсту, патрабуючы гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства, перагляду спраў па 328-м артыкуле і амністыі для непаўналетніх, асуджаных па гэтым артыкуле.
- Паводле праваабаронцаў і экспэртаў, беларускае заканадаўства мае рэпрэсіўны характар, паколькі не адрозьнівае рэальных злачынцаў у сфэры незаконнага абарачэньня наркотыкаў ад дробных парушальнікаў і тых, хто спажывае наркотыкі. Менавіта гэта стварае грунт для шматлікіх парушэньняў правоў чалавека. Паводле праваабаронцаў, затрыманых паводле артыкула 328, нярэдка катуюць і б’юць апэратыўныя работнікі, каб атрымаць прызнальныя паказаньні, паролі ад тэлефонаў ці любой іншай інфармацыі для афармленьня складу злачынства. У некаторых выпадках такое стаўленьне сілавых органаў прывяло да суіцыду асуджаных.
- Праваабаронцы і экспэрты кажуць, што ў калёніях для асуджаных паводле 328-га артыкула ствараюць «асаблівыя» ўмовы — іх утрымліваюць у асобных атрадах і нашываюць зялёныя біркі. На іх часьцей афармляюць парушэньні рэжыму і пазбаўляюць спатканьняў і званкоў, залучаюць да неаплатнай працы ў шкодных для здароўя ўмовах, у выніку чаго разьвіваюцца хранічныя захворваньні і іншыя ўскладненьні.
Форум