Пра тое, што Мікалая Аўтуховіча чарговы раз пакаралі карцарам, абазнаная ў справах палітвязьня крыніца робіць выснову зь ягонага апошняга ліста.
«З санаторыю я ўжо прыехаў, усё нармальна. Беражыце сваё здароўе, не хвалюйцеся за мяне. Духоўна я гатовы да любых выпрабаваньняў, я з усім спраўлюся. Гэта мой шлях, дадзены мне Богам, і я яго прайду», — напісаў Мікалай Аўтуховіч і павіншаваў сваякоў з Новым годам і Калядамі.
Ліст ад Мікалая быў напісаны 22 сьнежня, а прыйшоў нядаўна. Гэта не ўпершыню, калі пра ШЫЗА Аўтуховіч паведамляе з дапамогай слова «санаторый».
Крыніца адзначае, што пры гэтым Мікалай Аўтуховіч ня скардзіцца, а знаходзіць у сабе сілы падбадзёрыць іншых.
«Перадаць вам маю сілу духу магу толькі праз маральную падтрымку, што і спрабую зрабіць. Не сумуйце, усьміхніцеся!» — зьвяртаецца Мікалай Аўтуховіч да сваякоў.
Паводле крыніцы, у сьнежні сваякі паслалі палітвязьню мэдычную бандэроль, але да адрасата яна не дайшла і была вернутая. Нядаўна сваякі выслалі Аўтуховічу новую бандэроль зь лекамі. Па зьвестках ад палітвязьня, у яго ад хваробы суставаў пухнуць ногі, яму патрэбныя спэцыяльныя прэпараты.
Мікалая Аўтуховіча пэрыядычна зьмяшчаюць у ШЫЗА, а прычыны пакараньня застаюцца невядомымі. У лістападзе 2024 г. палітвязень паведамляў сваякам, што адбыў 21 дзень у ШЫЗА, дзе яму толькі зрэдку аказвалі мэдычную дапамогу. Паводле Аўтуховіча, у ягонай камэры было вельмі халодна, толькі пад канец тэрміну там адрамантавалі ацяпленьне.
Таксама палітвязень паведамляў, што ў яго адабралі таномэтар, хаця меўся дазвол на карыстаньне гэтым прыборам для вымярэньня ціску. Гэта пасьля той адседкі ў ШЫЗА Мікалай Аўтуховіч перадаў на волю, што «калі зь ім штосьці здарыцца, дык гэта было зроблена спэцыяльна».
- Былы прадпрымальнік з Ваўкавыску, вэтэран вайны ў Афганістане часоў СССР Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з «замахам на захоп дзяржаўнай улады» і «замахам на акт тэрарызму».
- Аўтуховіча затрымалі ў пачатку сьнежня 2020 году. У горадзенскай турме № 1 Мікалай Аўтуховіч ужо некалькі разоў трапляў у ШЫЗА.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязьнем.