Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Датычнымі да арганізацыі названы Рыгор Астапеня, Стас Гарэлік, Анастасія Жаўрыд, Генадзь Коршунаў, Павал Мацукевіч, Антон Раднянкоў, Дар’я Рублеўская, Алеся Руднік.
Камэнтуючы рашэньне КДБ, ЦНІ адзначыў, што для супрацоўнікаў гэта «нічога ня значыць», бо «ўся каманда знаходзіцца за межамі Беларусі ў бясьпецы і будзе працягваць сваю дасьледчую і адукацыйную дзейнасьць».
Цэнтар новых ідэяў заснаваны ў 2012 годзе, займаецца дасьледаваньнямі і аналітыкай у сфэрах палітыкі, сацыялёгіі, мэдыя і інш.
Таксама сёньня стала вядома, што «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны кантэнт шэрагу інфармацыйных рэсурсаў і старонак у сацсетках. У адпаведны сьпіс на сайце Міністэрства інфармацыі ўключаны: старонкі ў сацсетках партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя», сайт і старонкі ў сацсетках суполкі «Belarus Together — БЕЛАРУСЬ РАЗАМ», акаўнт у «Фэйсбуку» «olga.karatch.belarus», старонкі «Абʼяднаны штаб Ціханоўскай, Бабарыка і Цапкала», «Брэст. АФІНА», «Віцебск, я гуляю!», «Стромкае піке», «Правіны Бераг Київ | Кіеў», «Тыповая Беларусь Chat», старонка ва «УКантакце» «Таварыства абароны міру і справядлівасьці», акаўнт у «Інстаграме» «xbazyl» і «mindend._», ютуб-канал «Беларусь live».
Прылічаная да «экстрэмісцкай» дзейнасьць перасьледуецца ўладамі ў крымінальным парадку. Гэта адзін з актыўных інструмэнтаў палітычных рэпрэсіяў.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум