Пасьля ўказа прэзыдэнта ЗША Трампа, які спыняе дзеяньне гранта, што фінансуе дзейнасьць Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, далейшы лёс мэдыя застаецца няпэўным. Сваё стаўленьне і словы падтрымкі да беларускай службы Радыё Свабода, якая працуе бесьперапынна ўжо больш за 70 гадоў, выказалі беларускія палітыкі, праваабаронцы, грамадзкія арганізацыі, калегі-журналісты.
БАЖ: Немагчыма ўявіць беларускі мэдыяландшафт без Свабоды
«Інфармацыя беларускай службы Свабоды — акно непадцензурнай інфармацыі для беларускай аўдыторыі», — кажа намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
«Гэта мэдыя, праз якое праўду даведваліся не толькі сучасьнікі, а нашыя бацькі, нашыя дзяды і бабулі, якія атрымлівалі інфармацыю праз хвалі. Зараз гэта важнае вакно не падцэнзурнай інфармацыі для беларускай аўдыторыі. Прафэсіяналізм супрацоўнікаў, тэхнічная база дазваляла даносіць інфармацыю на тую пляцоўку, дзе чалавек праводзіць час: сацыяльныя сеткі, стрымінгавыя пляцоўкі. Пра эфэктыўнасьць Свабоды кажа перасьлед журналістаў падчас і пасьля пратэстаў», — кажа Барыс Гарэцкі.
Ён дадае, што «беларускі мэдыяландшафт будзе цяжка ўявіць без Свабоды».
«Мала хто з беларускіх мэдыя можа разьлічваць на такую міжнародную экспэртызу, тэхнічную падрыхтоўку. Беларуская аўдыторыя пры найгоршым сцэнары страціць важны канал інфармацыі, а беларускія ўлады на гэтым месцы хутка разгорнуць сваё прапагандысцкае мэдыя», — падсумоўвае Барыс Гарэцкі.
Прэс-клюб: «Прафэсійнае, якаснае мэдыя»
Радыё Свабода рэгулярна займае першыя месцы ў рэйтынгу беларускага маніторынгавага праекту Media IQ, які працуе на базе Прэс-клюбу. Гэта прыгадвае кіраўніца Media IQ Надзея Белахвосьцік.
«Гэта адно з вядучых СМІ, якое працуе для беларусаў. Гэта прафэсійнае, якаснае мэдыя, па рэйтынгах праекту Media IQ, у пляне стандартаў журналістыкі заўжды на першых пазыцыях. Гэта дазваляе беларусам у Беларусі атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю. Немагчыма пераацаніць такую працу», — кажа Надзея Белахвосьцік.
Калі ж Свабода спыніць сваю працу, то людзі ўнутры краіны застануцца безабароннымі перад беларускай і расейскай прапагандай, дадае Белахвосьцік.
«Ідзе інфармацыйная вайна і мы проста пакінем беларусаў у пастцы „рускага сьвету“ і прапаганды, якая робіць ворагаў з усіх, апроч аднаго суседа на Ўсходзе», — зважае суразмоўца.
Кіраўніца беларускага ПЭНу: «Тэма беларускай культуры — адна з цэнтральных на Свабодзе»
Радыё Свабода заўжды падтрымлівала культурныя ініцыятывы і шмат увагі надавала культурным праектам, прыгадвае старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай.
«Мой першы кантакт з Радыё Свабода як слухачкі адбыўся напачатку нулявых — з перадач Юрася Бушлякова, а потым — ужо з 2006-га — Свабода была заўсёднай паплечніцай там, дзе маё прыватнае перапляталася з грамадзкім. Тэма беларускай культуры была адной з цэнтральных на Свабодзе — ні рэдактараў, ні журналістаў не трэба было пераконваць напісаць пра нешта, часьцей наадварот — я не заўжды мела магчымасьць адказаць на пытаньні», — прыгадвае Тацьцяна Нядбай.
Суразмоўца дадае, што сёньняшнія праблемы беларускіх мэдыя — гэта таксама «тэст на сьпеласьць грамадзтва».
«Гэта таксама тэст на сьпеласьць для беларускага бізнэсу за мяжой: калі закрыцьцё адбудзецца, вызваліцца вялікая колькасьць прафэсіяналаў, якія не павінны быць страчаныя для журналістыкі і Беларусі. З разраду мараў, але раптам удалося б, усьведамляючы важнасьць данясеньня незалежнай інфармацыі для беларускага грамадзтва, знайсьці на гэта сродкі ў нас саміх і стварыць нешта годнае», — падсумоўвае Нядбай.
Праваабаронца «Вясны»: «Заўсёды ведала пра Свабоду, колькі сябе памятаю»
Грамадзтва заўважыць наступствы, калі Свабода зьнікне ў пэрспэктыве, перакананая праваабаронца «Вясны» Натальля Сацункевіч, бо «працу СМІ і грамадзкага сэктара складана ацаніць, пакуль яна ёсьць».
«Складана ўявіць, што я заўтра прачнуся і няма праваабарончых арганізацый, няма мэдыя, няма Радыё Свабода. Гэта падаецца такімі натуральнымі рэчамі, што нават ацаніць наступствы зьнікненьня складана. Дакладна будзе горш. Той жа 2020—ы год — гэта вынік працы дзесяцігодзьдзяў грамадзкага сэктару і СМІ, якія рабілі сваю працу кожны дзень і не бачылі выніку», — параўноўвае Натальля Сацункевіч.
Сацункевіч мяркуе, што беларускія мэдыя граюць незамяняльную ролю ў забесьпячэньні правоў чалавека.
«Незалежныя мэдыя дапамагаюць людзям разумець, ведаць і рэалізоўваць свае правы — свабода мірных сходаў, свабода выказваньняў, права абірацца і быць абраным. Колькі сябе памятаю, заўсёды ведала, чытала Свабоду і для мяне гэта неад’емная частка грамадзтва. У сваёй прафэсійнай дзейнасьці я часта абапіраюся на інфармацыю Свабоды. Журналісты ўзмацняюць наш голас, каб праваабаронцаў было чуваць», — кажа суразмоўца.
Крысьціна Шыянок: «Моцны удар па свабодзе слова»
Беларусь страціць істотную крыніцу свабоднай інфармацыі, у выпадку закрыцьця Радыё Свабода. Такую думку выказвае Крысьціна Шыянок, дырэктарка Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы:
«Радыё Свабода — гэта больш чым проста радыё. Гэта сымбаль свабоды, дэмакратыі, неад’емнай часткай якіх ёсьць незалежныя мэдыя, а ў выпадку беларускай рэдакцыі гэта яшчэ і важны архіў матэрыялаў па гісторыі Беларусі, сродак разьвіцьця беларускай мовы і, што яшчэ шырэй, беларускай ідэнтычнасьці. Калі браць пад увагу колькасьць беларусаў і беларусак у вымушанай міграцыі, гэта яшчэ і спосаб захаваньня сувязі беларускай дыяспары па ўсім сьвеце з Беларусьсю», — зважае Шыянок.
Паводле суразмоўцы, спыненьне працы Свабоды таксама можа стаць ударам па правах чалавека.
«Гэта будзе вельмі моцным ударам па свабодзе слова для Беларусі і агулам па правах чалавека, бо РС у межах сваёй штодзённай працы піша пра парушэньні правоў чалавека і лёсы палітзьняволеных у Беларусі. Менавіта РС асьвятляла трохдзённы Кангрэс па палітзьняволеных у Беларусі ўвесну мінулага года, а таксама мерапрыемства па замежных закладніках рэжыму Лукашэнкі, якое нядаўна ладзіў наш Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы», — дадае Шыянок.
Павал Латушка: «Яшчэ юнаком у школе лавіў хвалі Свабоды»
Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка прыгадвае, што слухаў Радыё Свабода яшчэ юнаком. А ў 2020-м годзе палітык сачыў за падзеямі, у тым ліку, праз трансьляцыю Свабоды з беларускіх вуліц.
«Яшчэ навучэнцам школы ў Менску ўначы я лавіў хвалі Свабоды, каб пачуць альтэрнатыўную інфармацыю аб тым, што адбывалася ў БССР і СССР. Пазьней, ужо працуючы віцэ-консулам генэральнага консульства ў Беластоку ў пакойчыку, дзе ўкладваў спаць сваю дачку, слухаў [на Свабодзе] дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, калі вырашаўся лёс імпічмэнту Лукашэнку», — прыгадвае Павал Латушка.
Палітык кажа, што таксама падчас працы ў міністэрстве замежных спраў прэс-сакратаром рыхтаваўся агляд беларускіх СМІ. І першым у сьпісе была беларуская служба Свабоды, зважае суразмоўца.
«Згадваю прамыя трансляцыі ў 2020 годзе з акцый пратэсту. Калясальныя прагляды і цікавасьць. Гэта было важна для беларусаў, якія выйшлі супрацьстаяць сыстэме. Беларусы могуць пазбавіцца яшчэ адной крыніцы незалежнай інфармацыі. Калі незалежнае СМІ сыходзіць з інфармацыйнага поля, велічэзная рызыка, што гэтую частку зойме прапаганда. Магчымасьці для дэмакратычных пераменаў памяншаецца, калі такія інстытуцыянальныя сродкі масавай інфармацыі сыходзяць з інфармацыйнай прасторы», — гаворыць палітык.
Рада БНР: Надзвычай нэгатыўны вынік ліквідацыя «Радыё Свабода» будзе мець для Беларусі.
Рада БНР выступіла з заявай, у якой, у прыватнасьці, гаворыцца:
«Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп спыніў фінансаваньне „Радыё Свабода“, „Голасу Амэрыкі“ і шэрагу іншых СМІ, нягледзячы на папярэдняе рашэньне Кангрэсу ЗША. Рада БНР канстатуе відавочную палітычную памылковасьць такога рашэньня прэзыдэнта ЗША і яго небясьпеку для лёсу дэмакратыяў у краінах, жыхары якіх дзякуючы „Радыё Свабода“ мелі доступ да аб’ектыўнай і непадцэнзурнай інфармацыі.
Надзвычай нэгатыўны вынік ліквідацыя „Радыё Свабода“ будзе мець для Беларусі.
Беларуская служба „Радыё Свабода“ была заснаваная ў пачатку 1950-х гадоў на заклік Рады БНР да ўраду ЗША і пры самым непасрэдным удзеле кіраўніцтва Рады. З таго часу Радыё Свабода несла беларусам ідэю вольнай і незалежнай ад Масквы Беларусі. У часы СССР, калі Беларусь была адгароджаная ад вольнага сьвету „жалезнай заслонай“ і існавала ў інфармацыйным вакуўме, менавіта з перадачаў „Радыё Свабода“ беларусы чулі праўдзівае слова па-беларуску.
„Радыё Свабода“ адыграла надзвычай важную ролю ў фармаваньні нацыянальнай сьвядомасьці тысяч і тысяч беларусаў, якія ўзьнялі сьцяг нацыянальнага змаганьня і ў жніўні 1991-га дамагліся аднаўленьня Незалежнасьці Беларусі.
З моманту прыходу ва ўладу стаўленьніка Масквы Лукашэнкі, які распачаў палітыку этнацыду беларусаў і абрынуў краіну ў масавыя рэпрэсіі, „Радыё Свабода“ было голасам абаронцаў Незалежнасьці, дэмакратычных каштоўнасьцяў і правоў чалавека. Рада БНР сьведчыць сваю салідарнасьць з журналістамі „Радыё Свабода“, яго беларускай службы і спадзяецца, што найстарэйшы сродак масавай інфармацыі на беларускай мове працягне працу».
Андрэй Хадановіч: «Удар па праве людзей на свабодную думку»
Спыненьне працы Свабоды можа стаць ударам па праве людзей на магчымасьць пачуць вольную думку. Такое меркаваньне выказвае паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч.
«Магчымае спыненьне працы Свабоды нясе за сабой некалькі непрыемных удараў. Удараў па свабодзе, па праве людзей на вольную думку і нашым спажывецкім праве чуць гэтую свабодную думку і атрымліваць аўтарытэтныя, годныя веры матэрыялы. Ніякія сацыяльны сеткі не заменяць глыбокую, адданую працу», — мяркуе паэт.
Андрэй Хадановіч зьвяртае ўвагу і на культурные праекты Радыё Свабода, якія зьбіраліся пасьля ў кнігі.
«Мне заўсёды падабаліся загалоўкі Свабоды, якія не хлусілі ва ўгоду клікабельнасьці, што рэдка сустрэнеш, у тым ліку і ў незалежных СМІ. Матэрыялы Свабоды, калі яны зьявіліся ў друкаваным выглядзе, мяне не раздражнялі вялікай колькасьцю памылак. Я спадзяюся, што зараз адказныя людзі падбаюць пра тое, каб не страціць найгалоўнейшага — архіваў. Кожнае такое выданьне архізапатрабаванае. Аднак, гэтую нішу не займае больш ніхто», — зважае паэт.
Андрэй Хадановіч працытаваў верш «Начная Свабода», напісаны 19 гадоў таму пра Радыё Свабода:
начную свабоду сустрэну ў далёкай вандроўцы
а потым вязу праз мяжу кантрабандны тавар
начная свабода ня ведае правілаў руху і нават кіроўцы
вялікіх зялёных машын яе помняць у твар
начное свабоды ня знойдзеш у краме і храме
а той хто надумаў шукаць – адмарозак і псіх
начное свабоды ў прагнозах і тэлепраграме
няма бо свабода – начное кіно не для ўсіх
начная свабода ня гульні ў лядовым палацы
начная свабода ляціць міма кортаў у аўт
начная свабода з табой замярзае ў палатцы
а ты не сагрэеш бо ты не найлепшы бойскаўт
агонь запальнічкі асьвеціць свабоду начную
захочаш сказаць ды запнешся губляючы ніць
яна пачастуе гарбатаю і цыгарэт прапануе
і я ўпершыню пашкадую што кінуў паліць
начная свабода сьпявае паскудзе й герою
і той хоць ня ведае словаў паўшэптам пяе
начная свабода прысьніцца аднойчы і кожнай парою
і кожнаю пораю году чакаеш яе
над змрочнаю зонай лунае пакуль безназоўнай
адно выпадковы самнамбула выгукне: «ваў!»
прыўкрасная жабка ці зробіцца ўрэшце князёўнай
зьдзяйсьняючы мары таго хто чакаў і трываў?
***
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 14 сакавіка падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне ў сямі фэдэральных агенцтвах, у тым ліку Агенцтве ЗША ў глябальных мэдыя (USAGM), якое адказвае за Радыё Свабода. Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, быў спынены. Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старэйшы дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.
Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў, што адмена пагадненьня аб граньце стане «велізарным падарункам ворагам Амэрыкі».
USAGM — незалежнае дзяржаўнае агенцтва ЗША, якое ажыцьцяўляе трансьляцыю навін і інфармацыйных праграмаў амаль на 50 мовах для аўдыторыі прыкладна 361 мільён чалавек кожны тыдзень.
Бюджэтны запыт USAGM на 2025 фінансавы год склаў 950 мільёнаў даляраў, што павінна пакрыць усе яго апэрацыйныя выдаткі і капітальныя ўкладаньні. У бюджэт уваходзяць мэдыяплятформы:
• Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL),
• Голас Амэрыкі,
• Радыё Свабодная Азія,
• Офіс радыётрансьляцыі на Кубу (Radio Martí),
• Блізкаўсходнія радыётрансьляцыйныя сеткі (MBN)
• Фонд адкрытых тэхналёгіяў.
На сёньняшні момант праца рэдакцый Голаса Амэрыкі і Radio Martí спыненая.
Форум