У студзені—лютым Беларусь узначаліла рэйтынг пакупнікоў расейскага піва: 24% ад агульнага імпарту піва — з гэтай краіны. У параўнаньні зь мінулым годам рост склаў 39%. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Агроэкспорт», які належыць фэдэральнаму цэнтру разьвіцьця экспарту прадукцыі аграпрамысловага комплексу Расеі.
Спажыўцы зь Беларусі на ўмовах ананімнасьці расказалі Свабодзе, што піва расейскай вытворчасьці ў крамах візуальна пераважае. Адзін з суразмоўцаў адзначыў, што «ў некаторых крамах расейскага піва стала больш, чым айчынных «Аліварыі», «Крыніцы» і «Лідзкага».
Цаной расейскае не даражэйшае за беларускае. Якасьцю ж не саступаюць толькі «адзінкавыя буйныя вытворцы». З назіраньняў суразмоўцаў, стала больш і расейскага крафтавага піва ў адмысловых барах.
Нарошчваць пастаўкі піва на беларускі рынак расейцы зьбіраліся яшчэ летась. Тады згаданы фэдэральны цэнтар аграэкспарту прагназаваў, што да 2026 году пастаўкі расейскага піва ў Беларусь вырастуць на 33,4% — да 146,8 тысячы тонаў на год.
Увесь рынак беларускага піва (продаж у крамах) за мінулы год склаў каля 403,1 тысячы тонаў. Атрымліваецца, расейцы прэтэндуюць амаль на 37% беларускага рынку, калі нарасьцяць пастаўкі згодна з сваім прагнозам. Пакуль жа ўсё імпартнае піва, ня толькі расейскае, складае толькі 14,5% ад усіх продажаў на беларускім рынку.
Пры гэтым продажы расейскага піва ў Беларусь апошнімі гадамі растуць:
- 2019 год — 55,5 мільёна літраў (56,6 тысячы тонаў)
- 2020 год — 81,1 мільёна літраў (82,2 тысячы тонаў)
- 2021 год — 109,6 мільёна літраў (110,7 тысячы тонаў)
Пасьля 2021 году беларуская статыстыка не публікуе падрабязных зьвестак пра імпарт і экспарт тавараў. Вядома, што ў 2023 годзе пастаўкі расейскага піва ў Беларусь склалі каля 100 мільёнаў літраў (каля 101 тысячы тонаў).
«Замяняюць эўрапейскіх і ўкраінскіх вытворцаў»
Свабода пагаварыла зь некалькімі спэцыялістамі, якія працуюць у сфэры, зьвязанай з алкагольнымі напоямі і півам. Паводле іхных словаў, пакуль заняцьцё расейскім півам больш чым траціны беларускага рынку выглядае толькі плянам. Суразмоўцы зьвяртаюць увагу і на тое, што Беларусь забараніла імпарт піва з Чэхіі, Польшчы і краінаў Балтыі.
Гэтую долю якраз і маглі заняць вытворцы з Расеі. Раней, у 2020–2021 гадах, Беларусь штогод набывала ва Ўкраіне 19 мільёнаў літраў (19,1 тысячы тонаў), у ЭЗ — 12-14 мільёнаў літраў (12,1-14,1 тысячы тонаў).
Суразмоўцы адзначаюць, што расейскія магутнасьці вытворчасьці піва большыя, а канчатковы сабекошт прадукту меншы. Аднак алькаголь — падакцызны тавар, рынак якога кантралюе беларуская дзяржава.
«Заўсёды ёсьць катэгорыя спажыўцоў, якім усё адно, якую жыжку піць, абы танная была. Таму ня выключана, што расейцы захопяць значную долю рынку. Але калі гэта пачне перашкаджаць уладам, яны абмяжуюць нейкім дэкрэтам імпарт піва з Расеі, як гэта робяць з іншымі таварамі», — мяркуе адзін з суразмоўцаў.
«Прыход канкурэнтаў з Расеі можа быць не на карысьць вытворцам у Беларусі»
Пакуль што расейскія вытворцы займаюць нішу, якая вызвалілася пасьля забароны на пастаўкі зь некаторых краін ЭЗ, а таксама пасьля спыненьня паставак з Украіны. Такую выснову ў размове з Свабодай робіць старэйшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.
«Абмежаваньні, якія ўвялі ўлады Беларусі на пастаўкі зь некаторых краін, паўплывалі на рынак. Вызваленая ніша дазваляе Расеі нарасьціць пастаўкі ў Беларусь. Таксама да 2022 году актыўна пастаўлялася піва з Украіны», — заўважае эканамістка.
Прыход жа вялікіх канкурэнтаў з Расеі можа быць не на карысьць беларускім вытворцам, дадае суразмоўца. Гэта залежыць ад якасьці і кошту прадуктаў, якія будуць пастаўляцца ў Беларусь.
«Расьце аб’ём расейскага піва і ягоная разнастайнасьць, зь іншага боку — няма вытворцаў з ЭЗ і Ўкраіны. Разнастайнасьць абмяжоўваецца. Ад абмежаваньняў, якія ўвялі ўлады Беларусі, выйграюць расейскія кампаніі», — кажа Анастасія Лузгіна.
Паводле інфармацыі канцэрну «Белдзяржхарчпрам», 98% піва ў Беларусі робіцца на чатырох броварах. Гэта «Крыніца» (належыць дзяржаве), «Аліварыя» (частка канцэрну Calsberg), «Лідзкае піва» (валодае фінская кампанія Olvi) і «Бабруйскі бровар» (кампанія Oasis).
Форум