Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ААН заявілі, што становішча жанчын у беларускіх турмах застаецца цяжкім


Турма ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота
Турма ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота

Незалежныя экспэрты ААН у правах чалавека 26 сакавіка выступілі з заявай, у якой заклікалі ўлады Беларусі адрэагаваць на пастаянныя абвінавачаньні ў жорсткім абыходжаньні з жанчынамі, якіх трымаюць у папраўчых калёніях.

Дакумэнт апублікавалі на сайце Рады правоў чалавека ААН.

«Мы глыбока занепакоеныя суровым абыходжаньнем з жанчынамі, асуджанымі ў сувязі з пратэстамі супраць прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году», — заявілі экспэрты. Яны асабліва ўстрывожаныя станам Вікторыі Кульшы, былой адміністратаркі тэлеграм-каналу «Кіроўцы 97%», які заклікаў кіроўцаў перакрываць вуліцы на знак пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Паводле зьвестак аўтараў, «цяпер Кульшу трымаюць у Зарачанскай папраўчай калёніі, яе фізычнае і псыхічнае здароўе сур’ёзна пагоршылася. Аднак ёй адмовілі ў адэкватнай мэдыцынскай і псыхалягічнай дапамозе».

Экспэрты таксама выказалі занепакоенасьць лёсам «трох пажылых жанчын-вязьняў — Алены Гнаўк, Вольгі Маёравай і Ірыны Такарчук, — асуджаных у рамках рэпрэсіяў, што разгортваюцца з 2020 году».

«Дрэнныя ўмовы ўтрыманьня пад вартай у спалучэньні з наўмысным жорсткім абыходжаньнем, у тым ліку карным адзіночным зьняволеньнем, паддаюць іх здароўе сур’ёзнай рызыцы», — заявілі яны.

«Больш за тое, меркаванае працяглае ўтрыманьне пад вартай бяз сувязі са сьветам Алены Гнаўк павышае рызыку яе гвалтоўнага зьнікненьня», — лічаць аўтары заявы.

Адзначаецца, што «тэрміны зьняволеньня Кульшы, Гнаўк і Маёравай працягнулі пасьля іх асуджэньня паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы). Кульшу тройчы прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці паводле гэтага артыкулу».

Экспэрты нагадваюць, што артыкул 411 КК дазваляе бестэрмінова працягваць турэмныя тэрміны на падставе абвінавачаньняў у «непадпарадкаваньні», выстаўленых тымі самымі супрацоўнікамі калёніі, якія нясуць адказнасьць за жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі. Гэта называюць помстай неляяльным рэжыму людзям.

У ААН заклікалі ўлады неадкладна скасаваць артыкул 411 КК і вызваліць асуджаных паводле яго.

Экспэрты адзначаюць, што ўлады па-ранейшаму не вырашаюць названыя праблемы. Таксама аўтары занепакоеныя злоўжываньнямі заканадаўствам аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам і заклікаюць улады прывесьці гэтыя законы ў адпаведнасьць нормам міжнароднага права.

Пад заявай падпісаліся 20 чалавек, у тым ліку кіраўнікі і адмысловы дакладчык аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, адмысловы дакладчык ААН у абароне права на свабоду думак і іх свабоднае выказваньне Ірэн Хан, сябры рабочай групы у пытаньнях гвалтоўных або нядобраахвотных адносінаў з жанчынамі і дзяўчатамі.

24 лютага Камітэт ААН у пытаньнях ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын у выніку разгляду справаздачы Беларусі аб выкананьні аднайменнай канвэнцыі заявіў, сярод іншага, што «па-ранейшаму сур’ёзна занепакоены паведамленьнямі аб бесчалавечных умовах утрыманьня жанчын» у няволі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG