Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі выказалі падтрымку Радыё Свабода і Голасу Амэрыкі. З заявамі выступілі кіраўнікі МЗС Чэхіі і Літвы

абноўлена

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс у Брусэлі. 17 сакавіка 2024
Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс у Брусэлі. 17 сакавіка 2024

Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу на пасяджэньні ў Брусэлі 17 сакавіка абмяркоўваюць, акрамя вайны ва Ўкраіне і сытуацыі на Блізкім Усходзе, сытуацыю вакол Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Кіраўнікі МЗС Літвы і Чэхіі выказалі журналістам падтрымку.

Як паведамляе з Брусэлю карэспандэнт РСЭ/РС, прадстаўнікі Чэхіі на пасяджэньні ў Брусэлі распаўсюдзілі сярод калегаў праект заявы (яго мае рэдакцыя Радыё Свабода), у якой выказваецца сур’ёзная занепакоенасьць у сувязі з сытуацыяй вакол фінансаваньня РСЭ/РС.

У ім гаворыцца, што мэдыяарганізацыя, якая дзесяцігодзьдзямі падавала аб’ектыўную інфармацыю жыхарам краін за «жалезнай заслонай», «працягвае даваць дакладныя, незалежныя навіны дзясяткам мільёнаў людзей у рэгіёнах, дзе свабодная прэса адсутнічае або дзейнічае з абмежаваньнямі».

Адзначаецца, што РСЭ/РС сваёй дзейнасьцю ўмацоўвае эўрапейскую бясьпеку, а магчымае спыненьне яго працы «стала б падарункам для супернікаў Эўропы».

Аўдыя Паўла Піньня, прэс-сакратарка Эўрапейскай камісіі аб апошніх навінах адносна Радыё Свабода/Радыё Свабода і Голасу Амэрыкі заявіла:

«Мы пацьвердзілі, што разглядаем гэтыя сродкі масавай інфармацыі як маякі праўды, дэмакратыі і надзеі для мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце. І, вядома, у эпоху немадэраванага кантэнту і фальшывых навін журналістыка і свабода прэсы, якую вы ўсе прадстаўляеце, маюць вырашальнае значэньне для дэмакратыі, і гэтае рашэньне рызыкуе прынесьці карысьць нашым агульным праціўнікам. Што датычыцца любых далейшых пытаньняў, зьвязаных з гэтым, мы таксама разумеем, што гэта зьбіраліся ўзьняць на Радзе па замежных справах Эўразьвязу».

Чэскі міністар замежных справаў Ян Ліпаўскі перад пачаткам пасяджэньня заявіў, што Чэхія вельмі ганарыцца тым, што сядзіба Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода знаходзіцца ў Празе на працягу 30 гадоў:

«Я хачу паставіць палітычнае пытаньне: ці бачым мы каштоўнасьць у такой арганізацыі, у трансьляцыі на такія краіны, як Расея, Беларусь, Іран і многія іншыя? І калі мы бачым такую каштоўнасьць, то што мы гатовыя зрабіць, каб захаваць такую працу... Гэта вельмі шырокае пытаньне. Мы ня ведаем, якім будзе разьвіцьцё падзеяў з боку ЗША, мы таксама павінны мець ясныя чаканьні, але пачаць з палітычнай гатоўнасьці нешта зрабіць».

Кая Калас, вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі:

Кая Калас, вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі пасьля нарады міністраў у Брусэлі заявіла:

«Пытаньне „Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода“ было ўзьнятае зь іншага боку „жалезнай заслоны“. Менавіта праз радыё мы атрымлівалі шмат інфармацыі аб тым, што насамрэч адбываецца. Гэта быў маяк дэмакратыі і ён быў вельмі каштоўны. Сумна чуць, што ЗША спыняюць сваё фінансаваньне. Цяпер пытаньне для нас палягае ў тым, ці можам мы прыйсьці з нашым фінансаваньнем, каб запоўніць пустэчу, якую пакідаюць ЗША. Адказ на гэтае пытаньне палягае ў тым, што не аўтаматычна, таму што ў нас ёсьць шмат арганізацый, якія зьвяртаюцца да нас з такой жа просьбай. Але сапраўды быў штуршок з боку міністраў замежных спраў абмеркаваць гэта і знайсьці шлях. Такім чынам, гэта задача для нашага боку, каб убачыць, што мы можам зрабіць».

Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі пасьля паседжаньня: «Міністар Ліпаўскі нават прапанаваў купіць абедзьве мэдыякампаніі»

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрвію «Радыё Свабода» пасьля пасяджэньня Рады ЭЗ па замежных справах у Бруселі сказаў:

«Ведаеце, калі я быў падлеткам, мой бацька слухаў па старым радыё „Радыё Свабода“, „Голас Амэрыкі“, „Радыё Свабодная Эўропа“. Так мы даведваліся асноўныя факты аб нашых уласных краінах, таму што камуністычная прапаганда знаходзілася пад жорсткім кантролем. І гэтыя інстытуты працягваюць выконваць падобную працу для аўтакратый сёньня. Так, у Польшчы мы спрабуем палепшыць нашае вяшчаньне на недэмакратычныя краіны. Напрыклад, літаральна ў гэтым месяцы TVP World пачынае новую формулу вяшчаньня на Расею, Беларусь. Дык вось, гэта праца Бога, і мы хацелі б паглядзець, што можна зрабіць, каб дапамагчы. Гэтае пытаньне ўзьняў наш чэскі калега, дзе зараз базуецца „Радыё Свабода“. Мы паглядзім, што можна зрабіць. Так што адным са шляхоў было б, і я казаў пра гэта, было б павелічэньне бюджэту Эўрапейскага фонду за дэмакратыю. Але міністар Ліпаўскі нават казаў аб куплі дзьвюх кампаній. Мы знаходзімся на этапе мазгавога штурму, але відавочна, што гэта дастойныя ўстановы, чыя місія павінна працягвацца».

Кіраўнік МЗС Літвы: Радыё Свабода і Голас Амэрыкі дапамаглі нам аднавіць незалежнасьць

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс пракамэнтаваў інфармацыю пра скарачэньні ў Агенцтве глябальных мэдыя ЗША, якое адказвае за Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа.

17 сакавіка перад пачаткам пасяджэньня Эўрапейскай рады міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс у інтэрвію журналістам выказаўся пра сытуацыю, якая склалася зь фінасаваньнем Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) і Голасу Амэрыкі:

«Радыё Свабода, Голас Амэрыкі адыгралі вырашальную ролю ў літоўскіх намаганьнях аднавіць незалежнасьць. Мы сапраўды ім спачуваем, мы бачым, як цяпер гэтыя інструмэнты дапамагаюць тым, хто знаходзіцца пад ціскам рэжымаў і змагаецца за свабоду».

Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу пасяджэньні Эўрапейскай рады ў Брусэлі абмяркоўваюць таксама тэрміновую вайсковую падтрымку і гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, санкцыі супраць Расеі і забесьпячэньне адказнасьці агрэсара.

Перад пачаткам сустрэчы кіраўнік літоўскай дыпляматыі Будрыс заявіў журналістам, што цяпер стратэгічны момант, прынятыя сёньня рашэньні вызначаць заўтрашнюю сытуацыю зь бясьпекай.

Міністар заявіў, што на Ўкраіну ціснуць, каб яна пайшла на саступкі, а Пуцін толькі ўзмацняе патрабаваньні, якія «выдаюць ягоныя сапраўдныя намеры».

«У імпэрыялістычным пляне Пуціна няма месца для міру. Дзеяньні Крамля гавораць больш за словы», — сказаў Будрыс.

Міжнародная рэакцыя

Флутура Кусары, дарадца ў юрыдычных пытаньнях Эўрапейскага цэнтру прэсы і свабоды СМІ наступным чынам пракамэнтавала сытуацыю вакол Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода:

«Радыё Свабодная Эўропа зьяўляецца прыкладам адказнай журналістыкі ў Косава. На працягу многіх гадоў яно інфармавала грамадзкасьць з дапамогай добра праверанай і грамадзка значнай інфармацыі... У той час, калі дэзінфармацыя расьце ва ўсім сьвеце, існаваньне РСЭ/РС і працяг яго працы маюць важнае значэньне для дакладнай грамадзкай інфармацыі. Асабіста я дзякую РСЭ/РС за яго пастаяннае асьвятленьне пытаньняў, зьвязаных з правамі чалавека, асабліва тых, якія датычацца свабоды слова і СМІ».

Асацыяцыі замежных карэспандэнтаў з Брусэлю (API-IPA) выступіла з наступнай заявай:

«Асацыяцыя замежных карэспандэнтаў з Брусэлю (API-IPA) цалкам салідарная з журналістамі і супрацоўнікамі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС) у гэты цяжкі пэрыяд. Многія зь яго адданых супрацоўнікаў працавалі тут, у Брусэлі. Нядаўняе рашэньне спыніць фінансаваньне РСЭ/РС у рамках больш маштабных скарачэньняў Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя (USAGM) уяўляе сабой сур’ёзны адкат назад для незалежнай журналістыкі і прынцыпаў свабоды прэсы. „Барацьба з дэзінфармацыяй і аспрэчваньне аўтарытарных наратываў была асноўнай місіяй РСЭ/РС на працягу больш за 75 гадоў. Іх неадцэнзураваныя навіны дасягнулі мільёнаў людзей у закрытых грамадзтвах. Доступ да дакладных, бесстароньніх і заснаваных на фактах рэпартажаў застаецца гэтак жа востра неабходным у такіх зачыненых краінах, як і ў саміх Злучаных Штатах“, — сказаў Дафід Яго, прэзыдэнт API-IPA».

Міжнародная журналісцкая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» выступіла з наступнай заявай, якую падпісаў генэральны дырэктар Цібо Брутэн:

«Рэпартэры безь межаў» (RSF) выказваюць глыбокую занепакоенасьць у сувязі з рашэньнем адміністрацыі Трампа — крокам, які пагражае свабодзе прэсы ва ўсім сьвеце і зводзіць на нішто 80-гадовую гісторыю Амэрыкі ў падтрымцы свабоднага патоку інфармацыі. RSF заклікае ўрад ЗША паважаць аўтаномію «Голасу Амэрыкі» як незалежнай інфармацыйнай арганізацыі і адмяніць сваё рашэньне. Акрамя таго, RSF заклікае Кангрэс і міжнародныя зацікаўленыя бакі мабілізавацца супраць гэтага лёсавызначальнага кроку...»

Генэральны дырэктар Камітэту абароны журналістаў (CPJ) Джодзі Гінсбэрг выступіла з наступнай завай:

«Гэта задушэньне незалежных СМІ ўжо стварае сур’ёзную небясьпеку жыцьцю журналістаў, якія якія часта вытрымлівалі велізарныя выпрабаваньні, каб данесьці навіны да мільёнаў людзей, якія жывуць у краінах, дзе пануе цэнзура... Гэта сапраўды антыўтопія, што адміністрацыя ЗША цяпер стварае пагрозу існаваньню гэтых гістарычных арганізацый. Мы выказваем сваю салідарнасьць з журналістамі, адпраўленымі ў адміністрацыйны адпачынак, і заклікаем лідэраў Кангрэсу аднавіць USAGM, пакуль ня будзе нанесены непапраўны ўрон».

Заява Чэскага камітэту Міжнароднага інстытуту прэсы:

«Чэскі камітэт Міжнароднага інстытуту прэсы выказвае занепакоенасьць рашэньнем адміністрацыі ЗША аб абмежаваньні фінансаваньня радыёстанцыі Radio Free Europe/Radio Liberty (RFE/RL), гэтаксама як і адносна крокаў, якія прывядуць да абмежаваньня працы „Голасу Амэрыкі“. Чэхія добра ведае са сваёй гісторыі, наколькі важная свабодная і нескажоная інфармацыя. Менавіта Радыё Свабодная Эўропа разам з „Голасам Амэрыкі“ даносілі навіны ў колішнюю Чэхаславаччыну, абцяжараную таталітарнай камуністычнай цэнзурай. Дзякуючы гэтай перадачы многія з нас змаглі мець хаця б кароткі кантакт з вольным сьветам і інфармацыяй, якая не ўтрымлівала хлусьні і бессэнсоўнага балясту афіцыйных СМІ таго часу... Улічваючы важнасьць вяшчаньня Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) і чэскі гістарычны досьвед, мы заклікаем палітыкаў з урадавай кааліцыі і парлямэнцкай апазыцыі разам прыняць меры, каб дапамагчы пераадолець патэнцыйны дэфіцыт фінансаваньня для RFE/RL. Разам з тым мы просім палітыкаў ініцыяваць перамовы на эўрапейскай арэне з мэтай забесьпячэньня доўгатэрміновага і стабільнага функцыянаваньня Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Сорак гадоў таму свабодны сьвет дапамагаў нам, цяпер надышоў час браць адказнасьць на сябе і дапамагаць іншым».

Пазыцыя кіраўніцы Рады дырэктараў РСЭ/РС

Ліза Кэртыс, старшыня Рады дырэктараў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС), якое атрымала ліст ад Кэры Лэйк з Агенцтва глябальных мэдыя ЗША, дзе заяўлена аб скасаваньні фінансаваньня РСЭ/РС, вылучанага Кангрэсам, выказала сваю прыватную пазыцыю:

«Наша каманда юрыстаў, якія працуюць бязвыплатна, гатовая зрабіць усе неабходныя крокі, каб РСЭ/РС працягвала выконваць сваю місію, ухваленую Кангрэсам.

Адмаўленьне Агенцтва глябальных мэдыя ЗША ў вылучэньні сродкаў для РСЭ/РС незаконнае з чатырох прычын:

  • 1. Яно парушае статут, якім кіруецца РСЭ/РС.
  • 2. Яно парушае законы аб асыгнаваньнях Кангрэсу.
  • 3. Яно парушае Канстытуцыю ЗША. Нельга ігнараваць Палажэньне аб асыгнаваньнях і Палажэньне аб захаваньні Канстытуцыі, а таксама Закон аб кантролі за бюджэтнымі выдаткамі. Судзьдзя Кавана згодны і сказаў гэта ў сваім рашэньні наконт акругі Эйкен у 2013 годзе.
  • 4. Нарэшце, само спыненьне гранту ёсьць незаконным».

Указ Дональда Трампа

Увечары 14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньні ў сямі фэдэральных агенцтвах, у тым ліку Агенцтве глябальных мэдыя ЗША (USAGM), якое адказвае за Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL) і іншыя амэрыканскія мэдыярэсурсы для замежжа.

Указ таксама закранае агенцтвы, якія займаюцца пытаньнямі бяздомнасьці, працоўных спрэчак, разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў.

«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы або функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаворыцца ў паведамленьні Белага дому.

Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу мэдыя распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, быў спынены.

Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як «старэйшы дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара».

Лэйк была вылучана на пасаду кіраўніка Голасу Амэрыкі Трампам, але яе кандыдатуру яшчэ павінна ўхваліць Кансультацыйная рада міжнароднага вяшчаньня (незалежны фэдэральны орган).

Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў, што скасаваньне пагадненьня аб гранце стане «велізарным падарункам ворагам Амэрыкі».

«Іранскія аятолы, кітайскія камуністычныя лідэры і аўтакраты ў Маскве і Менску будуць сьвяткаваць спыненьне існаваньня RFE/RL пасьля 75 гадоў. Перамога нашых супернікаў зробіць іх мацнейшымі, а Амэрыку слабейшай», — сказаў ён.

«Мы карысталіся моцнай двухпартыйнай падтрымкай на працягу ўсёй слаўнай гісторыі RFE/RL. Бяз нас амаль 50 мільёнаў чалавек у закрытых грамадзтвах, якія кожны тыдзень залежаць ад нас у атрыманьні дакладных навін і інфармацыі, ня будуць мець доступу да праўды аб Амэрыцы і сьвеце», — дадаў Капус.

USAGM — незалежнае дзяржаўнае агенцтва ЗША, якое ажыцьцяўляе трансьляцыю навін і інфармацыйных праграмаў амаль на 50 мовах для аўдыторыі прыкладна 361 мільён чалавек кожны тыдзень.

Бюджэтны запыт USAGM на 2025 фінансавы год склаў 950 мільёнаў даляраў, што павінна пакрыць усе яго апэрацыйныя выдаткі і капітальныя ўкладаньні. У бюджэт уваходзяць мэдыяплятформы:

  • Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL),
  • Голас Амэрыкі,
  • Радыё Свабодная Азія,
  • Офіс радыётрансьляцыі на Кубу (Radio Martí),
  • Блізкаўсходнія радыётрансьляцыйныя сеткі (MBN)
  • Фонд адкрытых тэхналёгіяў.

Рэакцыя Камітэту абароны журналістаў

«Абуральна, што Белы дом спрабуе зьнішчыць фінансаванае Кангрэсам агенцтва падтрымкі незалежнай журналістыкі, якая кідае выклік наратывам аўтарытарных рэжымаў па ўсім сьвеце», — заявіў Карляс Мартынэс дэ ля Сэрна, дырэктар праграмаў Камітэту абароны журналістаў, у заяве 15 сакавіка.

«Мы заклікаем лідэраў Кангрэсу абараніць гэтае найважнейшае агенцтва, якое падае неадцэнзураваныя навіны ў краінах, дзе прэса абмежавана».

Падчас першага тэрміну прэзыдэнцтва Трамп, які ад моманту вяртаньня ў Белы дом у студзені прыняў шэраг захадаў для скарачэньня дзяржаўных выдаткаў, канфліктаваў з USAGM наконт рэдакцыйнай незалежнасьці і скіраванасьці праграмаў.

Пасьля вяртаньня да ўлады ён зноў выказаў падобныя засьцярогі. Сябры USAGM лічаць, што гэты мэдыярэсурсы ёсьць важным інструмэнтам дыпляматыі ЗША.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG