Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьнялі з паказу аскараносны мультфільм «Плынь». Гэтага дамагаліся аўтары


Кадар з латыскага мультфільма «Straume» (Плынь, па-ангельску Flow)
Кадар з латыскага мультфільма «Straume» (Плынь, па-ангельску Flow)

Пасьля 2022 году многія эўрапейскія і амэрыканскія студыі не працуюць зь Беларусьсю. Тым ня менш прэм’еры трапляюць у беларускія кінатэатры. Так адбылося і з мультфільмам «Плынь», які заваяваў прэмію «Оскар». Расказваем, ці можна гэта спыніць.

У Менску адразу у некалькіх кінатэатрах паказалі анімацыйную стужку «Плынь», якая сёлета заваявала «Оскара», а таксама выйграла «Залаты глёбус». Мультфільм латыскага рэжысэра Гінтса Зілбаладыса — гэта гісторыя ката, які апынуўся ў эпіцэнтры патопу і вымушаны змагацца за жыцьцё разам зь іншымі жывёламі: капібарай, чапляй, лемурам і сабакамі. У творы няма словаў, але ёсьць адмыслова зроблены пад кожную жывёліну гукавы рад.

Апошнія дні стужку паказвалі толькі у адным менскім кінатэатры — Skyline Cinema, які месьціцца ў гандлёвым цэнтры Galileo. Напрыклад, у пятніцу 14 сакавіка мусілі прайсьці 4 паказы стужкі, у іншыя дні было заплянавана па тры паказы на дзень. Квіткі каштавалі ад 14 рублёў. Згодна з афішай мультфільм мусілі дэманстраваць да 19 сакавіка, але 17 сакавіка ён зьнік з сайта кінатэатра.

Наведнікам патлумачылі, што "магчыма, стужка яшчэ вернецца на экраны праз некалькі дзён, але пэўнасьці ў гэтым няма". Прычыны не агучылі. Такой інфармацыяй са Свабодай падзяліўся чалавек, які зьбіраўся ісьці ў кіно на гэты мульфільм бліжэйшым часам.

Стваральнікі стужкі пры гэтым выказваліся супраць дэманстрацыі свайго твору ў Расеі і Беларусі, бо гэта робіцца нелегальна.

Дыстрыбутарская кампанія Charades у афіцыйнай заяве на імя рэжысэра фільму Гінтса Зілбаладысу сказала, што ніколі не прадавала, не падпісвала і не давала згоды на камэрцыйнае распаўсюджваньне або паказ фільму на фэстывалях у Беларусі і Расеі. У Charades патлумачылі, што адмова ад супрацы зь якім-хаця арганізацыямі ў Расеі і Беларусі была ўзгоднена з рэжысэрам яшчэ да сусьветнай прэм’еры фільму ў праграме «Асаблівы погляд» Канскага кінафэстывалю летась.

Кадар з латыскага мультфільма «Straume» (Плынь, па-ангельску Flow)
Кадар з латыскага мультфільма «Straume» (Плынь, па-ангельску Flow)

Як фільмы кшталту «Плыні» трапляюць у Беларусь

Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну многія сусьветныя студыі спынілі супрацу з Расеяй і Беларусьсю. Праз гэта беларускія кінатэатры часова засталіся без сусьветных навінак. Аднак у 2023 годзе ўлады Беларусі прынялі закон «Аб абмежаваньні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці». Фактычна дакумэнт дазволіў паралельны імпарт фільмаў, кампутарных праграмаў, музыкі бяз згоды праваўласьнікаў зь «недружалюбных краін».

Свабода на ўмовах ананімнасьці паразмаўляла з чалавекам, які працуе ў сфэры кіно. Паводле яго, у Беларусь і Расею нелегальныя копіі фільмаў могуць трапляць праз трэція краіны.

«Ёсьць цэлыя студыі, якія пераагучваюць кінастужкі, яны робяць сваю агучку на копіі. Якасьць атрымліваецца горшая, а пасьля у кінатэатрах паказваюць гэтую копію з сваім гукам. У пляне пірацкіх фільмаў што ў Беларусі, што ў Расеі поўная зона беззаконьня», — расказаў суразмоўца.

З фільмам «Плынь» усё прасьцей, там няма размоваў паміж людзьмі, толькі гукі жывёл, таму і на нейкую мову фільм перакладаць няма патрэбы. Апроч гэтай кінастужкі, у беларускіх кінатэатрах зараз паказваюць мультфільмы «Зьвераполіс» вытворчасьці Канады і Вялікай Брытаніі, «Муфаса: Кароль Леў» вытворчасьці ЗША, фільмы «Капітан Амэрыка: Новы сьвет» вытворчасьці ЗША, «Дробязі жыцьця» сумеснай вытворчасьці Ірляндыі, Бэльгіі і ЗША.

Паводле словаў кінакрытыка Тараса Тарналіцкага, некаторыя заходнія фільмы ўсё ж трапляюць у Беларусь легальна.

«Як правіла, гэта пірацтва, але ёсьць студыі, якія надалей працуюць, якія не пакідалі рынку Беларусі і Расеі. Напрыклад, амэрыканская студыя „А24“, пэўныя эўрапейскія дыстрыбутары. Напырклад, фільм „Анора“ быў цалкам афіцыйна паказаны ў Расеі», — кажа Тарас Тарналіцкі.

Калі фільм выходзіць у шырокі паказ, робяць шмат копіяў такой стужкі. Мэнэджары падчас паказу працуюць, сярод іншых, і з постсавецкімі краінамі. Адтуль стужкі і трапляюць нелегальна ў Беларусь і Расею, гаворыць Тарас Тарналіцкі.

«Калі гэтае пірацтва пачалося ўвосень 2022 году, тады копіі стужак ішлі з Казахстану і з Грузіі. Там іх аблічбоўвалі, капіявалі і перапрадавалі ў Беларусь і Расею», — дадае Тарас Тарналіцкі.

Ці можна спыніць нелегальныя паказы ў Беларусі

На думку Тараса Тарналіцкага, перашкодзіць нелегальным паказам фільмаў у Беларусі амаль немагчыма, хоць некаторыя студыі спрабавалі.

«Афіцыйна мэйджары не рэагуюць на тое, што адбываецца на постсавецкай прасторы. Яны могуць запатрабаваць больш пільна сачыць, каб копіі стужак нікуды не траплялі. У 2023 годзе былі нават перабоі ў паказах пірацкіх фільмаў. Аднак зараз гэтыя копіі зьяўляюцца. Магчыма, знайшлі нейкі іншы шлях для такіх копіяў», — гаворыць кінакрытык.

Іншы чыньнік, на які зьвяртае ўвагу суразмоўца, — узаконеньне такога «пірацтва» ў Беларусі ў 2023 годзе.

«Беларусь не знаходзіцца ў праўным полі ЭЗ, незразумела, на каго стваральнікам падаваць у той жа суд. Можна спрабаваць пісаць лісты кінатэатрам, бо яны адказныя за тое, што паказваюць. Гэта можа мець іміджавыя наступствы, бо некалі ж адносіны нармалізуюцца, а ранейшыя дзеяньні могуць нэгатыўна паўплываць на гэтыя кінатэатры ў будучыні», — заўважае Тарналіцкі.

Што за кінатэатры паказвалі «Плынь» бяз згоды аўтараў

Латвійскі мультфільм «Плынь» апошнім часам у Беларусі паказвала толькі прыватная кампанія Skyline Cinema, якая мае адзін кінатэатар у менскім гандлёвым цэнтры Galileo і адзін у Рэчыцы. «Плынь» ішла толькі ў Менску. Юрыдычная назва «Белсінема», раней кампанія называлася «Эўракіно». Працуе на беларускім рынку параўнальна нядаўна, з 2020 году. Згодна з інфармацыяй аб’яднаньня былых сілавікоў «Belpol», у складзе стваральнікаў і кіраўнікоў кампаніі былі ўраджэнцы Латвіі. У латыскім Даўгаўпілсе з 2022 году агучваюць пляны адкрыць кінатэатар з такой жа назвай, як у Беларусі.

Раней гэты мультфільм у Беларусі паказвалі ў кінатэатры «Центральны» і Falcone.

Паводле зьвестак за 2021 год, калі ў Беларусь легальна траплялі заходнія стужкі, яны былі самымі касавымі. Напрыклад, у 2021 годзе гэта былі фільмы, заснаваныя на коміксах Marvel.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG