З пачатку году зь Беларусі фондам салідарнасьці BySol было эвакуіравана 29 чалавек, паведаміў яго сузаснавальнік Андрэй Стрыжак 31 сакавіка ў эфіры ютуб-каналу «Обычное утро».
«Такія сёньня аб’ёмы работы — практычна адзін чалавек у тры дні, — адзначыў ён. — Цяпер шмат людзей зьвяртаецца, таму што прэсінг унутры краіны не спыняецца».
Па словах актывіста, працэс эвакуацыі ажыцьцяўляецца на данаты агульнага збору фонду.
«З пачатку году 6,4 тыс. чалавек зрабілі данаты на агульную суму 210 тыс. эўра, што на 7% больш, чым было за аналягічны пэрыяд 2024-га», — паведаміў Стрыжак.
Ён са шкадаваньнем адзначыў, што ў ахвярадаўцаў «ёсьць нейкі скепсіс» наконт дапамогі былым палітвязьням, якія зьяўляюцца маладымі мужчынамі.
«Маўляў, калі малады, няхай ідзе і зарабляе. Але трэба памятаць, што калі мы гаворым пра палітвязьняў, гэта якраз па статыстыцы [у большасьці сваёй] мужчыны. <...> Людзі рэальна выходзяць зь вялікім пашкоджаньнем здароўя», — кажа Андрэй Стрыжак.
Разам з тым, паводле слоў Стрыжака, цяпер практычна няма сытуацый, калі канкрэтны збор не закрываецца. Ён ня лічыць, што ў Беларусі адбываецца нейкая лібэралізацыя і зьніжэньне рэпрэсій:
«Улады спрабуюць схаваць інфармацыю аб судах па палітычна матываваных справах, каб зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Маўляў, усё супакоілася, ніякіх рэпрэсій няма. Захад, здымайце санкцыі і пачынайце з намі гандляваць».
«Мы ўвесь час фіксуем факты затрыманьня людзей на мяжы па „экстрэмісцкіх“ справах. Бачым колькасьць палітвязьняў. Няхай 1,2 тыс. — гэта мінімум з 2021 году, але, нагадаю, мы далёка не пра ўсіх ведаем. Многія проста баяцца паведамляць праваабаронцам, што яны сядзяць па палітычных артыкулах, таму што ёсьць хоць нейкі шанец не атрымаць жоўтую бірку на робу і нармальна адседзець, як бы гэта дзіка ні гучала. Сутнасьць рэжыму не зьмянілася — ён па-ранейшаму рэпрэсіўны і хоча кантраляваць усё», — кажа Сружак.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», па стане на 31 сакавіка 2025 году ў Беларусі 1197 палітвязьняў. Гэта тыя, хто вядомы праваабарончай супольнасьці. Рэальная іх колькасьць можа быць большаю.
Форум