Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На турыстычнай выставе ў Менску будуць прадстаўленыя Палестына, Крым, Курская і Белгародзкая вобласьці РФ, дзе ідуць баявыя дзеяньні


Пажар на нафтабазе ў Феадосіі, 7 кастрычніка 2024
Пажар на нафтабазе ў Феадосіі, 7 кастрычніка 2024

Сярод удзельнікаў выставы-кірмашу турыстычных паслугаў «Адпачынак-2025», якая пройдзе ў Менску 27–29 сакавіка, будуць прадстаўнікі рэгіёнаў, дзе вядуцца баявыя дзеяньні.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Адбудзецца «прэзэнтацыя турыстычнага патэнцыялу дзяржавы Палестына» з удзелам акрэдытаванага ў Менску амбасадара, пазначана ў праграме выставы. Дзесяць удзельнікаў выставы (экспанэнтаў) вязе «Міністэрства курортаў і турызму Рэспублікі Крым», які з 2014 года анэксаваны Расеяй.

Сярод удзельнікаў — Турыстычна-інфармацыйны цэнтар Курскай вобласьці і Белгарадзкі цэнтар турызму.

Палестына асобна была згаданая на прэсавай канфэрэнцыі арганізатараў выставы 21 сакавіка. Гэта часткова прызнаная дзяржава, куды ўваходзіць сэктар Газа. На гэтай тэрыторыі Ізраіль праводзіць ваенную апэрацыю ў адказ на ўварваньне групоўкі ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году, якое прывяло да шматлікіх ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва і захопу закладнікаў.

Вайсковыя аб’екты ў Крыме рэгулярна атакуюць Узброеныя сілы Украіны (УСУ).

У Курскай вобласьці ЎСУ больш за паўгода ўтрымліваюць пляцдарм, у Белгародзкай вобласьці баі ідуць ужо некалькі дзён. Украінцы рэгулярна дыстанцыйна атакуюць вайсковыя мэты ў абедзьвюх абласьцях.

Як паведаміла намесьніца дырэктара па турыстычнай дзейнасьці дзяржаўнага прадпрыемства «БелЭкспа» Алена Ліхімовіч, усяго на выставе будзе больш за 500 экспанэнтаў. Паводле яе слоў, сярод іх ня будзе эўрапейскіх турыстычных кампаній.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG