17 сакавіка эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці адкрыў справу аб банкруцтве «Берасьцейскага піва», заводу, які працаваў больш за 50 гадоў. Позву аб прызнаньні прадпрыемства банкрутам падало міністэрства падаткаў і збораў. Прычына — прадпрыемства апошнія тры гады працуе з стратамі, а даходы не дазваляюць рабіць абавязковыя выплаты ў бюджэт.
Завод на люты гэтага году меў запазычанасьць перад бюджэтам каля 6,5 мільёна рублёў. «Берасьцейскае піва» дзясятак разоў спрабавалі прадаць інвэстарам, аздараўлялі і мадэрнізавалі. Але за больш чым 10 гадоў так і ня вывелі з крызісу.
Суразмоўца, абазнаны ў сфэры вытворчасьці піва, на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, што ў бровар уклалі шмат сродкаў, а загружаны ён быў значна менш чым на палову аб’ёму. У выніку прадпрыемства апошнімі гадамі яшчэ болей захрасла ў даўгах. Пэўны час на магутнасьцях заводу спрабавалі рабіць свае напоі іншыя піўныя брэнды, але гэта не дапамагло, удакладніў суразмоўца. Выпуск прадукцыі буйных сеткавых крамаў і замежных вытворцаў на абсталяваньні бровару таксама не прынёс выгады. Напрыклад, тут вырабляў свае маркі напояў «Эўраопт». Тут жа расейскія вытворцы разьлівалі сідры марак Kelvish і Dr. Apple. Варылі, безумоўна, і традыцыйныя для гэтага заводу брэнды — піва «Белавескае», «Стары бровар», «Жыгулёўскае», «Манастырскі квас».
Усяго доля вырабленых на «Берасьцейскім піве» напояў даходзіла на беларускім рынку да 2,8%.
Крыху гісторыі: «Жыгулёўскае» і Pepsi
У 1967 годзе ў Берасьці заснавалі піваварна-вінаробны камбінат. Праз чатыры гады тут пачалі разьліваць піва «Жыгулёўскае» агульнасавецкага ўзору, а таксама квас, ліманад і напой «Дзюшэс». На хвалі антыалькагольнай кампаніі сярэдзіны 80-х завод пачаў разьліваць напоі Pepsi-Cola і Fanta.
У 1998 годзе завод зноў робіць алькагольныя напоі: джын-тонік, пладовыя віны. З 2001 году прадпрыемства ўвайшло ў дзяржаўны «Белдзяржхарчпрам», а з 2003 па 2010 гады тут прайшла мадэрнізацыя вытворчасьці.
Страты і першае банкруцтва
З 2011 году «Берасьцейскае піва» перастала прыносіць прыбытак. Далей страты прадпрыемства толькі расьлі: 2012 і 2013 гады завод скончыў з стратамі. Гэта мільярдныя мінусы ў недэнамінаваных рублях (больш чым мільён даляраў паводле тагачаснага курсу).
20 лістапада 2014 году эканамічны суд прызнаў завод банкрутам. Аднак прадпрыемства ня сталі ліквідаваць і далі паўтара года на санацыю (аздараўленьне). Пасьля тэрмін працягнулі. Гэта не дапамагло, страты заводу на 2015 год дасягнулі ўжо 1,4 мільёна даляраў (22,7 мільярда недэнамінаваных рублёў).
У інтэрвію «Комсомольской правде» у 2014 годзе адзін з чыноўнікаў, каму падпарадкоўвалася прадпрыемства, казаў, што ўлады супраць продажу заводу інвэстару. На той момант большасьцю акцыяў валодала дзяржава.
У 2016 годзе заводу ўдалося атрымаць невялікі прыбытак у 597 тысяч рублёў (больш за 300 тысяч даляраў паводле тагачаснага курсу). Пасьля прадпрыемства спрабавалі прадаць як мінімум 5 разоў, і цана ўвесь час падала: з 17,4 мільёна да 9,3 мільёна рублёў. Інвэстара не знайшлося.
Інвэстар з маштабнымі плянамі і зноў банкруцтва
Каб забясьпечыць хоць нейкі прыбытак заводу, у 2019 годзе на ім разьмясьцілі замовы на вытворчасьць зьбітню, медавухі і нават пладова-ягадных вінаў. Пра гэта Свабодзе расказаў суразмоўца, знаёмы з тагачаснай сытуацыяй. Пэрыяд санацыі пастаянна працягвалі. У 2020 годзе старшыня эканамічнага суду Берасьцейскай вобласьці Сяргей Кулак казаў, што за час санацыі толькі пазыкі заводу ў падатках вырасьлі на 2,7 мільёна рублёў. Завод жа спрабавалі прадаць за 20,3 мільёна.
«Адзіны магчымы мэханізм рэанімаваць і працягнуць дзейнасьць заводу — гэта продаж дзяржаўнага пакету акцый. Кошт маёмасьці прадпрыемства ацэньваецца ў Br 20,3 мільёна. Знайсьці інвэстара, які адразу, у адзін момант унясе такую суму, вядома, складана», — казаў тады Сяргей Кулак.
У жніўні 2020 году зарэгістраваная ў Баўгарыі кампанія «Мульти Трейд Групп», якая ўваходзіць у канцэрн Multi Group армянскага палітыка і бізнэсмэна Гагіка Царукяна, набыла 89,73% акцый Берасьцейскага заводу за 6,6 мільёна рублёў. Інвэстар таксама абавязаўся за 10 гадоў укласьці не менш за 25 мільёнаў рублёў у мадэрнізацыю вытворчасьці і (або) папаўненьне абаротных сродкаў. Акрамя таго, «Мульти Трейд Групп» павінна была пагасіць даўгі берасьцейскага прадпрыемства, якія ў 2019 годзе складалі каля 10 мільёнаў рублёў.
У 2010 годзе падчас візыту ў Армэнію Гагік Царукян падарыў Лукашэнку 400-літровую бочку канʼяку. Яе заплямбавалі ў гонар Мікалая Лукашэнкі, бочка чакае на ягонае вясельле.
Бізнэсовец меў пляны запуску лініі вытворчасьці энэргетычных і безалькагольных напояў. Аднак завод працягваў несьці страты.
У 2022 годзе яны склалі 7,9 мільёна рублёў, у 2023-м — 5,43 мільёна рублёў.
Ужо ў красавіку 2024 году прадпрыемства пачало шукаць новага інвэстара. І гэтыя пляны таксама не рэалізаваліся.
«На ўласьніка навешваюць зашмат гарантыяў»
Ня кожнаму інвэстару захочацца выконваць шэраг гарантыяў, якія дзяржава просіць ад уласьніка. Таму зацікаўленасьць у дзяржаўных актывах можа быць нізкай, на гэта зважае старэйшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна. Экспэртка дадае, што кепскі стан прадпрыемства можа быць зьвязаны як зь неэфектыўным мэнэнджмэнтам, так і з праблемамі экспарту праз санкцыі, бо да 2019 году беларускае піва ішло на заходні рынак.
«Калі дзяржава прадае дзяржаўныя кампаніі, на ўласьніка навешваюць шэраг сацыяльных гарантыяў: нельга скарачаць людзей, напрыклад. Далёка ня ўсе хочуць набываць такое прадпрыемства. Мала таго, што людзі аддаюць грошы за кампанію, дык яны яшчэ абавязаныя нешта пабудаваць, у іх ёсьць абмежаваньні. Тады пошук інвэстара зацягваецца, а стан прадпрыемства пагаршаецца», — кажа экспэртка.
У выніку інвэстар сьпярша вырашае пласт праблемаў, выконвае абавязаньні, а таксама думае, як зрабіць прадпрыемства прыбытковым, зьвяртае ўвагу эканамістка.
Цяпер суд мусіць прыняць рашэньне, ці банкруціць прадпрыемства і што зь ім рабіць далей.
Форум