Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бондарава — самы мэмны беларускі пэрсанаж». Блогер Джыпсінкоў пра гумар «ябацек» і экстрэмісцкі статус


Блогер Джыпсінкоў, (Міхаіл Цыганкоў)
Блогер Джыпсінкоў, (Міхаіл Цыганкоў)

Адзін з самых папулярных беларускіх карыстальнікаў Twitter (цяпер Х) Джыпсінкоў стаў «экстрэмістам». Спыталіся, як гэта зьмяніла яго жыцьцё і чым ён займаецца цяпер.

У пачатку лютага стала вядома, што суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў старонку «Спадар Джыпсінкоў» у сацыяльнай сетцы X (былы twitter) «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Джыпсінкоў піша невялікія гумарыстычныя допісы пра беларускую рэальнасьць. Ён карыстаецца вялікай папулярнасьцю ў карыстальнікаў сеткі Х.

Свабода пагутарыла з блогерам (сапраўднае яго імя — Міхаіл Цыганкоў) пра тое, як адрозьнівацца гумар беларусаў унутры краіны і ў эміграцыі, чаму ён працягвае жыць у Грузіі і ці сумуе па радзіме.

«Выглядае як мэм, але рэч непрыемная»

«Нічога асаблівага не здарылася, — пачынае аповед блогер пра свой „экстрэмісцкі“ статус. — Адпісаліся прыблізна 1500 чалавек (у першыя дні пасьля „прызнаньня“. — РС). Ня так шмат на фоне агульнай колькасьці, але паколькі гэта былі беларусы ўнутры Беларусі, а значыць, самая каштоўная аўдыторыя, то ў гэтым пляне ўсё выглядае ўжо ня так добра».

Суд Чыгуначнага раёну Гомля, якія часта фігуруе ў навінах пра чарговы «экстрэмісцкія матэрыялы» і «фармаваньні» становіцца аб’ектам шматлікіх жартаў у інтэрнэце. Як Джыпсінкоў успрымае гэты орган?

«Ну гэта не зусім мэм. Гэта орган, які прызнае інфармацыю дазволенай ці не. І пасьля рашэньняў гэтага суду людзі трапляюць у турмы. У загалоўках гэта ўсё, вядома, выглядае як мэм, але па факце гэта даволі непрыемная рэч. Мне б, напрыклад, не хацелася, каб за тое, што хтосьці падпісаны на мой асабісты акаўнт, ён трапіў у турму».

Блогер Джыпсінкоў (Міхаіл Цыганкоў)
Блогер Джыпсінкоў (Міхаіл Цыганкоў)

«Там няма размоваў пра вайну і палітыку»

«Спадар Джыпсінкоў» перакананы, што розьніца між гумарам беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны, і тымі, хто выехаў за мяжу, існуе.

«Тыя беларусы, якія ўнутры Беларусі і маюць не ананімныя акаўнты, не закранаюць забароненых тэмаў у прынцыпе. Там няма размоваў пра вайну, пра палітыку. Усё пра нейкія побытавыя і нэўтральныя рэчы. Ды і беларусы ў эміграцыі таксама адыходзяць ад тэмы палітыкі і вайны. Я без асуджэньня, гэта нармальны працэс».

Блогер лічыць, што пункты судакрананьня між такімі групамі існуюць, але яны знаходзяцца на асабістым узроўні, а не на сацыяльна-культурным.

«Пэрсанальна ва ўсіх ёсьць сябры, якія яшчэ могуць езьдзіць у Беларусь ці прыяжджаць адтуль. Але сацыяльна і культурна гэта ўсё ж розныя плянэты».

Джыпсінкоў не бярэцца дакладна адказаць на пытаньне, ці існуе ў Беларусі сёньня яшчэ палітычны гумар.

«Для гэтага трэба быць у самой Беларусі. Я думаю, вядома ж, ён застаўся, проста не выносіцца на публіку, зь некалькімі выняткамі, якіх я ня буду называць са зразумелых прычынаў».

Што тычыцца гумару прыхільнікаў Лукашэнкі, то блогер мяркуе, што ён існуе.

«Гумар „ябацек“ — гэта вельмі часта сьмешна. Праўда, з тым нюансам, што гэта сьмешна ня з пункту гледжаньня гумару, а з пункту гледжаньня, што гэта настолькі дрэнна, што добра».

«Як чытаў навіны, так і чытаю»

Як гумарысту працягваць заставацца ў беларускай тэме пасьля двух гадоў жыцьця ў эміграцыі?

«Тут бы яшчэ зразумець, што такое беларуская тэма. Мне здаецца, тое, што мы цяпер чытаем у незалежных мэдыя, гэта не зусім яна. Гэта парадак дня беларусаў, якія выехалі. А што складанага, я ня ведаю. Я як чытаў навіны ўсё жыцьцё, так і чытаю, у гэтым пляне нічога не памянялася. Нават часам на Onliner заходжу».

Што тычыцца самых мэмных пэрсанажаў сярод беларусаў сёньня, то тут Джыпсінкоў мае адназначны адказ.

«Вольга Бондарава. Ня думаю, што тут патрэбны нейкія тлумачэньні. А яшчэ — калектыўны дзяржаўны чыноўнік ва ўсіх праявах. Людзі, якія будуюць СССР у 2024 годзе. Калектыўны дзяржаўны прапагандыст. Людзі, якія спрабуюць кагосьці пераканаць (мо сябе?) што СССР у 2024 годзе — гэта тое, што нам трэба».

«Не сьмяротна, але сумую»

Міхаіл Цыганкоў быў вымушаны выехаць зь Беларусі ў 2022 годзе, перад гэтым яго затрымліваў ГУБАЗіК.

«Жывы, здаровы. Працую на сваёй працы, у гэтым пляне нічога не зьмянілася. Сумую па радзіме. Не сьмяротна, але магчымасьць наведваць родных, думаю, не перашкодзіла б нікому».

Чаму ён працягвае жыць менавіта ў Грузіі, калі многія беларусы выяжджаюць з гэтай краіны праз праблемы зь легалізацыяй?

«Я застаюся ў Грузіі, бо яшчэ не знайшоў магчымасьці адтуль выехаць. Гэта не маё жаданьне. Трэба неяк разабрацца зь візамі, а ў беларусаў Грузіі вялікія з гэтым праблемы, апошнім часам нікому не даюць нават гуманітарных. Трэба неяк памяняць працу, таму што мая кампанія не рэлякуе. Як толькі магчымасьці складуцца, я таксама выеду. Дзякуй Богу, ёсьць зразумелы дэдлайн — тэрмін дзеяньня пашпарта».

Таксама Свабода пацікавілася ў Джыпсінкова яго думкай пра тое, калі будзе магчыма вярнуцца ў Беларусь.

«Усе ведаюць, калі. Калі нешта зьменіцца ў краіне. А калі тое нешта зьменіцца, ніхто ня ведае», — рэзюмаваў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG