Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: у Беларусі паводле «тэрарыстычных артыкулаў» КК асудзілі 133 чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі выкарыстоўваюць абвінавачаньні па «тэрарыстычных артыкулах» Крымінальнага кодэксу супраць іншадумцаў, актывістаў і тых, хто падтрымлівае Ўкраіну, заявілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна».

Паводле аглядуправаабаронцаў «Абмежаваньне свабоды выказваньня меркаваньняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам», па гэтых артыкулаў ужо асудзілі мінімум 133 чалавекі, у тым ліку замежнікаў і пэнсіянэраў. Праваабаронцы заўважаюць, што беларуская інтэрпрэтацыя «тэрарызму» адрозьніваецца ад міжнароднай практыкі.

  • Самы распаўсюджаны артыкул для палітычнага перасьледу нібыта «тэрарыстаў» — артыкул 289 Крымінальнага кодэксу («акт тэрарызму»), максымальнае пакараньне па якім — сьмяротная кара. Паводле гэтага артыкулу ў Беларусі асудзілі 71 чалавека. Зь іх 26 — за падтрымку Ўкраіны ў вайне з расейскай агрэсіяй, 9 — завочна, 8— па «справе дывэрсіі ў Мачулішчах», 8 — замежныя грамадзяне.
  • Паводле артыкулу 290-4 КК («стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй) асудзілі мінімум 21 чалавека. Гэта «рэйкавыя партызаны», фігуранты «справы фармаваньня «Буслы ляцяць», «справы за атаку дронам базы АМАП». Паводле гэтага артыкула, у тым ліку судзілі і Яну Пінчук, якую экстрадавалі з Расеі.
  • За «арганізацыю дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у такой арганізацыі» (артыкул 290-5 КК) асудзілі шэсьць чалавек. Сярод іх — фанат з Магілёва Сяргей Ціханаў, жыхар Петрыкава Іван Сухамераў, жыхар Сьветлагорска Максім Драбніца.
  • Паводле артыкулу 359 КК (акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага ці грамадзкага дзеяча) у Беларусі асудзілі 11 чалавек — гэта фігуранты «справы Гайдукевіча», справы фармаваньня «Буслы ляцяць». Так кваліфікавалі іх дзеяньні па «замаху» на прапагандыста Рыгора Азаронка, спробу «падпалу» дома Алега Гайдукевіча, пашкоджаньне аўтамабіля судзі Барысаўскага раёна і шынаў аўтамабіля карэспандэнта дзяржаўнага СМІ; кіданьне камянёў у вокны кватэры менскага пракурора і праўладнай актывісткі.
  • За «пагрозу зьдзяйсьненьня акта тэрарызму» (артыкул 290 КК) у Беларусі асудзілі шэсьць чалавек. Сярод іх — грамадзкі актывіст Мікалай Аўтуховіч, былы вайсковец Павал Кучынскі.
  • Паводле артыкулу 126 КК («акт міжнароднага тэрарызму») у Беларусі асудзілі грамадзяніна Расеі Аляксея Кулікова.


Юрысты «Вясны» зьвяртаюць увагу на тое, што згодна з глябальным індэксамтэрарызму (GTI) Беларусь займае 90 пазыцыю ў сьпісе краін. Згодна са справаздачамі GTI, у Беларусі не зарэгістравана ніводнага акта тэрарызму ў пэрыяд з 2013 па 2023 год. У 2024 годзе індэкс тэрарызму склаў 0,23 з 10.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG