Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, што сям’я Мельнікавай зьехала з варшаўскай кватэры ў пачатку сакавіка


Анжаліка Мельнікава, архіўнае фота
Анжаліка Мельнікава, архіўнае фота

Журналіст «Еўрарадыё» зьезьдзіў на адрас кватэры ў Варшаве, дзе жыла Анжаліка Мельнікава.

«Еўрарадыё» паведаміла, што сусед, які жыве на адной лесьвічнай пляцоўцы з кватэрай, якую здымала зьніклая Мельнікава, паведаміў, што сьпікерка КР жыла там зь дзецьмі і мужчынам, як мяркуецца, былым мужам Андрэем.

З 1 сакавіка сусед ня бачыў Мельнікавай. Зь ягоных словаў, некалькі тыдняў таму з кватэры выносілі сабраныя рэчы, з таго часу ў кватэры ніхто не паказваўся.

Вядома, што Мельнікава жыла ў гэтай кватэры два гады. З суседзямі амаль ня мела зносін, кантакт абмяжоўваўся ветлівымі «добры дзень — да пабачэньня».

Раней каля дзьвярэй стаялі дзіцячы ровар і самакат. Да выхадных, кажа сусед, яны зьніклі. Дзе цяпер сямʼя, невядома.

Што вядома пра зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай

Пра тое, што 25 сакавіка зьнікла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, паведаміў 28 сакавіка Павал Латушка. Ён сказаў, што падаў заяву аб зьнікненьні ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі, акрамя беларускага, ёсьць польскае грамадзянства). Таксама стала вядома, што зьніклі і дочкі Мельнікавай, якія жылі зь ёй у Варшаве.

Раней зьявілася інфармацыя, што Мельнікава, хутчэй за ўсё, знаходзіцца не на тэрыторыі ЭЗ. Паводле зьвестак сакратарыяту Каардынацыйнай рады, яе былы муж можа цяпер быць у Беларусі. Дэлегаты КР ня бачылі Мельнікаву ўжо некалькі тыдняў, бо яна спаслалася на тое, што хварэе на COVID-19. Але яна заставалася на сувязі прынамсі да 21 сакавіка.

У гэты ж дзень прэс-сакратар польскага МУС Яцэк Дабжыньскі паведаміў, што, паводле зьвестак польскіх і партнэрскіх службаў, Мельнікава на той момант ужо некалькі тыдняў знаходзілася па-за межамі Польшчы. Празь некалькі дзён Латушка з спасылкай на польскую паліцыю заявіў, што Мельнікава пакінула Польшчу яшчэ ў канцы лютага і вылецела ў Вялікую Брытанію.

30 сакавіка чытачы «Люстэрка» паведамлялі, што бачылі былога мужа Мельнікавай разам з дочкамі ў Нясьвіжы. Раніцай 31 сакавіка Латушка заявіў, што мабільны тэлефон Анжалікі з 19 сакавіка таксама знаходзіцца ў Беларусі.

4 красавіка сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BYSOL Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікай Брытаніі, падаў заявы аб зьнікненьні Мельнікавай у паліцыю Лёндану і ў нацыянальную крымінальную агенцыю Вялікай Брытаніі.

Хто такая Анжаліка Мельнікава

Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня 11 ліпеня 2024 году ад блёку «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“», які значна апярэдзіў астатнія кааліцыі колькасьцю атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.

Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай генэральнага дырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Белоруссія», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, сям’я выехала зь Беларусі.

З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня на чале з Паўлам Латушкам.

Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG