Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барацьба за справядлівы сьвет ці «Ялта 2»? Як Лукашэнка прэзэнтуе два супрацьлеглыя праекты сьветаўладкаваньня


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Маскве, 9 кастрычніка 2024 году
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Маскве, 9 кастрычніка 2024 году

Лукашэнка ў Маскве адначасова разважаў пра неабходнасьць змаганьня за справядлівы сьвет і вітаў права вялікіх дзяржаў ствараць міжнародную сыстэму пад свае патрэбы і інтарэсы. Ён не ўсьведамляе іх узаемавыключнасьць. Бо такі ягоны палітычны стыль і асаблівасьці сьвядомасьці.

Сьцісла:

  • Лукашэнка падчас нядаўняга візыту ў Расею казаў, што Беларусь і Расея «сёньня знаходзяцца ў авангардзе барацьбы за справядлівае сьветаўладкаваньне». Маўляў, гістарычная місія Расеі і Беларусі заключаецца ў тым, каб зьнішчыць усе спробы Захаду ўсталяваць сваю гегемонію.
  • Адначасова Лукашэнка сказаў цікавую фразу: «Калі Расея дамовіцца з ЗША — труба Эўропе і Украіне разам узятым». Такая канцэпцыя грунтуецца на тым, што вялікія дзяржавы ствараюць міжнародную сыстэму пад свае патрэбы і інтарэсы, а малым ці сярэднім дзяржавам нічога не застаецца, як падпарадкоўвацца.
  • Лукашэнка так увайшоў у ролю прэсавага сакратара Пуціна, так хацеў спадабацца расейцам, што цалкам атаясамлівае свае інтарэсы з расейскімі.

Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняга візыту ў Расею прагаварыў такую фразу: «Дзякуючы пасьлядоўнай, узважанай і адказнай зьнешняй палітыцы Беларусь і Расея сёньня знаходзяцца ў авангардзе барацьбы за справядлівае сьветаўладкаваньне».

Ідэя не новая. Апошнім часам, асабліва пасьля нападу Расеі на Украіну, Аляксандр Лукашэнка, Уладзімер Пуцін, беларускія і расейскія праўладныя прапагандысты шмат разоў даводзілі такую думку, якая вылілася ў цэлую канцэпцыю, стала часткай новай ідэалёгіі існых рэжымаў Беларусі і РФ.

У прыватнасьці кіраўніцтва Расеі апраўдвала вайну супраць Украіны тым, што насамрэч гэта вайна супраць Захаду, які пасьля заканчэньня «халоднай вайны» стварыў «аднапалярны сьвет», захапіў кантроль над краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, працягвае імпэрыялістычную каляніяльную палітыку ў новым выглядзе («нэакаляніялізм»), эксплуатуе іншыя народы і іх прыродныя рэсурсы. Маўляў, гістарычная роля Расеі заключаецца ў тым, каб зьнішчыць усе спробы Захаду ўсталяваць сваю гегемонію. Таму Беларусь і Расея ўзялі на сябе высакародную місію барацьбы за справядлівы сьвет. Яны цяпер ствараюць міжнародныя інстытуцыі, якія ўяўляюць альтэрнатыву «старым» цэнтрам сілы і заходнецэнтрычнаму сьвету. Гэта ШАС, БРІКС, АДКБ, СНД і іншыя арганізацыі. Таму, маўляў, кіраўніцтва Расеі і Беларусі трапляюць у новы сусьветны трэнд, аказваюцца на «правільным баку гісторыі».

Паводле афіцыйнай вэрсіі, у гэтым новым прагрэсіўным і справядлівым сьвеце, які імкнуцца пабудаваць Беларусь і Расея, усе краіны будуць раўнапраўнымі, моцныя дзяржавы не павінны душыць слабых, кожны народ мае права голасу, які павінен быць пачуты.

Дык вось Беларусь і Расія пазыцыянуюць сябе як авангард гэтай барацьбы за справядлівае сьветаўладкаваньне. Усе выступы Лукашэнкі на міжнародных пляцоўках ад самітаў СНД, ШАС, БРІКС да кліматычных канфэрэнцый прасякнуты ідэяй аб’яднаньня прыгнечаных народаў супраць імпэрыялістычнага Захаду. Сам ён яшчэ з часоў уступленьня Беларусі ў Рух Недалучэньня прэзэнтуе сябе яе ідэалягічны лідэр гэтага міжнароднага працэсу.

Вынесем за дужкі і не будзем чапляцца да таго, што вайна Расеі супраць Украіны — гэта клясычная каляніяльная вайна імпэрыі за захаваньне кантролю над былымі калёніямі, то бок, постсавецкімі краінамі. Тут цікава іншае.

Лукашэнка падчас візыту ў Маскву, на прэсавай канфэрэнцыі па выніках першага дня перамоваў сказаў яшчэ адну цікавую фразу: «Калі Расея дамовіцца з ЗША — труба Эўропе і Украіне разам узятым».

Опа! Дык гэта ж зусім іншая канцэпцыя сьветаўладкаваньня, якая кардынальна супярэчыць тэзісу пра неабходнасьць змаганьня за справядлівы сьвет. Такая канцэпцыя грунтуецца на тым, што вялікія дзяржавы ствараюць міжнародную сыстэму пад свае патрэбы і інтарэсы, а малым ці сярэднім дзяржавам нічога не застаецца, як падпарадкоўвацца. Моцныя душаць слабых, лёс якіх — «труба». Якая ўжо тут справядлівасьць?

Такая сыстэма, у рамках якой вялікія дзяржавы дзеляць сьвет, у асяродзьдзі адмыслоўцаў атрымала назву Ялцінская, ці Ялцінска-Падсдамская сыстэма. Паводле гістарычнай аналёгіі. У канцы другой сусьветнай вайны лідэры краін-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікай Брытаніі) вызначалі лёс народаў Эўропы па свайму разуменьню на самітах у Ялце і Патсдаме. Прычым, вызначалі вельмі адвольна. Найбольш вядомы прыклад — акрэсьленьне новых пасьляваенных межаў Польшчы.

Вядома, што Пуцін, кіруючыся вялікадзяржаўнымі амбіцыямі, даўно марыў падзяліць з ЗША і Кітаем сфэры ўплыву, змадэліраваць нейкую «Ялту 2». Дарэчы, і сам Пуцін, і расейская прапаганда не хавала, што не лічыць краіны Эўропы і сам ЭЗ рэальнымі міжнароднымі суб’ектамі, называла іх амэрыканскімі марыянэткамі, таму, маўляў, дамаўляцца трэба з рэальным сусьветным цяжкавагавіком — ЗША. То бок рэальная задача Масквы — гэта барацьба за выгадны РФ перадзел сьвету, а ўсе развагі пра змаганьне з «аднапалярным сьветам» за справядлівае сьветаўладкаваньне — танная ідэалягічная абалонка. І як толькі на гарызонце замаячыла пэрспэктыва дамовіцца з ЗША, так адкідваюцца ўсе развагі пра клопат аб невялікіх краінах і народах. Што неасьцярожна выдаў Лукашэнка сваёй рэплікай пра незайздросны лёс («труба») дзяржаў Эўропы і Ўкраіны.

Калі казаць пра тое ж пашырэньне НАТО на Усход, супраць чаго так моцна пярэчыць Расея, то ў гэтым працэсе абвінавачваецца ЗША, заходнеэўрапейскія дзяржавы. Але Масква не хоча нават слухаць пра тое, што менавіта самі краіны Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, як цяпер Украіна, імкнуліся далучыцца да НАТО. Іх суб’ектнасьць, права самастойна ўступаць у тыя ці іншыя саюзы Крамлём катэгарычна не прымаецца. Вось так пад выглядам нібыта абаронцы слабых ад заходняга дамінаваньня выяўляецца сапраўдны імпэрскі абрыс Расеі.

І, дарэчы, цікава глядзець, як пераабуваецца ў паветры беларуская прапаганда. Дасюль шмат гадоў яна вяшчала, што ўсё дрэннае ў сьвеце адбываецца з-за палітыкі «англасаксаў», іх жаданьня панаваць. І, маўляў, вайну ва Ўкраіне яны разьвязалі і шмат чаго іншага нарабілі. А цяпер, калі замежная палітыка ЗША пры новым прэзыдэнце Дональдзе Трампе памянялася, Вашынгтон дэманструе намеры да «зьдзелкі» з Масквою, тэзіс пра падступных англасаксаў неяк згубіўся. Галоўным ворагам аб’яўленая Эўропа, якая, маўляў, штурхае да працягу вайны ва Украіне.

А які інтарэс Беларусі, невялікай краіны ў сьвеце, які могуць дзяліць вялікія дзяржавы? Чаму Лукашэнка лабіруе такое сьветаўладкаваньне, у якім усім краінам Эўропы — «труба». А Беларусі ў такім выпадку не «труба»?

Адказ просты. Лукашэнка так увайшоў у ролю прэсавага сакратара Пуціна, так хацеў спадабацца расейцам, што цалкам атаясамлівае свае інтарэсы з расейскімі.

А тое, што Лукашэнка адначасова прэзэнтуе два супрацьлеглыя мадэлі сьветаўладкаваньня, не ўсьведамляючы іх узаемавыключнасьць, то гэта як раз не дзіва. Такі ягоны палітычны стыль і асаблівасьці сьвядомасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG