Жыхарку Шклова Юлію Брыкіну-Барысаву нават запрасілі на закрыты паказ — разам з міністрамі і ідэолягамі.
Пра гэта піша газэта «Наша ніва».
Юлія эмігравала з сямʼёй у 2022 годзе — пасьля таго як яе мужу Станіславу Брыкіну стаў пагражаць палітычны крымінальны перасьлед.
У 2020-м ён, работнік «Белтэлекама», далучыўся да страйку. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у пратэстах.
Сямʼя пражыла ў Нямеччыне два з паловай гады, аднак урэшце Юлія з дзецьмі вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Станіслаў застаўся ў Эўропе.
Вярнуўшыся, Юлія паўдзельнічала ў здымках прапагандысцкага фільму.
Як паведаміў кіраўнік фонду салідарнасьці BYSOL Андрэй Стрыжак, цела Станіслава Брыкіна знайшлі 4 сакавіка 2025 года ў лягеры ўцекачоў у літоўскім Падбродзьдзі. Асноўная вэрсія сьледзтва — самагубства.
«Ці ведаў Станіслаў што ягоная жонка зьнялася ў прапагандысцкім кіно? Невядома. Ці магла б вестка пра гэта стаць кропкай у ягоным рашэньні? Магла б», — мяркуе Стрыжак.
Каб атрымаць матэрыял для фільма «Чужое неба», герояў зь Вільні падманулі, сказаўшы, што гэта будзе матэрыял для офісу Сьвятланы Ціханоўскай — выключна для ўнутранага карыстаньня і з мэтай атрыманьня фінансавай дапамогі. Матэрыял зь Беластоку быў зьняты бабруйскім актывістам Уладзімерам Лазаравым, які стаў і адным з герояў фільма: яму яшчэ ў верасьні летась пазванілі ў тэлеграм «свае хлопцы, змагары з Вільні», якія папрасілі падрыхтаваць матэрыял для іх мэдыя. Але ні імёнаў, ні назвы гэтага мэдыя Уладзімер не запомніў і не ўдакладняў.
«Мне сорамна, але я нават не памятаю, хто і як тады назваўся, — прызнаўся ў камэнтары „Нашай Ніве“ Лазараў. — Проста папрасілі зьняць знаёмых беларусаў, расказаць, як яны жывуць. Яны так добра размаўлялі, што як бы сваімі зрабіліся. А ў мяне ж сапраўды шмат знаёмых у розных краінах і гарадах».
Віленскую ж кампанію герояў фільма «апрацоўвалі» два мужчыны, якія назваліся Аляксандрамі. Адзін зь іх (адміністратар) выдаваў сябе за супрацоўніка офісу Ціханоўскай, другі (рэжысэр) сказаў, што зьвязаны з чэскай кінастудыяй Barrandov.
Офіс Ціханоўскай сёньня ўжо аспрэчыў, што мае хоць якое дачыненьне да гэтых здымак. «Наша Ніва» дадаткова накіравала зварот да чэскай студыі, але выглядае на тое, што ў абодвух выпадках замоўшчыкі проста выкарысталі гучныя структуры і брэнды, выдалі сябе не за тых, кім зьяўляюцца на самой справе.
Дзяўчына, якая здымала віленскую кампанію герояў і сама стала адной з гераіняў роліку, расказала «Нашай Ніве», што яны з сябрамі зьвярнуліся па дапамогу ў літоўскую паліцыю, а таксама ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі з просьбай аб расьсьледаваньні і абароне.
«Плянавалася рэалізацыя праекту, закліканага апісаць праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларускія палітычныя ўцекачы. Мы ня супраць агучваць праблемы, бо Літва – гэта дэмакратычная эўрапейская дзяржава, дзе існуе свабода слова і мы спадзяёмся, што тут можна абмяркоўваць цяжкасьці, не асьцерагаючыся рэпрэсій, як гэта адбываецца ў Беларусі.
Але асабістую інфармацыю, якую, як запэўнівалі нас, будуць выкарыстоўваць для паляпшэньня жыцьця беларусаў у Літве, перавярнулі і выставілі пад сьцягам беларускай прапаганды. Да гэтага мы не маем ніякага дачыненьня. Мы пачуваемся так, як быццам нас усіх выкачалі ў брудзе, і ад усяго гэтага проста хочацца плакаць. Абуральная эксплюатацыя ўразьлівых людзей. Мы зьвярнуліся ў дзяржаўныя органы і чакаем іх рэакцыі» – сказала ў інтэрвію «Нашай ніве» беларуская эмігрантка.
Форум