Польскія службы «атрымалі інфармацыю пра тое, што прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Беларусі ўжо некалькі дзён ня могуць зьвязацца са старшынёй рады Анжалікай Мельнікавай», паведаміў прэсавы сакратар міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Яцэк Дабжыньскі.
«Згодна з данымі польскіх і партнэрскіх службаў, гэтая асоба знаходзілася па-за межамі Польшчы на працягу многіх тыдняў. Польскія службы будуць падтрымліваць дзеяньні службаў іншых краін і Каардынацыйнай рады Беларусі для высьвятленьня месцазнаходжаньня спадарыні Мельнікавай», — напісаў ён раніцай 29 сакавіка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
Напярэдадні ўвечары прэс-служба лідэра фракцыі Каардынацыйнай рады (КР) «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду», намесьніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўла Латушкі паведаміла, што Мельнікава не на тэрыторыі Польшчы, сувязь зь ёй адсутнічае з 25 сакавіка.
«Мы спадзяемся на лепшае, але разумеем, што першыя асобы дэмакратычных сіл Беларусі зьяўляюцца прыярытэтнымі мэтамі спэцслужбаў рэжымаў у Беларусі і Расеі. Мной афіцыйна пададзеная заява ў праваахоўныя органы Польшчы аб зьнікненьні спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Па просьбе праваахоўных органаў гэтая інфармацыя не разгалошвалася. Мы будзем інфармаваць аб разьвіцьці сытуацыі па ўзгадненьні з праваахоўнымі органамі Польшчы», — сказаў Латушка.
«Наша Ніва» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што Мельнікава самастойна вылецела з Польшчы ў Вялікую Брытанію, «пасьля чаго яе сьлед згубіўся». Пры гэтым, як сьцьвярджаецца, яна нікога не папярэдзіла пра свае пляны.
Паўнамоцтвы кіраўніка КР часова перайшлі да віцэ-спікера Станіславы Гліньнік — «у сувязі з немагчымасьцю» Мельнікавай «выконваць свае абавязкі».
Мельнікава была абраная сьпікерам Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня 11 ліпеня 2024 году ад блёку «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду», які значна апярэдзіў астатнія каманды паводле колькасьці атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.
Гліньнік, унучка былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, зьяўляецца асабістай памочніцай кіраўніцы АПК Сьвятланы Ціханоўскай. Сябра фракцыі КР «Эўрапейскі выбар» (8 месцаў).
Хто такая Анжаліка Мельнікава
Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух «За свабоду» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады ў ліпені 2024 году.
Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай гендырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, у выніку сям’я выехала зь Беларусі.
З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» на чале з Паўлам Латушкам.
Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.
Форум