«Іх патрабаваньні — адстаўка ўраду. І маладыя, і старыя, людзі розных этнічных груп, розных рэлігій паднялі свае галасы за адстаўку, таму гэтую грамадзянскую энэргію трэба падтрымліваць, трэба заахвочваць», — сказаў Жалязкаў.
Пратэсты былі выкліканыя праектам бюджэту на 2026 год, прапанаваным у лістападзе. Ён уключаў падвышэньне падаткаў і платы на сацыяльнае забесьпячэньне, а таксама падвышэньне заробкаў і дзяржаўных выдаткаў.
Хоць урад адмовіўся ад гэтых плянаў, але пратэсты ўжо перарасьлі ў патрабаваньні ягонай адстаўкі і радыкальнай рэформы мадэлі кіраваньня Баўгарыяй.
Дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненьнямі. Паліцыя затрымала 70 чалавек за напады на офісы кіроўных партый. Апазыцыя назвала гэтыя інцыдэнты інсцэнаваньнем з мэтай дыскрэдытацыі ўдзельнікаў акцый.
Адстаўка адбылася празь дзень пасьля таго, як лідэр кіроўнай партыі Бойка Барысаў заявіў, што ўрад ня пойдзе ў адстаўку да афіцыйнага ўступленьня краіны ў эўразону 1 студзеня.
Урад Росэна Жалязкава не пракіраваў і году.
Паводле «Transparency International», па ўзроўні карумпаванасьці Баўгарыя займае другое месца ў Эўрапейскім зьвязе, саступаючы толькі Вугоршчыне. І першае — у рэйтынгу найбяднейшых краін ЭЗ, паводле Эўрастату.
З красавіка 2021 да кастрычніка 2024 году ў Баўгарыі прайшло аж сем парлямэнцкіх выбараў.