Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны пераходны кабінэт папярэдзіў пра распаўсюд фэйкавага апытаньня нібыта ад яго імя


У публічных Telegram-чатах беларускай дыяспары распаўсюджваецца вельмі падобная да сапраўднай анкета «Апытаньне для маладых беларусаў і беларусак», якую беларусаў просяць запоўніць нібыта ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК). Прадстаўніца АПК па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава папярэдзіла , што гэта правакацыя.

Тыя, хто рассылае анкету, прыкрываюцца імем Маргарыты Ворыхавай і просяць беларусаў запоўніць анкету нібыта «для дасьледчай працы». Анкета вельмі падобная да арыгінальнай, але зьбірае e-mail адрасы, адзначылі ў АПК.

«Фэйкавая анкета сапраўды выглядае амаль як арыгінальная, якую мы стварылі, каб зразумець, што хвалюе беларускую моладзь у краіне і за яе межамі. Але мы наўмысна ніколі не зьбіраем пэрсанальныя зьвесткі, каб не падвяргаць вас рызыцы і ня ставіць пад пагрозу вашую бясьпеку», — падкрэсьліла Маргарыта Ворыхава.

Яна заклікала беларусаў быць уважлівымі, а таксама:

  • не давяраць інфармацыі, якая распаўсюджваецца празь неправераныя кантакты і ананімныя акаўнты, выкарыстоўваць інфармацыю толькі з афіцыйных крыніцаў;
  • не запаўняць падазроныя анкеты, апытаньні і інш.,
  • паведамляць пра падазроныя спасылкі або паведамленьні ў АПК.

Таксама Ворыхава прывяла спасылку на актуальную анкету прадстаўніца АПК па моладзевай палітыцы і студэнцтве, якая распаўсюджваецца толькі праз афіцыйныя акаўнты АПК і плятформу «Гэта моладзь».

Беларускія сілавікі рэгулярна зьвяртаюцца да практыкі стварэньня фэйкавых акаўнтаў, ботаў і інш., у тым ліку — для збору інфармацыі пра прыхільніках беларускіх дэмакратычных сілаў, якія знаходзяцца за мяжой, і іх дэананімізацыі.

Так, напрыклад, 10 лютага 2025 году пра зьяўленьне фальшывых тэлеграм-каналаў і ботаў паведамлялі фонд салідарнасьці BySol і рэдакцыя гомельскага рэгіянальнага сайту «Флагшток» (працуе за мяжой).


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG